Знайсці
07.06.2018 / 21:2358РусŁacБел

Дыскусія пра аборты — не дыскусія паміж будучыняй і мінуўшчынай. Гэта дыскусія паміж дзвюма візіямі будучыні

3 чэрвеня быў апублікаваны ў Нашай Ніве мой артыкул пад рэдактарскай назвай «Ці можна забіваць немаўлят…?», у якой я распавёў пра погляды некалькіх уплывовых этыкаў у заходнім свеце, якія апраўдваюць забіванне немаўлят. Я свядома прыняў рашэнне, што тэкст будзе звычайным пераказам гэтых поглядаў, з мінімальным каментаваннем і без аўтарскай ацэнкі (калі ўзяць у дужкі маленькі іранічны пасус напрыканцы артыкула). Чытач не меў іншага выйсця, як толькі звярнуцца да ўласнага сумлення, каб ацаніць выкладзеныя погляды. І гэта было галоўнай мэтай артыкула.

Цяпер, калі прамінуў эмацыйны шок ад прадстаўленых поглядаў Сінгера, Тулея, Мінэрвы і Джубіліні, але не паспеў яшчэ заціхнуць трывожны голас сумлення: так нельга, так нельга! запрашаю ўдумліва і грунтоўна падумаць: скуль узяліся такія погляды? чым яны кормяцца? якія ёсць іх аналагі? што з гэтым рабіць? Але цэнтральнае пытанне, якое напрошваецца ў звязку з поглядамі Сінгера & Co., бадай, наступнае: што для нас значыць імператыў «Не забівай іншага чалавека»? Каго мы лічым гэтым «іншым чалавекам», а каго — выключаем з гэтай катэгорыі?

1. Усіх, каго абурылі погляды Сінгера і яго аднадумцаў, запрашаю разам са мной зрабіць некалькі мыслёвых эксперыментаў. Уявіце сабе, што хтось вам кажа: «Вы не пагаджаецеся з забіваннем немаўлят? Што ж, гэта ваша пазіцыя і вы маеце на яе поўнае права. Але вы ў сваю чаргу прызнайце права на альтэрнатыўную думку. Калі вы не хочаце забіваць сваіх немаўлят — не забівайце, ніхто вас не прымушае. Але вы не прымушайце іншых людзей пакідаць немаўлят пры жыцці». Гучыць ліберальна, няпраўда ж?

Нам, пралайферам, увесь час прыходзіцца сутыкацца з такім «лібералізмам». Нам кажуць: ніхто не прымушае вас рабіць аборт, дык не прымушайце іншых адмаўляцца ад яго. Няпраўда. Прымушанне змірыцца з тым, што на суседняй вуліцы забіваюцца людзі на эмбрыянальнай стадыі развіцця аўтаматычна азначае прымус да ўзяцця ўдзелу ў забіванні.

2. Сярод навукоўцаў няма кансэнсусу наконт статусу чалавечага эмбрыёна — гэты аргумент часцяком прыводзіцца прачойсерамі (прыхільнікамі права на аборт), як падстава для апраўдвання абортаў. Што ж, гэта так. Але цяпер мы таксама ведаем, што сярод навукоўцаў няма кансэнсусу наконт статусу немаўляці. І што з гэтага вынікае? Маем права забіваць немаўлят?

Навука — гэта вельмі складаная структура. Унутры навуковага дыскурсу мы можам знайсці і цвёрдыя факты, і рабочыя гіпотэзы, строгія аксіёмы і расплывістыя пастулаты, законы і дапушчэнні. Таму, калі звяртаемся да навукі, важна зразумець, якія цверджанні маюць статус фактаў, а якія — дапушчэнняў.

Фактам ёсць тое, што ад моманту паўстання зіготы пачынаецца жыццё чалавечага індывідуума. Так, у сярэднявеччы людзі думалі, што эмбрыён ва ўлонні жанчыны спачатку становіцца раслінкай, пазней жывёлінкай, а ўжо напрыканцы — чалавекам. Але гэта сярэднявечча. У ХХІ стагоддзі, пры сучасным стане эмбрыялогіі, мы дакладна ведаем, што жыццё чалавека пачынаецца з моманту паўстання зіготы.

Ёсць навукоўцы, якія выступаюць з тэзай, што чалавек становіцца асобай не ад пачатку, а толькі з цягам нейкага часу, напрыклад, тады, калі набывае свядомасць. Вось гэта ўжо не факт, а ўсяго толькі гіпотэза або расплывісты пастулат. Да той пары, пакуль аўтары такіх гіпотэз не робяць высноў наконт права на жыццё або яго адсутнасці, іх можна трактаваць як цікавы элемент навуковага дыскурсу. Але калі хтось на базе такой гіпотэзы заяўляе, што можна таго ці іншага чалавека забіць (бо, маўляў, ён — не асоба), то гэта ўжо два ў адным: патэнцыйная пагроза гуманітарнай этыцы і злачыннае злоўжыванне аўтарытэтам навукі. 

Для нас, пралайфераў, гіпотэза наконт «пазнейшага станаўлення асобы» не мае асаблівага значэння. Мы выступаем за права чалавека на жыццё. Таму для нас рэлевантны толькі той факт, што ў момант зачацця пачынаецца жыццё чалавека. А пытанне таго, калі і пры якіх умовах чалавека можна называць асобай для нас другаснае.

3. Нязгода на забіванне немаўлят з'яўляецца прадуктам рэлігійнага светапогляду — кажа прафесар Сінгер. Я звяртаюся да атэістаў ды агностыкаў: вас пераконвае такі аргумент? Тады што скажаце вось на гэты аргумент: нязгода на забіванне людзей на эмбрыянальнай стадыі жыцця — гэта прадукт рэлігійнага светапогляду. Першае фальшывае, а другое праўдзівае?

Ці называць абедзве гэтыя пазіцыі рэлігійнымі ці рэлігійна нейтральнымі — гэта насамрэч пытанне тэрміналогіі. Усё залежыць ад таго, які характар прыпішам імператыву «Не забівай чалавека». Калі хтось лічыць, што гэты імператыў мае чыста рэлігійны характар, то тады трэба прызнаць, што як нязгода на аборты, так і нязгода на забіванне немаўлят — гэта рэлігійная пазіцыя. Больш таго, нязгода на забіванне любога чалавека будзе тады «рэлігійнай». А калі хтось лічыць, што гэты імператыў мае ўніверсальны, то бок, нерэлігійны характар, то тады трэба прыняць, што як нязгода на аборты, так і нязгода на забіванне немаўлят — гэта нейтральная ў рэлігійным плане пазіцыя. Я асабіста схільны кваліфікаваць гэты імператыў як універсальны, але, як кажу, гэта чыста тэрміналагічнае пытанне.

Што тычыцца фактуальнай тэзы: Чалавечы эмбрыён з'яўляецца чалавекам, то тут ужо пры любым раскладзе немагчыма яе кваліфікаваць як рэлігійную. Нідзе ў Бібліі не напісана наўпрост, што такі эмбрыён — чалавек. Сярод хрысціянскіх багасловаў цягам гісторыі таксама не было кансэнсусу на гэты конт. Ні святы Аўгусцін, ні святы Тамаш Аквінскі не лічылі, што чалавечае жыццё пачынаецца з моманту зачацця. Першы вагаўся на гэты конт, другі кіраваўся арыстоцелеўскай канцэпцыяй, у адпаведнасці з якой эмбрыён становіцца чалавекам пазней. Гэта было звязана з тагачасным узроўнем ведаў па эмбрыялогіі.

Тое, што жыццё чалавека пачынаецца менавіта з моманту зачацця, мы ведаем не з Бібліі, не з Карана і не з багаслоўскіх трактатаў, а з сучасных падручнікаў па эмбрыялогіі. Давайце, для прыкладу, возьмем акадэмічны падручнік The Developing Human: Clinically Oriented Embryology, напісаны групай навукоўцаў з выдатнай прафесійнай рэпутацыяй, які займеў дзесяць перавыданняў (апошняе ў 2016 годзе) і мае бясспрэчна секулярны характар. На старонцы 11 чытаем (цытую паводле выдання 2016 года): «Развіццё чалавека пачынаецца ў момант апладнення, то бок працэсу, падчас якога мужчынская гамета (сперматазоід) злучаецца з жаночай гаметай (яйкаклеткай), каб сфармаваць адзіную клетку, што называецца зіготай. І вось гэтая высокаспецыялізаваная клетка з'яўляецца пачаткам кожнага з нас, як унікальнай індывідуальнасці». 

4. Уявіце сабе 2045 год. Пасля дзесяцігоддзяў барацьбы за права на «пасляродавы аборт», пад уплывам меркаванняў уплывовых біяэтыкаў тыпу Сінгера і Тулея, дзякуючы рэгулярным публікацыям у акадэмічным часопісе JournalofMedialEthics, у якіх абгрунтоўваецца права на забіццё немаўлят, прыхільнікам гэтага права ўдаецца пераканаць грамадскую думку, што пасляродавы аборт — гэта неад'емны элемент любога свабоднага грамадства. Шэраг еўрапейскіх партый робяць гэты пункт сваім прыярытэтам і выйграюць выбары, у большасці краін забіванне нованароджаных легалізуецца, а праціўнікі абвяшчаюцца цёмнымі рэакцыянерамі, якія трапілі пад уплыў бяздзетных клерыкалаў і ўтвараюць пагрозу для ліберальных каштоўнасцяў. З'яўляюцца адна за адной клінікі «пасляродавых абортаў», паўстаюць бізнес-кампаніі ў галіне медыцыны, фармацэўтыкі, псіхалогіі, юрыдычнай кансультацыі, якія зарабляюць грошы на аказанні рознага роду паслуг тым, хто жадае ажыццявіць «пасляродавы аборт». Найбольш «прагрэсіўныя» ўрады прызнаюць «права на пасляродавы аборт» справай публічнай вартасці і выдзяляюць дзяржаўныя датацыі клінікам, якія яго рэалізуюць, а таксама НДА, якія прасоўваюць гэтае права ў тых краінах, якія яшчэ не наважваюцца «лібералізаваць» сваё заканадаўства ў гэтай сферы.

Уявім сабе цяпер, што Беларусь — адна з нешматлікіх еўрапейскіх краін, дзе пасляродавы аборт забаронены, але хрысціянскія дэмакраты, якія цягам пяці гадоў былі пры ўладзе, прайграюць выбары, а да ўлады прыходзіць партыя «ББ» (Будучыня Беларусі) і арганізуе рэферэндум у справе пасляродавага аборту. Вынікі рэферэндуму: 52% за права на пасляродавы аборт, 48% — супраць. Леваліберальныя СМІ радасна абвяшчаюць: «Урэшце! Беларускі народ выбраў свабоду!».

Ваша рэакцыя?

Некаторыя прачойсеры па даўняй звычцы зарэагуюць: Але ж гэта не тое самае: права на аборт і права на забіванне немаўлят! Так, не тое самае. Розніца ў тым, што да абортаў мы прывыклі, а да забівання немаўлят — не. Вось гэта адзіная ключавая розніца. Усе астатнія адрозненні: адны — маладзейшыя, другія — старэйшыя, адны знаходзяцца ва ўлонні, другія — у калысцы — тут неістотныя. Не цешце сябе ілюзіямі, што «народ» ніколі не паддасца ўнушэнню, што забіванне немаўлят можна апраўдаць. Некаторыя навукоўцы або філосафы паддаюцца аргументацыі Сінгера або Тулея. Гэта дзеецца з тымі, хто валодаюць навыкамі крытычнага мыслення. А звыклыя людзі, якія не маюць такіх навыкаў і ўвогуле не маюць часу на аналіз будуць кіравацца медыйным пасылам тыпу: аўтарытэтныя навукоўцы выступаюць за легалізацыю пасляродавага аборту. І пры адпаведнай кан'юнктуры, калі падтрымка для забівання немаўлят у акадэмічных асяродках супадзе з падтрымкай сярод палітыкаў, а да гэтага далучацца некаторыя буйныя бізнесоўцы і прынамсі частка цэнтральных СМІ, то перакананне грамадскай думкі да прымальнасці забівання немаўлят — гэта цалкам рэальная перспектыва.

Ясна, што гэта не называлася б «забіваннем». Ужо, зрэшты, прыдуманы адпаведны тэрмін: «пасляродавы аборт». Прапаганда будзе ўлічваць усе псіхалагічныя і эмацыйныя нюансы. Ніхто не будзе публічна казаць, што хтосьці забіваецца або крыўдзіцца. Забіванне немаўлят? А, вы маеце на ўвазе «пасляродавы аборт»! Ну дык што кепскага ў тым, што мы дапамагаем сотням параў разумна планаваць сваю будучыню і асэнсавана зрабіць выбар? Калі цягам дзесяцігоддзяў вядучыя СМІ, палітыкі і частка навукоўцаў будуць рэгулярна выступаць з такой рыторыкай, то можаце не сумнявацца — не ўся, але значная частка грамадскай думкі будзе на баку «права на пасляродавы аборт».

Такая прапаганда мела месца цягам апошніх сарака гадоў і мае месца зараз. Праўда, тычыцца яна пакуль што «дародавага аборту».

Заключэнне. Шаноўнае спадарства, на дадзены момант няма патрэбы змагацца за права на жыццё немаўлят. Але існуе пільная патрэба абараняць права на жыццё людзей на эмбрыянальнай стадыі развіцця. Зрэшты, адно і другое цесна ўзаемазвязана, што яскрава бачна з тэкстаў Тулея, Сінгера або Джубіліні і Мінэрвы. Дародавы аборт і пасляродавы аборт — гэта дзве разнавіднасці адной і той жа опцыі.

Вас пераконваюць, што дыскусія вакол абортаў зводзіцца да пытання, ці чалавечы эмбрыён — гэта чалавек, а гэтае пытанне ў сваю чаргу прэзентуецца як чыста ідэалагічнае. Няпраўда. Тое, што чалавечы эмбрыён з'яўляецца чалавекам — гэта навуковы факт і знаходзіцца па-за дыскусіяй. Дыскусія можа весціся толькі вакол пытання: Ці кожны чалавек мае права на жыццё? Адзіная рацыянальная магчымасць апраўдаць аборты — гэта адказаць адмоўна на гэтае пытанне.

У дадзены момант я не стаўлю мэтай пераканаць прыхільнікаў права на аборт змяніць сваю пазіцыю. Я ўсяго толькі настойваю на сумленным і шчырым апісанні сваіх пазіцый. Пазіцыя pro-choice — гэта пазіцыя, якая адмаўляе ў праве на жыццё пэўнай катэгорыі людзей, а менавіта тых, што знаходзяцца на эмбрыянальнай стадыі. Я не кажу, што гэта поўная дэфініцыя пазіцыі. Магчыма, яе трэба дапоўніць іншымі азначэннямі, але прыведзенае вышэй азначэнне павінна ўваходзіць у стандардовае апісанне. Гэта не пытанне ідэалогіі ці густаў, гэта пытанне фактаў і логікі.

Ёсць таксама пазіцыя prolife, якая падтрымліваецца людзьмі самых розных поглядаў, ідэалогій і рэлігій, у тым ліку мной. Сярод пралайфераў ёсць і веруючыя і атэісты, лібералы і кансерватары, феміністкі і прыхільнікі традыцыйных каштоўнасцяў. Апошнім часам рух prolife мацнее і пашыраецца і ёсць падставы прагназаваць яго ўзмацненне ў будучым. Рух падтрымліваецца многімі цэрквамі, але па сваёй прыродзе і складзе ён мае нізавы, валанцёрскі і неканфесійны характар.

Нас аб'ядноўвае пастулат абароны жыцця людзей на эмбрыянальнай стадыі. Гэта прынцыповы пункт, без якога мы не ўяўляем гуманітарнай этыкі. Па многіх іншых пытаннях: якім чынам абараняць ненароджаных, як павінна размяркоўвацца адказнасць паміж жанчынай-маці, мужчынам-бацькам, сваякамі, лекарамі і грамадствам, у якой ступені варта ангажаваць дзяржаву, якімі прынцыпамі кіравацца ў сітуацыі пагрозы для жыцця жанчыны і г.д. — па ўсіх гэтых пытаннях мы адкрыты на розныя погляды. Дабро жанчыны і ўсёй сям'і нас хвалюе не менш, чым дабро зачатага дзіцяці.

Рух prolife, пра які я тут гавару, не мае нічога супольнага з «дэмаграфічнымі пралайферамі» і просім нас з імі не блытаць. Дэмаграфічныя пралайферы — гэта тыя, хто выступаюць за забарону абортаў выключна з мэтай павышэння ўзроўню нараджальнасці ў дадзенай краіне. Калі зменяцца ўмовы, у краіне стане звышнараджальнасць, многія з такіх «пралайфераў», магчыма, пяройдуць на супрацьлеглую пазіцыю: будуць пастуляваць прымусовыя аборты. Рознага роду грэблівыя выказванні пра ролю жанчын, празмернае акцэнтаванне яе рэпрадукцыйнай ролі паходзяць пераважна ад «дэмаграфічных пралайфераў». Мы рашуча адмяжоўваем дзве тэмы: абарона правоў ненароджаных дзяцей і рашэнне дэмаграфічных праблем. Ні жанчыны, ні дзеці не могуць трактавацца інструментальна ў ходзе вырашэння дэмаграфічных пытанняў.

Спадарства, дыскусія паміж prochoice і prolife не з'яўляецца дыскусіяй паміж будучыняй і мінуўшчынай. Гэта дыскусія паміж дзвюма візіямі будучыні. Першая заснавана на страху, што ў выпадку прызнання права на жыццё людзям на эмбрыянальнай стадыі, на жанчын, сем'і і грамадствы зваліцца непасільная ноша і яна нам будзе не пад сілу, другая грунтуецца на веры ў агромністы творчы патэнцыял чалавека. Мы, пралайферы, маем поўную свядомасць таго, што прызнанне правоў ненароджаным дзецям спародзіць розныя псіхалагічныя, эканамічныя і палітычныя выклікі, але лічым, што выклікі — гэта не пагроза, а стымул да развіцця.

Пятро Рудкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930