Знайсці
06.06.2018 / 18:282РусŁacБел

Шлях да несвабоды: пра палітыку непазбежнасці і палітыку вечнасці

Андрэй Храпавіцкі піша пра кнігу The Road to Unfreedom («Шлях да несвабоды») Цімаці Снайдэра.

Цікава часам чытаць кнігі пра найноўшую гісторыю, якія пішуцца з пэўнай адлегласці. Калі не ў часе, то прынамсі геаграфічна. У такіх кнігах могуць быць факталагічныя недакладнасці, але прысутная перспектыва, якой часам бракуе, калі глядзіш на тое, што адбываецца, з гушчы падзеяў. Мабыць, таму некаторыя добрыя кнігі пра сучаснасць, якія даводзілася чытаць апошнім часам, напісаны прафесійнымі гісторыкамі альбо філосафамі, якіх прырода працы абавязвае глядзець на падзеі з больш адасобленай гістарычнай перспектывы.

Пра наш рэгіён так спрабуе пісаць амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр. У свой час шмат спрэчак выклікала ягоная кніга «Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным» (2010). Не менш дыскусіяў выклікала і ягоная кніга пра Халакост «Чорная зямля» (2015). Летась Снайдэр злавіў удачу за хвост, напісаўшы кнігу «Пра тыранію», якая ўзнялася на першае месца ў кніжным рэйтынгу «Нью-Йорк Таймс», а ўжо сёлета ён парадаваў новай кнігай на падобную тэматыку «Шлях да несвабоды: Расея, Еўропа, Амерыка» (The Road to Unfreedom: Russia, Europe, America). Пра яе трошкі і напішу.

«Шлях да несвабоды» накіравана ў першую чаргу на амерыканскага чытача. Беларусь у кнізе Снайдэра згадваецца неаднаразова, але эпізадычна. Асноўная тэма — Пуцін, яго ідэалогія і ўплыў на палітычныя працэсы ў свеце. Дастаткова шмат увагі прысвечана падзеям ва Украіне і іх інтэрпрэтацыі, а таксама спробам Расеі перайначыць Захад пад сябе. Як і папярэдняя кніга аўтара, «Шлях да несвабоды» — не сухі акадэмічны тэкст. Снайдэр не цураецца ацэначных выказванняў і настаўленняў чытачу.

Паводле аўтара, Захад доўга жыў пад ілюзіяй канца гісторыі. Снайдэр называе гэты самападман «палітыкай непазбежнасці». З паразай гэтага канцэпту на пярэдні план выходзіць «палітыка вечнасці». Снайдэр так называе візію, дзе адна нацыя стаіць у цэнтры цыклічнай гісторыі, збудаваўшы з сябе вобраз ахвяры. Час перастае быць лінейным, зноў і зноў дастаюцца з мінуўшчыны былыя небяспекі і вобразы ворагаў. Палітыкі вечнасці распаўсюджваюць веру, што дзяржава не можа палепшыць жыццё цэлага грамадства, а проста служыць абаронцай ад небяспек. Прагрэс саступае месца фатуму. Такім палітыкам Снайдэр бачыць Пуціна. І ад такога палітычнага курсу Снайдэр спрабуе засцерагчы Амерыку.

Галоўная прычына, чаму на гэтую кнігу варта звярнуць увагу, — гэта спроба разабрацца ў ідэалагічных асновах сучаснага расійскага рэжыму. Адкуль узяўся гэты Русскій мір? Што стаіць за гэтымі ідэямі? Ці не ёсць яны новай падфарбаванай версіяй фашызму?

Чэслаў Мілаш неяк пісаў: «Толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя жыхары многіх еўрапейскіх краін сталі разумець, як правіла, праз пакуты, што складаныя і цяжкія філасофскія кнігі аказваюць наўпроставы ўплыў на іхні лёс». Па меркаванні Цімаці Снайдэра, сярод кніг, якія ў цяперашні час маюць непасрэдны ўплыў на жыцці людзей у нашым рэгіёне і шырэй, тэксты расейскага філосафа Івана Ільіна. Хоць ён малавядомы ў шырокіх колах, але яго ідэі мелі вялікі ўплыў на светацям Уладзіміра Пуціна і больш шырока на эліты сучаснай Расеі. Менавіта таму Снайдэр прысвячае Ільіну даволі шмат увагі.

Ільін, які нарадзіўся напрыканцы ХІХ ст., быў вымушаны эміграваць з Расеі, стаў прыхільнікам не толькі белага руху, але фашызму ў Італіі і нацызму ў Нямеччыне.

Ільін лічыў фашызм палітычнай ідэалогіяй будучага свету. Жывучы ў выгнанні ў 1920-я гады, ён быў занепакоены тым, што італьянцы дайшлі да фашызму перш за расейцаў. Ён суцяшаў сябе думкай аб тым, што расейскі белы рух паслужыў натхненнем для перавароту Мусаліні: «Белы рух як такі глыбейшы і шырэйшы за [італьянскі] фашызм». Глыбіня і шырыня, тлумачыў Ільін, сыходзілі з прыняцця версіі хрысціянства, якая патрабавала крывавай ахвяры Божых ворагаў. У 1920-я гады Ільін усё яшчэ верыў, што «белыя» могуць узяць уладу ў Расеі, і называў іх «мае белыя браты, фашысты».

Паводле Ільіна, адзінае сапраўднае дабро было ў татальнасці (цэласнасці) Бога да таго, як ён стварыў свет. Праз акт стварэння Бог знішчыў гэтую дасканаласць. Ільін падзяляў свет на «катэгарычнае» (той страчаны дасканалы канцэпт) і «гістарычнае» (чалавечае жыццё з фактамі і жарсцямі). Для Ільіна трагедыяй існавання было тое, што факты не могуць быць зноў сабраныя ў Божую цэльнасць, а жарсці ў Божую мэту. Румынскі мысляр-песіміст Эміль Мішэль Чаран, які таксама на пэўным этапе быў прыхільнікам хрысціянскага фашызму, пісаў наступнае: «Да гісторыі Бог дасканалы і вечны. Калі гісторыя пачалася, Бог нагадвае вар’ята, які робіць памылку за памылкай».

Асуджаючы Бога, Ільін надзяліў сілай філасофію, па меншай меры, аднаго філосафа: самога сябе. Ён захаваў бачанне чароўнай «татальнасці», якая існавала да стварэння свету, але пакінуў сабе права паказаць, як яна можа быць адноўлена. Візія, якую ён прапанаваў, як адзначае Снайдэр, была таталітарнай. І канечне ж, адмысловае месца ў гэтай карціне свету пакінута для расейцаў і Расеі. Усё астатняе ў светабудове можа быць злым і кепскім, але я і мая група добрая, таму што я сам і мая група — гэта маё. Іншыя могуць быць заблытаныя і зачараваныя фактамі і жарсцямі гісторыі, але мая нацыя і я захавалі дагістарычную нявіннасць.

Не буду далей спыняцца на аналізе Снайдэрам гэтай персоны і яго філасофіі. Толькі адзначу, што тэксты Ільіна вельмі шырокія. Многія даследчыкі могуць папракнуць Снайдэра за павярховую і аднабаковую інтэрпрэтацыю гэтай асобы. Так жа колісь папракалі Карла Попера за ягоную селектыўную інтэрпрэтацыю ідэяў Платона, Гегеля і Маркса ў ягонай, на мой погляд, вельмі актуальнай і вартай прачытання кнігі «Ворагі адкрытага грамадства». Як Попер, так і Снайдэр заклікае чытача глядзець з насцярогай на тых мысляроў, якія нясуць сваімі ідэямі ўтапізм, трайбалізм і маральны рэлятывізм у свет рэальнай палітыкі.

Снайдэр у кнізе праходзіцца і па Дугіне, Гумілёве, Праханаве ды іншых цікавых персаналіях, чые імёны цяпер на слыху ў сучаснай Расеі. Ёсць тут і пра скрайне правага брытанскага палітыка Ніка Грыфіна, які, дарэчы, у 2016 годзе наведваў Беларусь і, як пісала «Наша Ніва», сустракаўся з Аляксеем Дзерманам і Аляксандрам Шпакоўскім.

Дарэчы, ёсць у кнізе згадка і грамадзяніна Беларусі Аляксандра Усоўскага, які напісаў кнігу «Божа, Сталіна храні! Цар СССР Іосіф Вялікі». Паводле Снайдэра, Усоўскі дапамагаў Малафееву каардынаваць дзеянні еўрапейскіх фашыстаў. Усоўскі, была інфармацыя, плаціў палякам, каб тыя ладзілі антыўкраінскія пратэсты тады, калі Расея ўварвалася ва Украіну.

Пацешыў тэрмін «шызафашызм». Падовле Снайдэра, гэта калі рэальныя фашысты называюць сваіх праціўнікаў фашыстамі. Напрыклад, абвінавачваюць габрэяў у Халакосце, разглядаюць Другую сусветную вайну ў якасці аргументу для яшчэ большага гвалту, абвінавачваюць змагароў за дэмакратыю ў фашызме. Дарэчы, заўважце: падобную тактыку выкарыстоўваюць дзеячы гэтага толку і ў Беларусі.

Дасведчанаму чытачу з Усходняй Еўропы кнігі Снайдэра могуць падацца недакладнымі, часам заангажаванымі і неакадэмічнымі. З іншага боку, у заангажаванасці можна абвінаваціць і многіх айчынных аўтараў. Мала хто піша пра наш край з падобнай адасобленай перспектывы, як Снайдэр, часам наступаючы на балючыя мазалі і ігнаруючы нашыя нацыянальныя міфы і наратывы.

Было б цікава прачытаць падобную кнігу і пра спробы сканструяваць ідэалогію эпохі Лукашэнкі. Хоць у нашай гісторыі цяжка знайсці постаць кшталту Ільіна, але сучасныя інтэлектуалы-тыранафілы ёсць і ў Беларусі. Відаць, гэтая кніга яшчэ чакае на свайго аўтара.

Андрусь Храпавіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера