Знайсці
11.06.2018 / 18:2010РусŁacБел

Як дзядулю Кім Чэн Ына прымалі ў Мінску. Архіўныя ФОТА і ВІДЭА

Пакуль у Сынгапуры рыхтуецца гістарычная сустрэча кіраўнікоў Злучаных Штатаў Амэрыкі і Паўночнай Карэі, Свабода згадвае, як у Беларусь у савецкі час прыяжджаў Кім Ір Сэн, дзядуля цяперашняга кіраўніка КНДР.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын маюць сустрэцца ў Сынгапуры зранку ў аўторак, Трамп абяцае «ўздымаць усе пытаньні», пачынаючы з адмовы КНДР ад ядзернай зброі. Жыхары Паўднёвай Карэі спадзяюцца на посьпех саміту.

34 гады таму, у траўні 1984 году ў Менску сустракалі Кім Ір Сэна — пазамінулага лідэра КНДР, дзядулю Кім Чэн Ына. Той прыбыў у Савецкі Саюз на бронецягніку, бо баяўся лятаць самалётам.

Кім Ір Сэн на Менскім трактарным заводзе.

«Калі картэж з генэралісімусам паехаў па беларускай сталіцы, целаахоўнікі таварыша Кіма апусьцілі шкло ў лімузінах і выставілі аўтаматы, — пісаў Сяргей Навумчык. — Трэба меркаваць, супрацоўнікі КДБ, якія адказвалі за ахову, аж спалатнелі: да гэтага менчукоў ад непрадказальных гасьцей надзейна ахоўвала куленепрабівальнае шкло, а цяпер адзін нягеглы рух мог скончыцца трагедыяй — людзей жа вывелі на праспэкт махаць паўночнакарэйскімі сьцяжкамі. Дзякуй Богу, ва ўрадавую рэзыдэнцыю ў Заслаўі даехалі без прыгодаў.

Кім Ір Сэн, як распавядаюць, зьехаў дамоў з макетам беларускага трактара.

А пра тое, што было ў Заслаўі, распавядаў адзін з былых сакратароў ЦК КПБ. Да прыезду Кім Ір Сэна карэйскі бок папрасіў паставіць у рэзыдэнцыі ложак нестандартна вялікіх памераў — яго адмыслова і зрабілі да візыту госьця. Заінтрыгаваныя гаспадары ўсталявалі ў спальні камэры назіраньня (а магчыма — яны там і былі ўвесь час; не зьдзіўлюся, калі і цяпер засталіся).

Тое, што ўбачылі чэкісцкія вочы, калі таварыш Кім адышоў да сну, зьдзівіла іх значна болей, чым прагляд канфіскаваных у няўстойлівых элемэнтаў забароненых у СССР парнафільмаў.

Да генэралісімуса ў спальню прыйшлі пяцёра ці шасьцёра дзяўчат. Не — нічога такога, што супярэчыла б сьветламу вобразу вялікага тэарэтыка ідэяў Чучхэ, не адбылося. Дзяўчаты проста леглі на ложак і прыціснуліся да цела таварыша Кіма. І таварыш Кім імгненна заснуў. Напэўна, так таварышу Кіму было цяплей».

Ускладаньне кветак на плошчы Перамогі. Распавядаюць, нібыта Кім Ір Сэн не любіў высокіх прыступак, таму савецкі бок меркаваў, што кветкі будуць ускладзеныя не да абэліска, а да Вечнага агню, а Кім Ір Сэн на такую прапанову ледзь не абразіўся, да абэліска падняўся.

Кім Ір Сэн і ягоны сын Кім Чэн Ір зрабілі ад 9 да 11 візытаў у СССР, але іхны наступнік Кім Чэн Ын пачаў афіцыйныя замежныя візыты толькі ў бягучым годзе. Яшчэ да таго, як Кім Ір Сэн стаў кіраўніком Паўночнай Карэі — да таго, як зьявілася КНДР — ён жыў у СССР: калі ў 1940 годзе японцы разграмілі антыяпонскіх партызан у Маньчжурыі і Карэі, некаторыя атрады здолелі ўцячы ў СССР, а Кім Ір Сэн, які быў камандзірам аднаго зь іх, застаўся ў раёне Ўсурыйска. Служыў у Чырвонай арміі, быў камандзірам стралковага батальёну з карэйскіх і кітайскіх партызанаў. Пасьля Карэйскай вайны, калі краіна была падзеленая на дэмакратычны Поўдзень і камуністычную Поўнач, СССР падтрымліваў рэжым Кіма, хоць той шукаў балянсу паміж залежнасьцю ад СССР і «чырвонага» Кітаю. BBC параўноўвала стасункі КНДР і СССР зь цяперашнімі адносінамі Крамля з Аляксандрам Лукашэнкам.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930