Знайсці
02.06.2018 / 00:0034РусŁacБел

Што значыць прапанова Лукашэнкі павялічыць Пагранвойскі за кошт арміі

Лукашэнка, наведваючы пагранзаставу «Дзівін» у Кобрынскім раёне, адзначыўся фразай пра магчымасць пераразмеркавання асабовага складу між войскам і Пагранічным камітэтам. 

«Можа быць, нам не варта імкнуцца ўжо надта скарачацца ў Пагранвойсках. Яны тут вечна ў баявой гатоўнасці, і навучанне дай бог. І для будучыні яны даюць больш навыкаў, хаця б для звычайных мотастралкоў. Можа быць, нам дзесьці ў войску падскараціцца на 2—3 тысячы, пакінуўшы ім [пагранічнікам] гэтую колькасць. Хай яны будуць на кожнай заставе па 5—10 чалавек. Не лішнія, а каб больш свабодна служыць у нейкім рэзерве», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск уважліва сочыць за дзеяннямі Расіі: «Мы павінны бачыць, што яны хочуць. Мы ведаем, дзе яны навыводзілі свае войскі, стварылі камендатуры і іншую інфраструктуру», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прапанаваў Расіі «вызначыцца з фарматам прысутнасці пагранічнікаў на беларуска-расійскай граніцы». 

«Калі яны хочуць закрыць граніцу — калі ласка. Закрыюць — мы ў адказ таксама мусім увесці кантроль на граніцы», — сказаў Лукашэнка. 

Ці не з'яўляюцца планы павелічэння колькасці пагранічнікаў падрыхтоўкай да імавернага закрыцця граніцы з Расіяй? 

«Наша Ніва» спыталася пра гэта ў ваенных экспертаў і пагранічнікаў. 

Аналітык Андрэй Паротнікаў не выключае, што тыя «2—3 тысячы чалавек» могуць рыхтаваць для ўсходняга кірунку. 

«Калі з'явіцца граніца, вырашыць Лукашэнка, гадаць тут марна. Але гэта залежыць ад пазіцыі Расіі, а ў іх пазіцыя даволі ясная — яны ствараюць сталую сістэму пагранічнай аховы. Гэта не часовая, падкрэслю, а сталая: яны набралі людзей на 5-гадовы кантракт, яны разгортваюць там інфраструктуру, у тым ліку палігоны і стрэльбішчы, выдаткаваныя грошы на рамонт інфраструктурных будынкаў, там усё сур'ёзна. Расійскія пагранічнікі ўжо кантралююць не толькі дарогі, але і наземную частку — лясы, балоты і гэтак далей. Таму нам трэба будзе дзейнічаць адпаведна», — лічыць Паротнікаў. 

Наколькі можна меркаваць з перыядычных паведамленняў беларускага Пагранічнага камітэта, сённяшні фармат нашай работы на граніцы з Расіяй — гэта мэтавыя аперацыі па аператыўнай наводцы. 

Расія ў свой час выказвала жаданне, каб знешнюю граніцу Саюзнай дзяржавы ў Беларусі ахоўвалі расійскія пагранічнікі, але натыкнулася на адмову беларускага боку. 

Афіцыйнай нагодай для стварэння Расіяй памежнай інфраструктуры на граніцы з Беларуссю стаў уведзены намі бязвіз для 80 краін. 

Дарэчы, людзі, якія служылі ў Пагранічных войсках, сказалі «Нашай Ніве», што кадравае пытанне на асобных заставах стаіць востра і новыя людзі лішнімі не будуць. 

«Сапраўды, у час службы былі перыяды, калі спалі па некалькі гадзін на суткі, бо падмяніцца не было кім, — сказаў нам былы пагранічнік. — Калі нехта хварэе, другі ў звальненні, а яшчэ адзін на курсы паехаў — то зусім бяда. Ад загружанасці не было і дзедаўшчыны, бо ты або служыш, або спіш. Да таго ж, якая дзедаўшчына, калі ў кожнага ёсць зброя і вы разам ходзіце ў патруль? Ты яго прынізіш, а ён табе стрэльне ў спіну — гэта ўсе разумеюць. Падрыхтоўка ў нас таксама лепшая, чым у мотастралкоў, я лічу. Часцей стралялі і ўвогуле, на граніцы служба баявая, а не тылавая, новыя людзі будуць на карысць». 

Варта дадаць, што колькасць пагранічнікаў даўно не павялічвалася. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930