Знайсці
01.06.2018 / 13:523РусŁacБел

Пасол Вялікабрытаніі запрасіла мінчукоў на Вялікі брытанскі фестываль

16 чэрвеня ў Мінску пройдзе Вялікі брытанскі фестываль. Упершыню ў маштабе гарадскога свята Вялікабрытанія прадэманструе сваю культуру, бізнэс, адукацыю, спорт і іншыя сферы, у якіх яна традыцыйна GREAT. Поўную праграму бясплатнага фестывалю ў Верхнім горадзе раскрылі арганізатары свята — пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.

— Для першага Вялікага брытанскага свята ў Мінску мы спецыяльна вызначылі некалькі сфер, дасягненнямі ў якіх Вялікабрытанія ганарыцца, — распавядае спадарыня Фіёна Гіб, надзвычайны і паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь. — У Верхнім горадзе мы прэзентуем культуру, бізнэс, спорт, моду, ежу, музыку, тэатр і адукацыю нашай краіны.

Вучыцца

Падчас фестывалю Карэтны дворык ператворыцца ў філіял аднаго з брытанскіх універсітэтаў, дзе можна будзе даведацца пра ўсе этапы атрымання вышэйшай адукацыі — ад атрымання стыпендыі да паступлення ў прэстыжны ўніверсітэт і абароны дыплома. Госці фестывалю змогуць здаць пробную версію міжнароднага экзамену IELTS, найбольш папулярнага моўнага тэсту для паступлення ў брытанскія ўніверсітэты, праверыць свой узровень арфаграфіі і вымаўленне.

Выпускнікі Оксфарда і Лонданскага ўніверсітэта мастацтваў падзеляцца лайфхакамі для жыцця і вучобы ў іншай краіне і раскажа пра перавагі брытанскага дыплома для замежнікаў. З іншых «тыповых» для брытанскіх студэнтаў забавак — конкурс Spelling Bee (вымаўленне слоў па літарах) і спаборніцтва па скрэблу.

Для таго, каб усе госці фестывалю маглі пазнаёміцца з ангельскай літаратурай і мовай, арганізатары падрыхтуюць чатыры стэнды з класікай для буккросінгу. Творы брытанскіх аўтараў у арыгінале будуць даступныя на вялікім кніжным маркеце.

Гуляць

На вуліцы Зыбіцкай за адну ноч узвядуць тэнісны корт у маштабе 1:2 да знакамітага стадыёна ва Уімблдоне. Тут можна будзе атрымаць бясплатны ўрок вялікага тэніса ці сфатаграфавацца з кубкам Максіма Мірнага.

Адчуць сябе членам закрытага англійскага клуба ўдасца падчас трэніроўкі па гольфе ад кампаніі ProGolf. Для фанатаў футбольных клубаў «Манчэстэр Юнайтэд» і «Ліверпуль» кампанія Microsoft правядзе чэмпіянат па футболе на XBox. Гульнявую пляцоўку ад «Палесся» і фотазону ад Mothercare адкрыюць для маленькіх гасцей фестывалю.

Частавацца

Кафэ і рэстараны прыгатуюць стравы па рэцэптах брытанскай кухні. Спецыяльна да фестывалю шэф-кухары распрацуюць аўтарскае меню з фіш-энд-чыпс, пастушыным пірагом і дэсертамі да 5 o’clock tea. Сярод удзельнікаў фудкорта асобную нішу зоймуць «хмельныя» ўстановы з дзясяткамі гатункаў піва. Шумныя бары Верхняга горада таксама далучацца да свята і прапануюць любімыя брытанцамі віскі і эль.

Глядзець і слухаць

Па ўсёй тэрыторыі Верхняга горада прагучаць папулярныя брытанскія мелодыі ў выкананні артыстаў з Вялікабрытаніі. У Мінск едуць барабаншчыкі Melodians Steel Orchestra, кавер-бэнд Somethin’ Regenerated, экс-вакалістка гурта Kosheen.

Пройдзе модны паказ жаночага адзення і аксэсуараў ад Дэвіда Лангшоу, у мінулым дызайнер Alberta Ferretti і моднага дома Max Mara, і яго жонкі Кірсці Уорд. Удзел брэнда Longshaw Ward у брытанскім фестывалі праходзіць пры падтрымцы арганізатараў BFW.

Артысты з Вялікабрытаніі прадэкламуюць урыўкі твораў Шэкспіра, а інтэрпрэтацыю п'есы «Дванаццатая ноч» пакажа Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Мастацкае майстэрства прадэманструе Бэн Тэлан, папулярны ілюстратар з Манчэстэра. Ён прыбудзе ў Мінску за некалькі дзён да фэсту, каб пазнаёміцца з беларускім стрыт-артам, а ўжо на самым свяце створыць арт-аб'ект, які стане падарункам гораду.

Новенькія Jaguar, Bentley, Range Rover і Mini прэзентуюць на вялікім брытанскім «аўтасалоне». Таксама свае дасягненні пакажуць кампаніі Perkins Engines і JCB, сусветныя лідары па вытворчасці машын і абсталявання.

Завершыцца фестываль а 23:00 вечарынай ад лонданскага клубнага брэнда Ministry of Sound.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930