Даслаць навіну
Знайсці
12.06.2018 / 17:18 14

Дзяўчаты з мінскіх барбершопаў расказалі пра свае праблемы і жаданні

Зусім нядаўна публіцыст Максім Гаруноў, які жыве ў Маскве, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Мінска. Адным з іх былі пазітыўныя эмоцыі ад сустрэчы з дзяўчатамі-барберамі ў сталічных салонах.

«За тры гады ў Маскве маёй барады ні разу не кранула рука жанчыны. Чаму? …Мужчына-цырульнік — гэта такое далёкае рэха ваеннага побыту: быццам брат па-братэрску дапамагае брату прывесці сябе ў парадак перад агульнай малітвай. Ці перад бітвай. Што такое барада ад майстра жанчыны? Ніякай вайны. Яна проста каб падабацца. …У Беларусі іншае чытанне валасоў на твары мужчыны. Калі коратка, то вось яна — Еўропа», — напісаў у сваім фэйсбуку Максім.

Былі часы, калі барбершопы лічыліся выключна мужчынскай тэрыторыяй, казалі што гэта «месца адпачынку ад жанчын і іх плётак» з алкаголем і сваёй атмасферай. Але панаванне такога падыходу сыходзіць. Сёння ў барбершопах з’яўляецца ўсё больш цырульнікаў-дзяўчат, а ў некаторых месцах яны ўвогуле адзіныя спецыялісты.

Мы паразмаўлялі з трыма дзяўчатамі-барберамі пра выбар гэтай прафесіі, стаўленне да іх кліентаў і будучыню салонаў для мужчын.

Марына Пашкова

Павялічыць выяву

Стрыжэ людзей з 16 год. Пайшла ў цырульнікі, бо «хацелася творчай прафесіі».

— Доўгі час я працавала камбінаваным майстрам. Да таго моманту, пакуль не трапіла на сённяшняе месца. Менавіта тут я пачала займацца выключна мужчынскімі стрыжкамі.

Праўда, першапачаткова па гэтым адрасе працаваў салон Smoke and mirrors, галоўнай канцэпцыяй якога было тое, што там будуць стрыгчы выключна дзяўчаты. А побач стануць разліваць напоі ў аднайменным віскі-бары. На жаль, канцэпцыя правалілася: знайсці добрых майстроў-дзяўчат аказалася складанай задачай. Узамен Smoke and mirrors запрацаваў другі па ліку барбершоп Cut, дзе дзяўчаты стрыгуць нароўні з хлопцамі.

Хтосьці думае, што стрыгчы мужчын прасцей, але насамрэч з імі ты цэлы дзень на нагах (асабліва калі святы і за дзень абслугоўваеш да 15 кліентаў). Гэта няпроста фізічна. Жанчынам жа зрабіў афарбоўванне ці масачку — і можаш гуляць, адпачываць, пакуль сродкі ўздзейнічаюць на валасы.

Павялічыць выяву

Я не аматарка размаўляць падчас працы, але калі маю справу з пастаянным кліентам, з якім мы добра знаёмыя, магу абмеркаваць футбол, нешта з апошніх матчаў. Я люблю футбол і некалі нават ім займалася. Заўзею за «Барселону», хоць нехта скажа, што гэта папсова. Але ў нас з гэтай камандай даўняя любоў.

Адзіная праблема ад працы ў мужчынскім асяроддзі — вялікая колькасць запрашэнняў на спатканні. Праўда, за гады я ўжо навучылася прыгожа адмаўляць назойлівым кавалерам і правільна рэагаваць на флірт, з гумарам.

Нярэдка да нас прыходзяць мужчыны з запушчанымі бародамі: сярод іх ёсць тыя, каму банальна лянота брыцца. Натуральна, у бародах мы знаходзім і крошкі, і галушкі ад шалікаў зімой, але стараемся ціхенька даставаць гэта расчоскай, не рэагаваць, каб не сароміць кліента.

(Дарэчы, адміністратар барбершопа расказаў нам яшчэ пра адзін від кліентаў: аказваецца, нават сярод маладых людзей сустракаюцца тыя, хто пасля стрыжкі просіць завярнуць валасы з сабой, бо баіцца сурокаў).

Павялічыць выяву

Сёння барбершопы ў Мінску адкрываюцца гэтак жа актыўна, як кропкі з шаўрмой. Гэта адзін з тых бізнэсаў, якія вельмі хутка развіваюцца. І я не думаю, што мода на бародкі ў бліжэйшы час знікне. Яна хоць і цыклічная, але да Беларусі новыя тэндэнцыі даходзяць вельмі павольна. Можа, формы барады стануць больш натуральнымі. Раней вось нас усе прасілі рабіць больш выразныя лініі на шчоках і шыі, а сёння кліенты схіляюцца да плаўных контураў. Каб было незаўважна, што з барадой толькі што актыўна папрацавалі.

Дар’я Артамонава

Павялічыць выяву

Працуе майстрам-барберам два гады. Скончыла курсы на чацвёрты разрад цырульніка. Вымуштравацца па мужчынскіх стрыжках дапамог хлопец-барбер.

— Два гады таму, калі я ўпершыню спрабавала ўладкавацца барберам, працу знайсці было складана. Многія салоны адмаўлялі менавіта таму, што я — дзяўчынка, а ім патрэбныя выключна майстры-мужчыны. Паспрабаваць сябе ў новым амплуа мне дазволілі толькі ў адным месцы на ўвесь Мінск.

Так, першапачаткова ўсе барбершопы пазіцыянавалі сябе мужчынскімі тэрыторыямі. Але нават калі ў іншых краінах ўжо ўкаранілася тэндэнцыя змешвання разнаполых майстроў, у Беларусі ўсё яшчэ варыліся ў даўніх традыцыях.

Праўда, ёсць такія месцы, дзе гэта гендарная гульня працягвае быць фішкай. Напрыклад, у барбершоп Schorem, што ў Ротэрдаме, уваход для дзяўчат забаронены. Тое ж самае з партугальскім салонам Figaro's Barbershop Rosemary. Мяне туды не пусцілі ўнутр, хоць я тлумачыла, што турыстка і мару зрабіць хаця б адзін фотаздымак знутры. Параілі сфоткацца за парогам на фоне будынка. Гэта іх стыль, такая олдскульная палітыка. У гэтым заключаныя правілы гульні. Парушыць якія — здрадзіць сабе.

Павялічыць выяву

Я ўсё жыццё сябравала з хлопцамі, таму гэтае асяроддзе і нібыта «мужчынская» праца для мяне вельмі камфортныя. У нас ёсць кліенты, якія падчас запісу патрабуюць сабе майстра-мужчыну. Нібыта мы нічога не ўмеем. Гэта іх выбар. Для такіх людзей у нас існуюць тры барберы-хлопцы.

Бывае, што кліенты чапляюцца, кветкі прыносяць. Але супернастойлівых няма. Калі кажаш «не», то яны ўсё разумеюць амаль адразу.

Павялічыць выяву

Што я не магу цярпець, дык гэта калі партнёркі кліентаў кантралююць працоўны працэс і ўказваюць, дзе і як нам трэба пастрыгчы. Адна справа, калі гэта маці з сынам, і зусім іншая — калі перад табой дарослы мужык. Стаўленне да такіх адразу адпаведнае.

Настасся Сарокіна

Павялічыць выяву

Працуе па спецыяльнасці 8 год. Пасля першай жа практыкі ў каледжы зразумела, што хоча працаваць менавіта мужчынскім майстрам.

— Мне з мужчынамі прасцей маральна. Яны не такія прыдзірлівыя, як мы, у плане пытанняў прыгажосці. Не такія капрызныя. Гэта я па сабе і па сваім стаўленні да валасоў мяркую. Акрамя таго, я ніколі не любіла фарбаваць валасы. Тут жа максімум, што мы робім — гэта таніроўка ці зафарбоўка сівізны.

Спачатку было страшна працаваць з брытвай, усё ж інструмент небяспечны. Я нервавалася, дрыжэлі рукі. Але калегі дзяліліся досведам, я вучылася ў іх ды і сама па сабе праз нейкі час прызвычаілася да інструмента.

Павялічыць выяву

Для кагосьці больш звыкла бачыць у барбершопах майстроў- мужчын. Але па твары многіх кліентаў я бачыла, што яны ў захапленні, што іх будзе стрыгчы дзяўчына. Тым больш калі чалавек раней хадзіў у звычайную цырульню, рукі жанчыны для яго якраз больш звыклыя.

Я актыўная кіроўца (без аўто не ўяўляю свайго жыцця), таму люблю паразмаўляць з кліентамі пра машыны.

Лічу, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Тым, што ў яго найлепш атрымліваецца, дзе ён можа стаць прафесіяналам, а не дылетантам (на жаль, у нашай сферы нямала апошніх: барбершопаў адчыняецца ўсё больш і працаваць бяруць усіх). Рабі сваю справу якасна і тады няважна, хто ты і што, якога полу.

Павялічыць выяву

Кацярына Карпіцкая, фота Паўла Аксіновіча

0
хамса / адказаць
13.06.2018 / 10:53
Вадзім, наадварот жа.. можа я пра мужчын думаю лепш, чым яны ёсць)
1
123 / адказаць
13.06.2018 / 11:58
Мабыць "галiцца" а не "брыцца"
0
Веравойша / адказаць
16.06.2018 / 12:04
Жанчыне давяраць сваю шыю... Да ну
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30