Знайсці
12.06.2018 / 14:1820РусŁacБел

«Паказаць, хто ў Беларусі гаспадар»: эксперты расказалі, з кім звязваюць узломы твітара Рыжанкова і ФБ Следчага камітэта

За два дні адбыліся дзве кібератакі: у панядзелак нехта атрымаў кантроль над твітар-акаўнтам намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, у аўторак быў узламаны акаўнт Следчага камітэта ў фэйсбуку. 

Змест апублікаваных ад імя ўладальнікаў паведамленняў даволі спецыфічны: то «Качанава выбачаецца перад Расіяй», то Следчы камітэт нешта робіць «згодна з пажаданнямі расійскага боку».

«Нашай Ніва» спытала ў экспертаў у сферы кібербяспекі, хто б мог стаяць за гэтымі атакамі. 

Адзін з прызнаных спецыялістаў-практыкаў сказаў «Нашай Ніве», што гэта выгадна ахвотным «паказаць, хто ў Беларусі гаспадар». 

«Нашыя адпаведныя структуры псіхалагічна не гатовы да таго, што мы можам быць уцягнутыя ў існыя інфармацыйныя войны. І нават да тых выпадкаў, калі прыёмы інфармацыйнай вайны, скіраванай не на нас, могуць быць выкарыстаны супраць нас асобнымі яе ўдзельнікамі ў сваіх асабістых мэтах. Хаця, я падкрэслю, кампетэнтныя спецыялісты ў гэтай сферы ў нас ёсць. Чаму ўзламалі Рыжанкова і СК? Я б не выключаў, што ўзламаныя акаўнты КДБ і ўмоўнага Калтовіча, і заўтра нешта з'явіцца і там. Таксама патлумачу, чаму вяртанне кантролю за акаўнтам — гэта доўгі працэс, калі завалодванне адбылося праз узлом электроннай скрыні, сервер якой знаходзіцца за межамі краіны, то спачатку трэба аднавіць кантроль над поштай, што таксама патрабуе часу», — сказаў чалавек, папрасіўшы не называць сваё імя.

Ён нагадаў пра даклад ФБР, згодна з якім расійскія хакеры заразілі роўтары ў 50 краінах свету. 

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін наўпрост кажа, што за гэтымі ўзломамі стаяць расіяне. 

«Вядома, што Расія даўно вядзе супраць Беларусі інфармацыйную вайну рукамі другасных журналістаў. Робіцца гэта проста: на нейкім маргінальным рэсурсе з'яўляецца нейкая інфармацыя, пасля чаго яе перадрукоўваюць асноўныя СМІ. І гэтыя ўзломы — падзеі з таго ж шэрагу. Гэта ненавязлівае папярэджанне, што Масква нечым незадаволеная», — кажа Алесін.

«Акаўнты Рыжанкова і Следчага камітэта абралі таму, найхутчэй, бо яны былі кепска абароненыя. Рыжанкоў жа з 2016 года не карыстаўся ім. Але я тут бачу і станоўчы бок — будзе ўзмоцнены падыход да кіберабароны, магчыма, падымуцца бюджэты пад гэтую справу». 

Аналітык Арсень Сівіцкі таксама бачыць у справе расійскі след. 

«Варта згадаць не толькі ўзломы акаўнтаў, але і актывізацыю крамлёўскіх ботаў у сацсетках, якія пачалі масавую крытыку Беларусі. Гэта такая дэманстрацыя магчымасцей Расіі па ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі. Элементы інфармацыйнай вайны выкарыстоўваюцца, каб паказаць, што Беларусь цалкам дасягальная і ўразлівая для кібератак Крамля. А выбар акаўнтаў я б тлумачыў проста — гэта тыя акаўнты, якія змаглі ўзламаць», — сказаў Сівіцкі. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930