Знайсці
12.06.2018 / 10:5728РусŁacБел

Прэйгерман патрабуе ад «Белсата» выбачэнняў за неаб’ектыўнае асвятленне «Мінскага дыялогу»

Фота Сяргея Гудзіліна

Арганізатары форуму «Мінскі дыялог» патрабуюць ад кіраўніцтва тэлеканала «Белсат» афіцыйных выбачэнняў «за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемства». У адваротным выпадку пагражаюць «спыніць любую супрацу з тэлеканалам «Белсат», а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства». Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце за подпісам кіраўніка экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўгена Прэйгермана на імя кіраўніцы «Белсата» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Арганізатарам форуму з’яўляецца экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог».

«Па стане на 11 чэрвеня на тэлеканале выйшла больш за 10 матэрыялаў, якія асвятлялі працу форуму ці выкарыстоўвалі запісаныя на форуме інтэрв’ю з яго ўдзельнікамі. Прытым некаторыя з гэтых матэрыялаў не даюць спасылкі на форум. …Агулам пры азнаямленні з прысвечанымі форуму матэрыяламі «Белсат» цяжка не заўважыць тэндэнцыёзнасць рэдакцыйнай палітыкі», — гаворыцца ў лісце да Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

«Мы пакідаем спадзеў, што ўзгаданыя і іншыя матэрыялы адлюстроўваюць непрафесіяналізм і тэндэнцыёзнасць асобных журналістаў і рэдактараў «Белсат», але не пазіцыю кіраўніцтва тэлеканала. Таму мы звяртаемся да Вас з прапановай зрабіць афіцыйную заяву з прабачэннямі на адрас арганізатараў і партнёраў Форуму «Мінскага дыялогу» за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста.

Калі да 25 чэрвеня 2018 г. у эфіры і на сайце тэлеканала «Белсат» такая заява не будзе зроблена, мы будзем лічыць, што кіраўніцтва тэлеканала афіцыйна падпісваецца пад усімі словамі сваіх журналістаў.

У такім выпадку «Мінскі дыялог» са свайго боку будзе вымушаны цалкам спыніць любую супрацу з тэлеканалам «Белсат», а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства».

Гэты ліст быў адпраўлены на адрасы аднаго з супрацоўнікаў тэлеканала «Белсат» і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік Belsat TV у Беларусі, мяркуе, што арганізатары Форуму першапачаткова былі негатыўна настроеныя да журналістаў «Белсата»:

«Спадар Прэйгерман, відаць, вырашыў, што лепшая стратэгія абароны — гэта напад. Мы дагэтуль не атрымалі ад яго тлумачэнняў у сувязі з адмоваю ў акрэдытацыі журналістаў «Белсату» для працы на «Мінскім дыялогу». Кіраўнік Форуму сцвяржае, што напярэдадні мерапрыемства ён накіраваў каналу ліст, у якім дазволіў акрэдытаваць нашых журналістаў для працы на «Менскім дыялогу», а таксама кажа, што арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб нашыя калегі маглі паўнавартасна працаваць у гатэлі «Mariott».

Па-першае, ні я, прадстаўнік «Белсату» у Беларусі, ні хто-кольвек з дырэкцыі каналу, гэтага ліста не атрымлівалі. Па-другое, рашэнне пра акрэдытацыю нашых журналістаў на «Мінскі дыялог» было прынятае Яўгенам Прэйгерманам толькі пасля ўмяшання ў справу намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ды прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Да гэтага, за дзень да сканчэння працэдуры акрэдытацыі ў працы на форуме нам было адмоўлена без тлумачэння прычынаў. На мае шматлікія тэлефанаванні Яўген Прэйгерман не адказваў, іншыя прадстаўнікі дырэкцыі «Менскага дыялогу» дапамагчы ў развязанні праблемы не змаглі», — піша Мінчонак. 

«Спадарыня дырэктар прасіла перадаць, што адказ на свой ліст Яўген Прэйгерман атрымае ў акрэслены ім тэрмін. Дадам таксама, што з апісанымі закідамі да нашых журналістаў мы не згаджаемся», — кажа Мінчонак.

23—25 мая 2018 г. адбыўся першы Форум «Мінскага дыялогу», які сабраў у беларускай сталіцы каля 500 удзельнікаў з 59 краін. Сярод іх — прадстаўнікі аналітычных цэнтраў і акадэмічных устаноў з краін ЕС, Расіі, ЗША, краін «Усходняга партнёрства», Кітая ды іншых краін.

baj.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера