Знайсці
24.05.2018 / 09:3333РусŁacБел

Новая праваслаўная царква ва Украіне: якія ёсць варыянты

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Патрыярх Варфаламей, фота з Вікіпедыі.

«Вайна паміж Украінай і Расіяй ідзе не толькі на тэрыконах Данбаса, але і на міжправаслаўнай арэне». Такое выказванне можна прачытаць на адным з украінскіх парталаў.

Вайна ідзе вакол надання ўкраінскаму праваслаўю — будучай Украінскай Царкве — аўтакефаліі. Пакуль што вядзецца псіхалагічная вайна. Але ад гэтага напруга не спадае. Праваслаўны свет на хвіліну быў застыў, калі данеслася вестка, што Усяленскі Патрыярх Варфаламей страціў прытомнасць. На шчасце, гэта працягвалася кароткі час. Але вядомая рэлігіязнаўца, кіраўніца аддзела гісторыі рэлігіі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Людміла Філіповіч не выключае, што Масква, калі ёй не ўдасца націснуць на турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана, а праз Эрдагана — на Варфаламея, можа ўжыць супраць Усяленскага Патрыярха крайнія сродкі. Якія такія сродкі — мы ведаем з гісторыі. Гэта і ледаруб у дачыненні да Льва Троцкага, і выбуховае прыстасаванне ў аўтамабілі Зелімхана Яндарбіева, і гарбата з палоніем для Аляксандра Літвіненкі, і баявое атрутнае рэчыва для Сяргея Скрыпаля і яго дачкі… Арсенал сродкаў у Масковіі заўсёды быў багаты.

У сваёй папярэдняй публікацыі я паказаў на ўзрослую актыўнасць Маскоўскай Патрыярхіі на міжправаслаўнай арэне, яе спробы «апрацаваць» праваслаўную Пентрахію — прадстаяльнікаў Александрыйскай, Антыяхійскай, Ерусалімскай і Кіпрскай цэркваў.

Тое, што Данілаў манастыр не выходзіць на просты кантакт з галавой Пентархіі — архібіскупам Новага Рыма, — даволі паказальна і зразумела.

Адносіны паміж Усяленскім і Маскоўскім патрыярхатамі ніколі не былі добрымі. Створаная з ласкі Сталіна, цяперашняя РПЦ не прыхоўвае сваё жаданне заняць першую пазіцыю сярод 14 кананічных (гэта значыць прызнаных Фанарам) праваслаўных цэркваў. Акрамя таго, Масква памятае, што пасля распаду Расійскай імперыі архібіскуп Новага Рыма прыняў пад свой амафор праваслаўныя цэрквы Фінляндыі, Латвіі ды Эстоніі. Дзякуючы Сталіну праваслаўных хрысціян дзвюх апошніх краін Маскоўская Царква вярнула пад сваю руку толькі па нямецка-савецкай вайне.

Данілаў манастыр не выходзіць на наўпроставы кантакт з Фанарам яшчэ і таму, што памятае, як у 1994—1999 гг. аднавілася Эстонская Апостальская Праваслаўная Царква. Памятае, што, нягледзячы на ўсе яго дэмаршы, Фанар аднавіў дзеянне томасу 1923 г. аб наданні Эстонскай Царкве аўтаномнага статусу. А далей святары і вернікі самі вызначалі, да якой Царквы далучыцца ім ды іх парафіям. Працэс доўжыўся 5 гадоў.

Масква і сёння лічыць Эстонію сваёй «кананічнай тэрыторыяй». Пагатоў яна лічыць «кананічнай тэрыторыяй» і Украіну. Дарма, што томас 1924 г. аб наданні аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве ў Польшчы не скасаваны, а паводле гэтага томасу заходнебеларускія і заходнеўкраінскія землі ўжо былі выведзены з-пад юрысдыкцыі Маскоўскай Царквы. У склад Маскоўскай Царквы іх вярнулі воляю Сталіна. Больш за тое, у Данілавым манастыры выдатна ведаюць і тое, што Канстанцінопаль ніколі не перадаваў Кіеўскую мітраполію і старыя крымскія епархіі Маскве. У прыродзе няма адпускных граматаў на гэты конт. «Сувязі Кіева са Стамбулам, — піша маскоўскі багаслоў протадыякан Андрэй Кураеў, — больш надзейныя, чым з Масквой». (За аб’ектыўнасць даруем нацыяналісту Кураеву, што Канстанцінопаль ён называе Стамбулам, а Усяленскага Патрыярха — турэцкім.)

У сваёй папярэдняй публікацыі я пісаў, што ёсць два варыянты вырашэння ўкраінскага царкоўнага пытання.

Першы: калі Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату (УПЦ КП) і некананічная Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (УАПЦ) не прыйдуць да згоды, Варфаламей можа ўмыць рукі.

Другі варыянт: Варфаламей можа склікаць архірэяў УПЦ КП, УАПЦ ды УПЦ Маскоўскага Патрыярхату на сабор дзеля абрання прадстаяльніка новай Царквы, а потым выдаць томас аб наданні ёй аўтакефаліі.

Цяпер, пасля візіту прадстаўнікоў Новага Рыма ў Эладскую Царкву, які адбыўся ў сярэдзіне гэтага месяца, вымалёўваецца трэці варыянт.

У свой час у праваслаўі была нарадзілася ідэя выпрацаваць нейкі акт аб парадку надання аўтакефаліі. Гэты акт меркавалася прыняць на Святым і Вялікім Саборы Праваслаўнай Царквы, які ў 2016 г. адбыўся на Крыце. На перадсаборных нарадах была выпрацавана працэдура, у адпаведнасці з якой для надання аўтакефаліі патрабаваўся кансэнсус 14 агульнапрызнаных праваслаўных цэркваў (15-я, Праваслаўная Царква ў Амерыцы, з’яўляецца часткова прызнанай). Такім актам, калі б ён быў прыняты, Маскоўскі Патрыярхат і іншыя цэрквы маглі звязаць рукі Усяленскім Патрыярху і Сіноду. Як вядома, Маскоўская Царква праігнаравала Сабор, а дакумент аб парадку надання аўтакефаліі на ім нават не абмяркоўвалі. Такім чынам, рукі Усяленскага Патрыярха засталіся вольныя.

Маючы свабоду дзеянняў і падтрыманы Сінодам Канстанцінопальскай Царквы як Царквы-Маці для праваслаўных хрысціян сучаснай Украіны (з Крымам), Усяленскі Патрыярх, які не прызнае далучэння Кіеўскай мітраполіі і крымскіх епархій да Маскоўскай Царквы, можа, як і пры хросце Кіеўскай дзяржавы ў 988 г., паставіць ва Украіне свайго мітрапаліта. І не абавязкова гэта будзе нехта з архірэяў сучасных УПЦ Кіеўскага і Маскоўскага Патрыярхатаў або УАПЦ. У складзе Канстанцінопальскай Царквы ў Канадзе, Злучаных Штатах ды ў іншых краінах маецца не адна ўкраінская епархія і, паводле маіх падлікаў, 9 архірэяў-украінцаў. А можа Фанар, як і ў эстонскім выпадку, паставіць цалкам нейтральнага чалавека — грэка. І ўжо гэты прадстаяльнік разам з вернікамі і духавенствам УПЦ КП, УПЦ МП ды УАПЦ, якія перайдуць пад яго амафор, будзе будаваць новую Украінскую Царкву.

Вось гэтай новай Царкве, узначаленай мітрапалітам, якога паставіў Сінод Канстанцінопальскай Царквы, Усяленскі Патрыярх і можа даць томас аб аўтакефаліі. Такім чынам Фанар пазбавіць Данілаў манастыр магчымасці сцвярджаць, што ён легітымізуе «раскольнікаў» з УПЦ КП і УАПЦ.

Не выключана, што галава новай Царквы ва Ўкраіне атрымае, на грэцкі ўзор, тытул архібіскупа. Тады епархіяльныя архірэі будуць мітрапалітамі і проста біскупамі. Наўрад ці новая Царква атрымае патрыярха. Іншае пытанне — якая будзе гэта аўтакефалія. Ці будзе новая Царква мець права міраварэння? Напрыклад, Праваслаўная Царква Чэшскіх Земляў і Славакіі такога права не мае, міра атрымлівае з Канстанцінопаля, але з’яўляецца аўтакефальнай і агульнапрызнанай.

Калі такі сцэнар — стварэнне новай Царквы ва Украіне — здзейсніцца, для яе усеагульнага прызнання спатрэбіцца працяглы час, але самае важнае прызнанне — прызнанне Канстанцінопальскай Царквы і Усяленскага Патрыярха — яна атрымае. Калі такі сцэнар здзейсніцца, можна будзе сказаць, што пазіцыі яшчэ аднаго савецкага інстытута, а менавіта РПЦ, будуць ва Украіне істотна падарваныя. Стварэнне новай Царквы можна будзе параўнаць з дэкамунізацыяй Украіны, бо РПЦ, што ні кажы, — прадукт камуністычнага рэжыму. Істотна звузіцца і «русский мир», а сама РПЦ, губляючы свае пазіцыі ва Украіне, ужо не зможа прэтэндаваць на выключную ролю ў Праваслаўі.

Масква — і Данілаў манастыр, і Крэмль — прыкладуць максімум намаганняў, каб украінская аўтакефалія не здзейснілася. І ўсё ж будзем спадзявацца, што ў маскоўскіх кабінетах устрымаюцца ад крайніх мераў у дачыненні да Варфаламея, пра якія піша доктар Людміла Філіповіч. Будзем спадзявацца, што антыімперыялістычную айчынную вайну і ў Данбасе, і на праваслаўнай арэне Украіна выйграе. А выйграе Украіна — выйграе і Беларусь.

Чытайце таксама: Масква занепакоена крокамі Кіева да аўтакефаліі, а Мінск зноў губляе шанц

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930