Знайсці
29.05.2018 / 18:092РусŁacБел

Карэйская касметыка знаходзіць усё больш прыхільнікаў па ўсім свеце. Што з яе набываць у Беларусі?

Карэйская касметыка даўно скарае свет. Нядзіва, бо яна недарагая, эфектыўная, з арыгінальным і яркім пакункам.

Паўднёвая Карэя — краіна з самым высокім спажываннем касметычных сродкаў на чалавека ў свеце, дзе фанатычна даглядаюць сябе і фарбуюцца ў тым ліку мужчыны.

Праз шчыльнасць насельніцтва ў карэйскім грамадстве вельмі высокая канкурэнцыя: лічыцца, што паспяховы чалавек павінен быць прыгожым. Школьнікам могуць падарыць пластычную аперацыю, а пры прыёме на любую працу абавязкова вывучаюць фатаграфіі кандыдата. Карацей, карэйцы старанна сочаць за сабой, і таму канкурэнцыя на рынку вельмі высокая.

Што па факце ад гэтага маем мы? Выдатную якасць за адэкватныя грошы. Прычым, па водгуках, якасць карэйскага мас-маркета ці сярэдняга сегмента сродкаў па доглядзе нярэдка лепшая за еўрапейскі люкс.

Наша аўтарка карыстаецца карэйскай касметыкай ужо 6 год і звяртае вашу ўвагу на найлепшыя прадукты з Карэі, якія можна без праблем набыць у Беларусі, не робячы заказы з-за мяжы.

Калі вы яшчэ не знаёмыя са светам гэтай касметыкі, то вельмі важна пачаць з добрага прадукту, інакш першае ўражанне будзе сапсаванае надоўга.

Ачышчэнне. Гідрафільныя алеі і пенкі

Карэйская сістэма догляду прадугледжвае двухэтапнае ачышчэнне: спачатку вы здымаеце макіяж гідрафільным алеем, які растварае ўсю «фарбу», пасля рэшткі алею змываюцца пенкай.

Гідрафільнымі яшчэ бываюць бальзамы, яны адрозніваюцца толькі тым, што цвёрдыя, але працуюць гэтаксама.

Звярніце ўвагу на серыю Missha з нейтральным PH 5.5 — сродкі не парушаюць ахоўны слой скуры, а значыць, на ёй будзе менш запаленняў і раздражненняў. Пенкі добрыя ў брэндаў The Saem, Tony Moly, Missha, і ў прынцыпе ўсе яны прыкладна аднолькавыя.

Танізаванне і першасны догляд. Тонеры, эсэнцыі і эмульсіі

Тонер падобны на еўрапейскі тонік, аднак у азіяцкай сістэме выкарыстоўваецца адразу пасля ўмывання. Яго задача — увільгатніць скуру і падрыхтаваць да нанясення іншай касметыкі. Па кансістэнцыі — вадкае мыла або як лёгкі гель.

Калі добра падабраць тонер, то ўлетку можна карыстацца толькі ім. Добры варыянт для ўсіх тыпаў скуры ў кампаніі The Saem з новазеландскім ільном Harakeke — увільгатненне ад яго вельмі моцнае.

Добрым выбарам для тлустай або камбінаванай скуры будзе Secret Key Hyaluron Soft Micro-Peel Toner: у ім спалучаецца гіялуронавая кіслата, якая добра ўвільгатняе, і кіслоты, што абнаўляюць, робяць скуру мякчэйшай, чысцяць ад чорных кропак і пазбаўляюць ад закупоркі пор. Аб'ём ажно 500 мл, таму банкі хопіць надоўга. Аднак абавязкова выкарыстоўваць гэты сродак разам з крэмам з SPF! Наогул, канцэнтрацыя кіслот у хатніх сродках невялікая, але лепш перастрахавацца. Калі ў вас няма крэму з абаронай ад сонца, наносіць такі тонер можна толькі на ноч.

Эсэнцыя — гэта практычна тое ж самае, што і тонер, аднак гэта прадукт, які ўвільгатняе яшчэ глыбей. Нядаўна вядомая інтэрнэт-крама прывезла слімаковую эсэнцыю COSRX (можаце пагугліць і знойдзеце): у яе эфектыўны, лаканічны і эканомны склад. Слімак у складзе ўвільгатняе, загойвае і рэгенеруе скуру. Падыходзіць для ўсіх узростаў.

Эмульсіі часта ідуць другім этапам у карэйскім доглядзе (пасля тонера або эсэнцыі). Па кансістэнцыі падобныя на вадкі крэм. Яны павінны больш глыбока ўвільгатняць і сілкаваць скуру. Як ужо казалася вышэй, пры добрым падборы сродкаў летам можна абысціся адным тонерам. А вось восенню, зімой і вясной эмульсія не будзе лішняй.

Лепш набываць сродкі з адной серыі: тонер і эмульсія ў пары працуюць больш эфектыўна. І іх дастаткова, каб забяспечыць базавы догляд скуры.

Добрыя эмульсіі, якія можна без праблем знайсці ў нас: The Saem Urban Eco Harakeke Emulsion, Missha Super Aqua Ice Tear Emulsion.

Крэмы

У еўрапейскай касметалогіі крэм вырашае ўсе праблемы. Аднак у карэйцаў крэм выкарыстоўваецца на завяршальным этапе, каб закрыць, запячатаць на скуры тое, што было нанесенае да гэтага. Можна браць з той жа лінейкі, што і тонер-эсэнцыя, а можна асобны.

На любы сезон добрым будзе слімаковы крэм Mizon, які стаў бестселерам па ўсім свеце. Ён увільгатняе, загойвае, перашкаджае ўзнікненню і паглыбленню маршчын. Лепш браць у пластыкавай тубе: так атрымліваецца танней.

Узімку ўладальнікам усіх тыпаў скуры рэкамендаваны The Saem Urban eco Harakeke Root cream. А для тых, каму надакучылі слімакі ад Mizon і хочацца эксперыментаў, можна паспрабаваць слімаковы гель ад COSRX.

Маскі

Маскі — гэта добры дадатак да любога догляду. Сёння вельмі папулярнымі сталі тканкавыя. Увогуле, карэйскія маскі класныя амаль усе (акрамя тых, што каштуюць па 2 рублі і прадаюцца ў супермаркетах). Бярыце прадукцыю вядомых брэндаў: Tony Moly, Missha, The Saem, Steblanc.

Стандартныя маскі ў банках таксама ніхто не адмяняў. Tony Moly Tomatox Magic White Massage Pack мякка ачышчае і крыху сілкуе скуру, асвятляе чорныя кропкі. Missha Dustless Bubble pack to foam — гэта арыгінальная гліняная маска, якая наносіцца як звычайная, пасля чаго пеніцца на твары і глыбока чысціць поры. Таксама ў брэнда Missha ёсць больш класічная маска з вулканічнай глінай, якая выдатна справіцца з ачышчэннем і пры гэтым не перасушыць скуру.

Дадатковы догляд

Сюды можна аднесці сывараткі (яны ж серумы), ампулы, кропкавыя сродкі. Яны, як правіла, накіраваныя на вырашэнне канкрэтных праблем: робяць скуру больш свежай, супакойваюць, загойваюць, змагаюцца са зморшчынамі. Слоічкі з імі невялікія па памеры, значна даражэйшыя, чым астатнія сродкі. Але ў штодзённым доглядзе яны не абавязковыя.

Монабрэндавая крама ў Мінску пакуль ёсць толькі ў аднаго брэнда — Missha. Усё астатняе трэба шукаць альбо ў крамах карэйскай касметыкі, альбо на паліцах некаторых сетак.

Калі казаць пра яркі пакунак, то самы вядомы ў Беларусі брэнд — гэта Tony Moly. Ён з'явіўся ў нас адным з першых, але за яркімі абгорткамі вельмі часта хаваецца сярэдняя якасць. Раю браць толькі таматавую асвятляльную масажную маску. Можна паспрабаваць і тканкавыя маскі. А вось сцікі пад вочы і заціркі для пор не эфектыўныя.

Ліна Несцяровіч, ілюстрацыі аўтаркі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера