Знайсці
08.06.2018 / 22:5910РусŁacБел

Кіраўнікі незалежнага прафсаюза РЭП адмовіліся пісаць Лукашэнку прашэнне аб памілаванні

Старшыня незалежнага прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік адмовіліся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта радыё «Свабода» паведаміў Генадзь Фядыніч, які 8 чэрвеня разам з Ігарам Комлікам пабываў у Следчым камітэце.

«Нарэшце мы скончылі вывучаць нашу справу, а гэта вялікі аб’ём — 11 тамоў па 300 аркушаў. Пасля таго як мы сказалі следчым, што азнаёміліся са справай, яны спыталіся, ці хочам мы скарыстацца сваім правам напісаць хадайніцтва аб памілаванні на імя кіраўніка беларускай дзяржавы. Мы адказалі адмоўна, бо нічога не парушалі. Таму прасіць аб памілаванні няма падстаў», — сказаў Фядыніч.

Пасля гэтага следчыя сказалі, што справа Фядыніча і Комліка працягнутая яшчэ на адзін месяц да 1 ліпеня.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Паводле следства, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч еўра. 

Прафсаюзныя актывісты лічаць справу палітычна матываванай. Яны мяркуюць, што гэта помста за тое, што менавіта прафсаюз дапамог людзям арганізаваць пратэсты супраць дэкрэта пра дармаедаў у 2017 годзе.

Паводле радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера