Знайсці
06.06.2018 / 15:2325РусŁacБел

«Калі першы сын стаў манахам, я галасіла. Калі другі — танцавала». Маладзечанка распавядае, як прыняла рашэнні трох сваіх сыноў сысці ў манастыр

Карэспандэнтка «РГ» сустрэлася са спадарыняй Валянцінай Варанюк, каб даведацца, як гэта прысутнічаць на імшы ўласнага сына і прыняць рашэнні ўсіх трох сыноў пайсці ў манахі.

«Раней я хадзіла ў касцёл, бо так было трэба»

— Спадарыня Валянціна, распавядзіце пра сваю сям’ю, якая яна?

— У нас самая звычайная беларуская сям’я. Сама я ўжо пяць гадоў, як звольнілася з «Камунальніка» і працую ў касцёле. Вельмі гэтаму рада, бо працую з задавальненнем. Магчыма, маё рашэнне не ўсе разумеюць, але для мяне гэта няважна.

Да 17 гадоў я жыла з бацькамі ў Смаргоні, а пасля паехала вучыцца ў Мінск, дзе і пазнаёмілася з бацькам дзяцей.

Макс нарадзіўся, калі мы яшчэ вучыліся, таму смяяліся, што ён — наш маленькі студэнт. Праз шэсць гадоў нара­дзіліся блізняты, Антон і Ула­дзіслаў. Тады ўжо жылі ў Маладзечне.

— Якое месца ў жыцці вашай сям’і займала рэлігія?

— У касцёл мы заўсёды хадзілі, кожную ня­дзелю. Але хадзілі, як і многія іншыя, таму што трэба. У дзяцінстве адзначалі ўсе святы, але, хутчэй, з набожнасцю, а не з верай. Я да канца не разумела, што адбываецца ў касцёле. Часам не хацела туды ісці і чакала, калі ўсё гэта скончыцца. Калі казаць папраўдзе, маё навяртанне і духоўнае жыццё па­чалося з таго моманту, калі Макс пайшоў у манастыр.

Улад, Валянціна, Максім і Антон.

Максім. «Калі ён вырашыў стаць манахам, я галасіла па ім, як па памерлым»

— Калі вы даведаліся аб рашэнні Максіма пайсці ў манастыр?

— Калі ён быў у 11 класе. Для мяне гэта быў вельмі цяжкі час. На той момант нашая сям’я распалася, і я была адна з дзецьмі. Як і іншыя бацькі, рыхтавала Максу вялікую будучыню.

— Кім вы яго бачылі?

— Доктарам, бо ён выдатна вучыўся па хіміі і біялогіі. Мы знайшлі рэпетытараў у Мінску.

Я нават узяла крэдыт у банку, каб яго вучыць. Яму падабалася медыцына, і ён таксама яе нібыта выбраў.

— Як увогуле ў вас складваліся стасункі з сынамі? Яны прыхо­дзілі да вас раіцца?

— Ведаеце, у мяне атрымаліся такія сыны, што ў нас ніколі не ўзнікала праблем. У Макса не было праблемнага перыяду, а малодшыя гадоў у 12 прыйшлі і самі сказалі: «Мама, у нас пачаўся пераходны ўзрост». На гэтым ён і скончыўся.

Таму і з Максам не было канфліктаў наконт яго будучыні. Але ж я ўсё бачыла. Бачыла, як ён сходзіць у касцёл, а пасля доўга сядзіць і глядзіць у акно. Я разумела, што з ім адбываецца.

І я, як любячая мама, адгаворвала яго, казала, што ён не павінны над гэтым задумвацца. Казала, што яго чакае вялікая будучыня, што хай ён спачатку скончыць медуніверсітэт, а пасля, калі захоча, ідзе ў семінарыю.

Ён са мной пагаджаўся, нейкі час вучыўся, а пасля — адзін паход да братоў капуцынаў, і зноў тое самае. Сэрцам я адчувала, што не так усё проста. Але не магла пагадзіцца з тым, што прапануе Бог. Так практычна ўсе людзі ў свеце робяць: не пагаджаюцца з тым, што прапануе Бог, а ён прапануе найлепшае.

— Вы памятаеце той момант, калі Максім прыняў канчатковае рашэнне?

— Гэта было вясной. Я стала на яго сварыцца: колькі можна, я плачу за цябе грошы, ты бу­дзеш вучыцца ці не? Што гэта такое? Ідзі ты ўжо ў манастыр! На што ён мне кажа: а я і іду. З такой зачэпкі ўсё па­чалося.

Вядома, я гэта не прыняла. Галасіла па ім як па памерлым. Ён хацеў патлумачыць мне, што адчувае, але ж я яго не слухала.

Калі ён абняў мяне за калені і сказаў: «Мама, дазволь мне быць шчаслівым», то, канешне, я ўжо нічога не магла яму адказаць.

І тады ўжо мой Макс з чыстым сумленнем закінуў вучобу, толькі рыхтаваўся да школьных экзаменаў.

Айцец Максім з бабулямі.

«Я зразумела, што цяпер у яго два дамы — наш і манастыр»

— Як на яго рашэнне адрэагавалі сябры?

— Спрабавалі адгаварыць, як маглі. Прыхо­дзілі да мяне і казалі: «Цётка Валя, давайце пазнаёмім яго з якой дзяўчынай». Але я казала — хлопцы, гэта ўсё бессэнсоўна! І прасіла — калі можаце, то проста падтрымлівайце яго, не рвіце яму сэрца і дайце яму ласку мець вас далей за сяброў. Так усё і адбылося.

— У школе даведаліся, што ён пайшоў у манастыр?

— Так, але не адразу. У яго быў цудоўны класны кіраўнік, Наталля Фёдараўна Карыцька. Яна была ў яго на святарскіх пасведчаннях у Докшыцах. Вядома, настаўнікі былі здзіўленыя, але вельмі добра паставіліся.

На выпускным вечары ён сказаў усім. Канешне, хто пасмяяўся, хто не паверыў, хто адгаворваў. Але гэта ўжо нас не кранала.

Я бачыла, што Бог дае яму ласку, і ён ідзе за гэтай ласкай. З гэтага часу я пачала маліцца за яго кожны дзень, каб ён распазнаваў сваё пакліканне. І цяпер малюся, каб ён быў добрым святаром.

— З чаго пачаўся яго новы шлях?

— У верасні 2007 года Макс пайшоў у манастыр. Год быў у Докшыцах. Калі ён першы раз прыехаў на святы дамоў, я запыталася, ці хоча ён вяртацца ў манастыр, а ён сказаў: «Мама, мне вельмі цяжка разрывацца між двума дамамі». Я ўсё зразумела і прыняла, як бы складана гэта не было.

І з гэтага моманту па­чалося маё шчаслівае жыццё. Я сама пайшла ў касцёл, каб зразумець, чаму мой сын выбраў Бога. Я хацела ўсё ведаць: куды, для чаго ён ідзе.

Ведаеце, дзеці ж выбіраюць свой шлях не для бацькоў, а для свайго шчасця. Таму калі другі мой сын сказаў, што пойдзе ў манастыр, я ўжо не плакала, а танцавала.

Максім падчас вучобы ў Італіі.

Антон. «Ён плакаў і казаў: «Мама, мне прыйдзецца ісці ў манастыр!»

— Але ж быў момант, калі абодва малодшыя вырашылі стаць манахамі, так?

— Так, яны абодва прынялі такое рашэнне. Антону вельмі спадабаўся Будапешт, дзе таксама ёсць місія братоў капуцынаў, таму ён хацеў туды. На той час у Маладзечне служыў айцец Арыюш, вельмі харызматычны капуцын. Для Антона ён быў правадыром, які даў яму ўбачыць Бога.

У Антона пакліканне я бачыла ўжо з шостага класа. Тады ён вярнуўся з паездкі з айцом Арыюшам і сказаў, што яму трэба са мной сур’ёзна пагаварыць. І вельмі горка плачучы, з такімі слязьмі, як боб, што каціліся па шчаках, казаў: «Мама, мне прыйдзецца ісці ў манастыр!» Мне было яго так шкада. Так ён гэта тады бачыў. Я разумела, што ён спрабуе знайсці свой шлях. І з таго часу ён рыхтаваў сябе, што пойдзе за братам.

Уладзіслаў жа больш ішоў у манастыр таму, што там былі яго браты. Ён думаў, што гэта яго шлях, але аказалася, што не.

— Адпусціць другога сына было прасцей, чым першага?

— Прыняць гэта ўжо не было цяжка, але мне было вельмі шкада Антона. Ён прыехаў у незнаёмую краіну, не ведаў ніводнага чалавека, мовы. Першыя два месяцы яму было вельмі цяжка. Ён казаў, што ледзь трымаецца. Я, вядома, яго пашкадавала: «Сынок, калі табе так цяжка, вяртайся дахаты». За што атрымала ў плечы ад Улада, які сказаў, што як маці я не павінна сябе так паво­дзіць. Што я павінна яго падтрымаць. Так што дзеці мяне вучаць усё маё жыццё.

Цяжка было прыняць толькі шлях Макса. На той час я не разумела, што бацькі нараджаюць дзяцей не для сябе, а для іхняга жыцця. Важна іх падтрымаць, а не навязваць сваё жаданне.

Сваім малодшым я заў­сёды казала: што б ні зрабілася, яны заўсёды могуць вярнуцца дахаты. Але жыццё павінны выбіраць сабе самі, і быць адказнымі за яго.

Уладзіслаў. Манаскае жыццё перарвала служба ў арміі

— Уладзіслаў, у адрозненне ад братоў, не затрымаўся ў манастыры?

— У яго іншыя адносіны з жыццём і, спадзяюся, моцныя адносіны з Богам. Цяпер ён вучыцца ў Люблінскім каталіцкім універсітэце на факультэце сацыялогіі. Ён адслужыў у арміі, цяжка папрацаваў на некалькі працах.

— Ці доўга ён прабыў у манастыры?

— Месяцы чатыры. Пасля так атрымалася, што яму трэба было пераначаваць у нас дома, у Маладзечне, бо ў манастыр прыехалі госці і там не было месцаў. А раніцай пазваніў тэлефон, і ён падняў трубку.

Гэта быў ваенкамат, куды яго і запрасілі. Ён сказаў, што не будзе хавацца, хоць і не хацеў ісці ў войска. Паступіў як сапраў­дны мужчына. Але я ведала, што пасля войска ён у манастыр не вернецца.

— А калі б войска не было?

— Думаю, што ўсё роў­на ён бы шукаў іншы шлях. У яго надта мяцежнае, неўтаймаванае сэрца. Я на яго кажу: «Ты ў мяне як вікінг, пастаянна нечага шукаеш». Яму трэба іншае жыццё.

«На людзях я звяртаюся да сына «айцец Максім»

— Цяпер, калі сыны раз’ехаліся, як вы сябе адчуваеце?

— Я зразумела, што ніколі не адна. Са мной заў­сёды Бог. У мяне шмат сяброў і парафіяльная супольнасць, якая мяне ніколі не пакідае. Усе браты капуцыны называюць мяне мамай, і я смяюся, што ў мяне шмат дзяцей.

Калі я разумела, што мае дзеці раскіданыя па ўсім свеце, можаце верыць, можаце не, але я не адчувала самоты.

Аднойчы, калі яны раз’­язджаліся, я чула, як Улад сказаў братам: «Вам пашанцавала, вы едзеце першымі. А мне трэба з’ехаць апошнім, гэта самае цяжкае». І тады я сказала, што ён не мае права глядзець на мяне, бо я маладая жанчына і дам рады. Ён нарадзіўся для свайго жыцця і павінны ісці і жыць.

— Дзе цяпер вашы сыны?

— Улад — у Любліне, Антон — у Мілане, гэта яго пяты год у манастыры. Макс служыць у Докшыцах, ён святар. Шчыра кажучы, я да канца гэтага не ўсведамляю. Пару дзён таму мы бачыліся. Ён быў не ў хабіце, а ў звычайным адзенні. Я разумею, што маё сэрца ўспрымае яго проста як сына, хаця ведаю, што ён увогуле мне не належыць. Вядома, пры іншых людзях звяртаюся да яго «брат Максім». Але ўсё ж пакуль не магу ўсвядоміць, што ён у першую чаргу брат Максім, і толькі пасля — мой сын.

Спадарыня Валянціна паказвае ікону, якую напісаў Максім. Фота Аляксандры Парахні.

— Фармацыйны шлях капуцынаў вельмі доўгі, каля 10 гадоў. З чаго ён складаецца?

— Спачатку ідуць два гады пастулату — яны жывуць з братамі, моляцца і распазнаюць свой шлях. Трэці год — навіцыят, калі яны апранаюць хабіты і амаль не пакідаюць тэрыторыю манастыра. Напрыканцы гэтага года яны складаюць першыя манаскія шлюбы. Далей, у постнавіцыяце, два-тры гады яны служаць у складаных умовах: у хоспісах, шпіталях, дзіцячых дамах або выязджаюць на місіі. Затым складаюць вечныя манаскія шлюбы — перад Богам абяцаюць да канца жыцця трываць у паслушэнстве, чыстасці і без уласнасці.

Пасля постнавіцыяту браты ідуць у семінарыю і вучацца філасофіі ў Польшчы, а пасля — тэалогіі ў Італіі. Заканчваецца вучоба, і яны атрымліваюць дыяканскія пасведчанні. Потым, калі яны гатовыя, то праз нейкі час атрымліваюць святарскія пасведчанні. Здаецца, што доўга, а насамрэч час ляціць хутка.

— Ці ёсць абмежаванні ў кантакце з сям’ёй?

— Не, сыны заўсёды прыязджалі на канікулы. Ёсць адпачынак 10-12 дзён улетку. Мы заў­сёды размаўляем ці перапісваемся па скайпе ці вайберы. Калі хочаш падтрымліваць адносіны, то можна знайсці для гэтага шляхі.

Я таксама ездзіла да Макса на дыяканскія пасведчанні ў Італію, а ў пазамінулым годзе была на першых манаскіх шлюбах у Антона.

«Мая мама думала, што ўнукі будуць тапіць лёд, каб памыцца»

— Ці змяніліся вашы сыны? Калі ўзяць, напрыклад, Максіма на пачатку яго шляху і цяпер?

— Для мяне гэта дзіўна, але не. У яго заўсёды было і ёсць добрае па­чуццё гумару. Ён з дзяцінства ніколі нікога ні ў чым не абвінавачваў. Я вельмі перажывала, што яму з гэтым будзе цяжка жыць. Але цяпер разумею, што ў тым ліку гэтым Бог мне з самага пачатку паказваў, якім будзе яго шлях.

Ён які быў, такі і застаўся — добры, смяшлівы і радасны, мае вялікае сэрца.

— Ці часта браты збіраюцца разам?

— Раз на год, на два гады, на жаль. Але калі яны тут — радасцю і весялосцю поўніцца ўвесь дом! Перад прыміцыйнай імшой яны ўсе тут сабраліся на адзін вечар і спалі ра­зам.

Я чула, як яны да паўночы рагаталі, і ўсё думала, якія ж яны зраніцы ўстануць? Але прыміцыя прайшла добра.

— Калі чуеш слова «манах», то ўяўляеш сур’ёзнага чалавека ў чорным адзенні, з вельмі стрыманымі паводзінамі. Ці шмат у гэтым вобразе праўды?

— Ёсць браты, якія менавіта такія. Але не таму, што так трэба, у іх проста такі характар. Наколькі я ведаю ордэн капуцынаў, яны вельмі вясёлыя. Канешне, калі ідзе літургія, яны робяцца сур’ёзныя. Але нават старажытныя манахі не былі суворымі. Бог дае радасць, і ёй трэба дзяліцца. А калі ў цябе гэтага няма, то ты не зможаш гэтым падзяліцца. Манахі такія ж простыя людзі, як мы ўсе.

Мая мама ўсё жыццё прахадзіла ў касцёл. А калі Максім пайшоў у манастыр, яна нагледзелася фільмаў пра святога айца Піа і думала, што Макс будзе разбіваць у тазіку лёд, каб памыцца. Але і людзі, і абставіны бываюць розныя.

— Вашы сыны вельмі прыгожа гавораць па-беларуску. Гэта ідзе з сям’і?

— У сям’і мы заўсёды размаўлялі па-руску. У маім дзяцінстве ў касцёле ўсё было па-польску, і я нічога не разумела. І здзіўленая, што на Гро­дзеншчыне гэта шмат дзе захавалася. Мы ж жывём у Беларусі. Каб разумець чытанні і тое, што гаворыць Бог, мы павінны карыстацца сваёй мовай.

Я вучуся гаварыць па-беларуску, бо ў школе мову не вывучала, а праходзіла. І малюся па-беларуску. Я беларуска і павінна ўмець гэта паказаць. Мая сястра, маладая жанчына, упарта моліцца па-польску. Я стаю побач у касцёле і малюся па-беларуску, а яна перакрыквае мяне па-польску. І гэта не таму, што яна такая ўжо полька. Гэта ўпартасць. Моўнае пытанне мне вельмі баліць. Але я лічу, што нашая краіна аджывае і вяртае свой беларускі каларыт.

Аляксандра Парахня, rh.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930