Знайсці
11.06.2018 / 13:5114РусŁacБел

«Яны абнялі яго — і ўсе трое патанулі». Падрабязнасці гібелі ў Мастоўскім раёне мужчыны і двух хлопчыкаў

Трагедыя, як паведамлялася, адбылася ўвечары 9 чэрвеня ў Мастоўскім раёне. У месцы зліцця Нёмана і Шчары патанулі двое хлопчыкаў, а таксама мужчына, што спрабаваў іх выратаваць — 44-гадовы бацька 8-гадовага дзіцяці, піша Tut.by.

На гэтае месца каля дзвюх рэк сем'і з Вялікай Бераставіцы і пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна прыязджалі кожны год парыбачыць. Вось і ў гэтыя выходныя дарослыя з двума дзецьмі — 8-гадовым і 14-гадовым хлопчыкамі — былі на сваім традыцыйным месцы. Прыехалі сюды яны ў гадзіну дня. Каля пяці вечара хлопцы папрасіліся выкупацца. Дарослыя дазволілі: у месцы зліцця дзвюх рэк ёсць невялікая пясчаная каса, дзе неглыбока. Але праблема гэтага месца ў тым, што каса вельмі рэзка абрываецца — і дзеці не заўважылі, як апынуліся на глыбіні. Яны сталі тануць і клікаць на дапамогу. Бацькі кінуліся ў ваду.

— Бацька 8-гадовага хлопчыка падхапіў дзяцей. Яны абнялі яго. На жаль, навыкі па выратаванні ў дарослага былі слабымі — і ў выніку ўсе трое патанулі.

Іх целы знайшлі на глыбіні вадалазы Мастоўскай выратавальнай станцыі, — распавялі TUT.BY у Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах.

Па словах знаёмых, патанулы мужчына ўмеў добра плаваць, але, верагодна, пад цяжарам двух цел ён пайшоў на дно.

Пазней у СК заявілі, што незадоўга да таго, што здарылася, мужчыны выпівалі.

У Гродзенскай абласной арганізацыі Асвод кажуць, што Нёман — рака падступная. Тут шмат падводных плыняў, ям і абрываў. Купацца тут можна толькі ў абсталяваных месцах. Калі ж чалавек пачынае тануць, то спецыялісты раяць у гэтым выпадку не панікаваць, не плыць супраць плыні, а наадварот — паддацца ёй, яна абавязкова вынесе да берага.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера