Знайсці
07.06.2018 / 15:4385РусŁacБел

Шуневіч з нагоды ЛГБТ-сцяга: Гэта была праверка грамадства на спеласць, якую яно не прайшло

«Дыскрымінацыі ў нас няма». Такое меркаванне наконт сітуацыі з ЛГБТ-супольнасцю ў Беларусі выказаў сёння ў парламенце міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, адказваючы на пытанне TUT.BY.

Журналістка TUT.BY папрасіла кіраўніка ведамства патлумачыць, што мелася на ўвазе пад словамі «Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць» у каментары з нагоды вывешанага ЛГБТ-сцяга на амбасадзе Вялікабрытаніі.

— Куды яны не пройдуць? — удакладнілі мы.

— Нікуды не пройдуць! — растлумачыў міністр.

— Што маецца на ўвазе?

— Што вы маеце на ўвазе, то і можаце думаць. Міністэрства ўнутраных спраў ахоўвае грамадскі парадак і маральнасць у нашай краіне. Залішнія каментары даваць тут не лічу магчымым і неабходным. Усе разумеюць, пра што ідзе гаворка. Гэта не лазня: няма ні голых, ні дурных, як Гоцман казаў [міністр цытуе галоўнага героя серыяла «Ліквідацыя». — Заўв.TUT.BY)]. Таму я нічога не дадам да таго, што сказаў. Хоць магу сказаць у прынцыпе. Скажу так: меркаванне прыватнае, не міністра ўнутраных спраў, а грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта была пэўная праверка нашай грамадзянскай супольнасці на спеласць. Наша грамадзянская супольнасць не зусім прайшла гэтую праверку. Ні адна з грамадскіх арганізацый, аб'яднанняў груп асобаў не абурылася гэтым фактам і не запатрабавала зняць гэты прадмет, які, дарэчы кажучы, быў вывешаны ў парушэнне Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах. На жаль, ні рэлігійныя арганізацыі, ні грамадскія не адрэагавалі на гэта. Можа быць, мы сапраўды вельмі талерантны народ у гэтым сэнсе. Пазіцыя Міністэрства ўнутраных спраў прапісаная выразна, там напісана літаральна, і не больш, і не менш. Вельмі дыпламатычна, карэктна, без грубіянстваў, але ў той жа час адказна, па-дзяржаўнаму, — заявіў Ігар Шуневіч.

Таксама міністр заўважыў, што лічыць, што ў Беларусі няма дыскрымінацыі.

— Ведаеце, як дыскрымінацыя? Мы ж дыскрымінуем злачынцаў у нейкай ступені, правільна? Ёсць пэўныя групы грамадзян, якія ў той ці іншай ступені падвяргаліся і будуць падвяргацца, як яны самі лічаць, нейкай дыскрымінацыі. Я так не лічу. Я лічу, што ніякай дыскрымінацыі ў нас няма, ёсць правілы суіснавання акрамя законаў, якія павінны паважаць усе, у тым ліку і прадстаўнікі замежных дзяржаў. У гэтым ёсць таксама дыпламатыя. У гэтым ёсць і плюралізм: ёсць адно меркаванне, павінна існаваць і іншае меркаванне. Наша меркаванне — чытайце два апошнія словы з выступлення, брыфінгу, паведамлення МУС, — сказаў ён.

Нагадаем, 20 мая на сайце МУС быў размешчаны каментар, датычны дзеянняў пасольства Вялікабрытаніі, якое 17 мая, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй вывесіла ЛГБТ-сцяг. У ім барацьба ЛГБТ-супольнасці за свае правы была названая падробкай, як і самі аднаполыя адносіны.

МУС таксама адзначыў, што «пераважная большасць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку хрысціянскіх», таму заявы падобнага роду — выклік гэтым каштоўнасцям.

— Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць! — рэзюмавалі ў сілавым ведамстве.

Пазней заяву МУС пракаментаваў і яго кіраўнік Ігар Шуневіч. Ён адзначыў, што гэта «ўнутраная справа, у тым ліку і нашага міністэрства». Таму падначаленае яму ведамства не магло пакінуць без увагі з'яўленне на будынку амбасады гэтага «атрыбуту» [так міністр назваў ЛГБТ-сцяг. — Заўв. TUT.BY].

— Я гэта называю прапагандай таго ладу жыцця, які для нас непрымальны. Гэта асноўны матыў, які заахвоціў нас праз некаторы час даць свой каментар, — растлумачыў Шуневіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930