Знайсці
10.06.2018 / 12:476РусŁacБел

«Я ганяў па газету на вялікім перапынку»: колькі слоў наўздагон «Нашай Ніве» ад журналіста «Трыбуны»

Піша спартовы журналіст Тарас Шчыры.

Гэта было ў старэйшых класах. Недзе ў 2004-м. Я вучыўся ў жодзінскай СШ №6 і кожную пятніцу на вялікім перапынку ганяў у шапік па газеты. Бліжэйшы кіёск знаходзіўся каля 33-й прадуктовай крамы, якую ў народзе празвалі «трыццарыкам», за 200 метраў ад школы, таму прыходзілася паспяшацца, каб не спазніцца на трэці ўрок.

Класнаму кіраўніку Сяргею Пузанкевічу я набываў «Прэсбол» (пасля ён усё роўна аддаваў яго мне), а сабе — «Нашу Ніву». На жаль, у наш шапік прыходзіў толькі адзін нумар «Нівы». Мяне часам нехта апярэджваў, і мне, раззлаванаму, даводзілася несціся да паліклінікі — а гэта яшчэ метраў трыста — і атрымліваць пасля кухталёў за спазненне. Але ж гэта была фігня — я ж любімую газету набыў :).

Не памятаю, якім чынам «Наша Ніва» прыйшла да мяне, але ведаю, што яна запаланіла думкі, з першага нумара стала маім улюбёным друкаваным выданнем. Праз яе я пазнаваў Беларусь — разнастайную, прыгожую, нешаблонную. Я чытаў у газеце пісьменнікаў, якіх нам не выкладалі ў школе, гісторыю, якой не было ў падручніках, чытаў рэцэнзіі на альбомы гуртоў, якія сталі маімі ўлюбёнымі. Гэта быў цудоўны час адкрыццяў. Дзякуючы газеце я тады даведаўся пра Адама Глобуса, Валянціна Тараса, Уладзіміра Някляева, мысляра-дамініканіна Пётру Рудкоўскага, польскага пісьменніка Чэслава Мілаша, файных фатографаў Юлію Дарашкевіч, Андрэя Лянкевіча і майго ўлюбёнага Анатоля Клешчука, вандроўныя рэпартажы двух Андрэяў — Скурко і Дынько. Я рэальна фанацеў ад тэматычных нумароў. «Беларускае хараство» за 2004-ы гатовы і сёння перачытваць.

Памятаю, як аднойчы ў «Нашай Ніве» вычытаў аб’яўку пра адкрыццё каталіцкай крамы «Духоўная кніга». Праз пэўны час я паехаў на электрычцы на падрыхтоўчыя курсы ў Мінск, перад заняткамі зайшоў у гэную крамку і набыў невялічкую кніжачку Уладзіміра Конана пра выдатнага беларускага ксяндза-адраджэнца Адама Станкевіча. Хапала і другіх выпадкаў, калі газета матывавала мяне на нейкія ўчынкі.

У суботу я прыехаў да бацькоў і дастаў з шафы старую падшыўку «Нашай Нівы». Гартаў, усміхаўся, прыгадваў пра тое, што зараз пішу. Я вельмі ўдзячны за тое, што гэтае друкаванае выданне было ў маім жыцці. Яно ў некаторым сэнсе змяніла маю свядомасць.

А да таго, што газета цалкам перайшла ў анлайн, стаўлюся цалкам нармальна. Я ўжо даўно штодня чытаю nn.by і спадзяюся, што ў Ягор Марціновіч і кампаніі ўсё атрымаецца. Поспехаў!

facebook.com/taras.shchyry

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930