Даслаць навіну
Знайсці
21.05.2018 / 12:38 19

«Белсат»: Сын Шэймана мае бізнэс у Расіі, звязаны з былым генералам ФСБ

Павялічыць выяву

Сяргей Шэйман.

Сын Віктара Шэймана, які нядаўна засвяціўся ў якасці дарадцы бацькі, імаверна, мае непразрысты бізнес у Расеі. Ягоны партнёр — адстаўны генерал ФСБ, блізкі да «касіра» Дзмітрыя Мядзведзева. Падрабязнасці — у расследаванні belsat.eu.

Напачатку сакавіка кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Віктар Шэйман з афіцыйным візітам наведаў Зімбабвэ. Пра візіт у Беларусі сталася вядома толькі постфактум, калі Шэйман даў справаздачу Аляксандру Лукашэнку пра заключэнне кантрактаў з афрыканскаю краінаю на суму $ 58 млн.

Павялічыць выяву

Віктар Шэйман

Паводле зімбабвійскага выдання «The Herald», у складзе беларускай дэлегацыі, сярод іншых, прысутнічаў сын Шэймана — Сяргей. Апошні быў прэзентаваны як дарадца («advisor») кіраўніка дэлегацыі. Пра тое, што Сяргей працуе разам з бацькам, раней нічога не паведамлялася.

Сын Віктара Шэймана — асоба вельмі непублічная. Ён не мае старонкі ў сацыяльных сетках, не наведвае адкрытых прыёмаў і не дае інтэрв’ю. Таму вядома пра яго мала: як летась пісала «Наша Ніва», Сяргей Шэйман мае дыплом юрыста, пэўны час працаваў галоўным кантралёрам Камітэту эканамічнага кантролю пры Менскім аблвыканкаме, арганізоўваў канцэрты «За Беларусь!», а потым заняўся бізнесам.

Пра ягоны бізнес у Беларусі нічога не вядома. Затое чалавек з ідэнтычнымі звесткамі — Сяргей Віктаравіч Шэйман — засвяціўся ў Расеі.

Шэйман у Тальяці

У расейскім Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў (ЕГРЮЛ) Сяргей Віктаравіч Шэйман фігуруе як сузаснавальнік ТАА «Теп-холдинг» у Тальяці (Самарская вобласць). У Статыстычным рэгістры РФ фірма пазначаная як мікрапрадпрыемства (колькасць працаўнікоў — менш за 15) з беларускім капіталам і маленькім статутным фондам — 40 тыс. расейскіх рублёў (каля $ 640).

Павялічыць выяву

Выпіска з ЕГРЮЛ. Звярніце ўвагу на тое, што ў С. Шэймана не пазначаны індывідуальны нумар падаткаплатніка — гэтак бывае, калі чалавек не з’яўляецца грамадзянінам Расеі і не сплочвае там падаткаў.

«Теп-холдинг» быў створаны ў 2006 годзе. Асноўны від дзейнасці, паводле ЕГРЮЛ, — арэнда і кіраванне арандаванай нерухомасцю. Плюс 46 дадатковых відаў дзейнасці (ад брокерскіх паслуг да гандлю металамі і палівам).

«Гэта вельмі непублічны бізнес. І, мяркуючы з усяго, немаштабны», — адзначае ў размове з belsat.eu журналіст Раман Аўрусін, кіраўнік аддзелу «Кампаніі і рынкі» ў газеце «Самарское обозрение».

Якія прыкметы таго, што «непублічны» бізнес сапраўды дзее, нам удалося знайсці ў адкрытым доступе? На сайце cadress.ru, які акумулюе інфармацыю пра дзяржаўныя закупкі ў Расеі, адзначаюць: «Теп-холдинг» браў удзел у тэндарах, звязаных у тым ліку з войскам. Напрыклад, кампанія прэтэндавала на пастаўку будаўнічых матэрыялаў у адную з тальяцінскіх вайсковых частак, пастаўку лекаў у санаторый Міністэрства абароны «Прыволжскі», а таксама паліва для Федэральнай падатковай інспекцыі. Акрамя таго, «Теп-холдинг» рэгулярна браў удзел у тэндарах на рэалізацыю канфіскату.

Паводле звестак бізнес-каталогу findcoms.ru, гадавы абарот «Теп-холдинга» складае 808 млн расейскіх рублёў (каля $ 13 млн). Праўда, пацверджання гэтых лічбаў з іншых крыніцаў няма.

Разам з Сяргеем Шэйманам заснавальнікі «Теп-холдинга» — яшчэ трое грамадзянаў РФ: Айдар Аўхадзіеў, Вальдэмар Паклар і Анатоль Ткачук. Кожны з іх мае па 25 % ва ўстаўным капітале.

Сузаснавальнікам «Теп-холдинга» Сяргей Шэйман зрабіўся ў снежні 2009 года. Кампанія на той момант існавала ўжо тры гады. У той жа дзень у лік заснавальнікаў тальяцінскай фірмы ўвайшоў Анатоль Ткачук — адстаўны генерал-маёр ФСБ.

Чэкіст, бізнесовец, пісьменнік

Павялічыць выяву

Анатоль Ткачук. Фота — pioportal.ru

Калі ў Беларусі хтосьці і ведае Анатоля Ткачука, то, хутчэй за ўсё, як аўтара шпіёнскіх раманаў — ягоныя творы можна набыць у кнігарнях. Але літаратура — гэта проста хобі Ткачука.

З 1972 да 1998 года Ткачук працаваў у органах дзяржбяспекі, дзе даслужыўся да звання генерал-маёра ФСБ. Пасля чарнобыльскай катастрофы ён узначаліў групу контрвыведкі КГБ СССР на забруджаных тэрыторыях. У 1998 годзе Ткачук выйшаў у адстаўку і заняўся бізнесам.

Таксама Анатоль Ткачук займае кіроўныя пасады ў шэрагу лабісцкіх структураў: Камісіі абаронча-прамысловага комплексу Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП), Фінансава-банкаўскай асацыяцыі Еўраазіяцкай супрацы (ФБА ЕАС), Міжнародным кангрэсе прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (МКПП). Дарэчы, старшыня МКПП — Арцём Чайка, сын генеральнага пракурора РФ.

Два генералы

Не вядома, ці былі знаёмыя Віктар Шэйман і Анатоль Ткачук у час працы апошняга ў контрвыведцы, але пасля пачатку бізнес-кар’еры адстаўнога чэкіста яны дакладна сустрэліся.

Павялічыць выяву

Шэйман і Ткачук у Гане, 2010 год. Фота — peacefmonline.com

У ліпені 2010 года адбылася падзея, падрабязнасці якой не распавядалі дзяржаўныя медыі: візіт супольнай беларуска-расейскай дэлегацыі ў Гану. Як паведамляе «Ghana Business News», беларускі бок у ёй рэпрэзентоўваў Віктар Шэйман, тады памочнік прэзідэнта ў асобых даручэннях, а Расею — Анатоль Ткачук у якасці віцэ-прэзідэнта РСПП. Дэлегаты правялі перамовы з пяццю міністрамі Ганы. Гаворка ішла пра ўдзел беларускіх і расейскіх інвестараў у нафтагазавых праектах. Паводле парталу modernghana.com, агулам інвестыцыі мелі скласці мільярд долараў.

Пазней Шэйман яшчэ тройчы прыляціць у Акру — у 2011, 2012 і 2013 гадах. Кожны раз там будуць прысутнічаць і прадстаўнікі Расеі, імаверна, уласна Ткачук або ягоныя людзі. Пра якія канкрэтна праекты дамовіліся бакі і наколькі яны былі паспяховыя, грамадскасці не вядома.

Павялічыць выяву

Шэйман з Ткачуком перадаюць сувенір віцэ-прэзідэнту Ганы Джону Магаму. Фота — peacefmonline.com

У 2011-м Шэйман гаварыў у Гане і пра вайсковую супрацу. Паводле мясцовых СМІ, беларускі чыноўнік абмеркаваў з міністрам абароны Ганы магчымасць будоўлі сэрвіснага цэнтру для верталётаў МІ-7, дзе рамантаваліся б верталёты з усёй Афрыкі.

Такім чынам: Шэйман-старэйшы ды Ткачук добра знаёмыя, неаднаразова бачыліся і маюць супольныя бізнес-інтарэсы, як мінімум у Афрыцы.

Нагадаем: на момант першага візіту ў Гану Анатоль Ткачук і Сяргей Шэйман ужо больш за паўгода мелі бізнес у Тальяці.

Тытан, афшор і забойства

Павялічыць выяву

Анатоль Ткачук і прэзідэнт РСПП Аляксандр Шохін

Маштабы грамадскай і камерцыйнай дзейнасці Анатоля Ткачука не надта спалучаюцца з мікрапрадпрыемствам у Тальяці. Асноўныя актывы генерал-маёра ФСБ — гэта «Руститан», «Русминресурсы», «Центрстрой» і група кампаніяў «Chemico». Сфера ягоных інтарэсаў — дзяржаўныя падрады ў абаронай сферы ды праца з прыроднымі рэсурсамі. Напрыклад, кампанія «Русминресурсы» яшчэ ў 2011 годзе атрымала ў распрацоўванне найбуйнейшае ў Расеі радовішча тытану — праект прадугледжвае інвестыцыі на суму $ 1,3 млрд.

Атачэнне генерала ФСБ дае ўяўленне пра тое, з кім ён звычайна вядзе бізнес. Напрыклад, сярод сузаснавальнікаў «Руститана» і «Русминресурсов»:

— Яўгеній Трафімаў — экс-міністр унутраных справаў Рэспублікі Комі;

— Віктар Прыходзька — генеральны дырэктар Нацыянальнага радыётэхнічнага бюро, якое кантралюе і размяркоўвае радыёчастоты ў партнёрстве з Міністэрствам абароны;

— Іван Касцюкевіч — паводле расследавання «Новай газеты», такі чалавек называўся «палкоўнікам контрвыведкі ў адстаўцы» ды браў удзел у патранаванні наркатрафіку.

Акрамя таго, Ткачук меў справы з уцеклым дэпутатам Дзяржаўнай думы Дзянісам Вараненкавым, якога ў сакавіку 2017 года забілі ў Кіеве. Ім абодвум належаў афшор на Брытанскіх Віргінскіх выспах — «Kaul Engineering Ltd».

Павялічыць выяву

На месцы забойства Вараненкова. Фота — Sergii Kharchenko

Таксама Ткачук з Вараненкавым фігуравалі ў гісторыі з забойствам бізнесоўца. Экс-уладальніка нямецкіх карабельняў «Wadan Yards» Андрэя Бурлакова застрэлілі ў маскоўскім рэстаране ў верасні 2011 года. Тады ў сваім звароце да Генпракурора удава Бурлакова назвала Вараненкава і Ткачука арганізатарамі забойства (абодва сваю датычнасць да злачынства зняпраўджвалі). Прычым Ткачук, паводле яе, быў дарадцам у справах бяспекі Ігара Юсуфава — тагачаснага адмысловага прадстаўніка прэзідэнта РФ у пытаннях міжнароднай энергетычнай супрацы.

«Кашалёк» Мядзведзева шукаў дарог у Беларусь?

Павялічыць выяву

Ігар Юсуфаў. Фота — gazprom.ru

Ткачук, з ягонымі сувязямі ў ФСБ, ідэальна пасаваў Ігару Юсуфаву. Сёння ён разам з сынам Віталем уваходзіць у топ-200 расейскага спісу «Forbes».

Ігар Юсуфаў працаваў ва ўрадзе яшчэ ў ельцынскі час, апекаваўся гандлем узбраеннямі, золатам і алмазамі. У 2001 годзе Юсуфава прызначаюць міністрам энергетыкі, амаль адначасова ён узначальвае савет дырэктараў «Роснефти» і ўваходзіць у раду дырэктараў «Газпрома». Пры Мядзведзеве Юсуфаў робіцца адмысловым прадстаўніком прэзідэнта ў міжнароднай энергетычнай супрацы. На той момант сын Юсуфава Віталь ужо набывае вагу ў бізнесе. Бацька і сын Юсуфавы выкупаюць нямецкія карабельні «Wadan Yards» і долю ў Банку Масквы. Пры ўгодзе яны выступалі як прыватныя асобы, але партнёры сведчылі: «Юсуфаў казаў, што дзейнічае ў інтарэсах прэзідэнта». То бок здабытыя актывы мусілі перайсці пад кантроль уладаў. З гэтай нагоды СМІ пачалі называць Юсуфава-старэйшага «кашальком Мядзведзева». Пасля скандалу ён сыходзіць у адстаўку з дзяржаўнай пасады і працягвае займацца бізнесам.

Але што звязвае сям’ю Юсуфавых з Беларуссю? У 2012 годзе Лукашэнка распавядаў, што расейцы хацелі набыць «Беларуськалій» за заніжаны кошт ($ 10 млрд замест $ 32 млрд), а за гэтую ўгоду яму прапаноўвалі хабар $ 5 млрд праз Мішу (імаверна, Міхаіла Гуцэрыева), які рэпрэзентоўваў інтарэсы расейскіх алігархаў.

«Прыйшоў пацан у 30 гадоў смаркаты, мільярдэр…» — гэтак, паводле шэрагу медыяў, Лукашэнка ацаніў тады менавіта Віталя Юсуфава. Аднак афіцыйна ягонае імя не прагучала.

Віталь Юсуфаў. Фота — Global Look Press

Што датычаць Юсуфава-старэйшага, то ў спецыялізаваных блогах пішуць: ён блізка знаёмы з Віктарам Шэйманам, яны нібыта разам займаліся гандлем зброяй. Але доказаў такой версіі няма.

Тальяцінская пракладка

«Теп-холдинг» Сяргея Шэймана і Анатоля Ткачука мае класічныя прыкметы фірмы-пракладкі.

1. Фірма зарэгістраваная ў прыватнай кватэры ў тальяцінскім панэльным доме. Кватэра належыць аднаму з сузаснавальнікаў — Вальдэмару Паклару. На гэты ж адрас зарэгістраваная яшчэ мінімум адна кампанія. Пры гэтым у мясцовым бізнес-асяроддзі пра Паклара і «Теп-холдинг» не чулі.

Павялічыць выяву

Менавіта ў гэтым доме знаходзіцца юрыдычны адрас кампаніі «Теп-холдинг». Фота — Google Maps

2. Дырэктар фірмы Сяргей Смірноў — тыповы зіц-старшыня. Ён дырэктар і заснавальнік шэрагу фірмаў у розных гарадах Расеі, пры гэтым сам жыве не ў Тальяці ды нават не ў Самарскай вобласці, а ў Екацярынбурзе. Як распавялі belsat.eu знаёмыя Смірнова, у родным горадзе ён займаўся рамонтам катэджаў, меў сваю брыгаду работнікаў і фінансавыя праблемы.

Павялічыць выяву

У інтэрнэце звесткі Смірнова можна знайсці з паметаю «нядобрасумленны замоўца».

Агулам за апошнія 10 гадоў Смірноў быў дырэктарам або заснавальнікам 19 кампаніяў. Тры з іх з часткаю «Теп» у назве.

3. Акрамя Паклара, ніхто з сузаснавальнікаў ніяк з Тальяці не звязаны. Ткачук жыве ў Маскве, Аўхадзіеў — у Елабузе (ён топ-менеджар у прадуктовым холдынгу «Эссен Продакшн АГ»).

«Безумоўна, гэта фірма-пракладка з дырэктарам-«наміналам», — распавядае нам на ўмовах ананімнасці камерсант з Расеі, які добра ведае асаблівасці расейскага «шэрага» бізнесу. — Я не магу сказаць, наколькі гэта брудная пракладка: без доступу да банкаўскіх звестак такія высновы зрабіць немагчыма. Хутчэй за ўсё, там няма брутальнага крыміналу — інакш рэальныя ўладальнікі фірмы не свяціліся б у спісе сузаснавальнікаў. Чаму яны не запісалі ўсёй фірмы на таго ж «намінала»? Імаверна, для падстрахоўкі. Фірму, дзе ўсё запісана на аднаго «намінала», вельмі лёгка «адціснуць» — прыедуць сілавікі і прымусяць усё перапісаць на сваіх людзей. А калі ты застаешся сярод заснавальнікаў, зрабіць гэта складаней. Пракладкі неабходныя, каб прапускаць фінансавыя плыні — ухіляцца ад падаткаў, прыкрываць шэрыя ўгоды і акумуляваць прыбытак або працаваць з абнаяўліваннем. Звычайна такая фірма — адное са звёнаў, праз якія праходзяць грошы».

Belsat.eu не ўдалося атрымаць адказаў на пытанні наконт дзейнасці «Теп-холдинга» ад яго кіраўніцтва. Сяргей Смірноў і Вальдэмар Паклар катэгарычна адмовіліся размаўляць. Айдар Аўхадзіеў спачатку заявіў, што не ведае, як ягоныя звесткі трапілі ў спіс сузаснавальнікаў «Теп-холдинга», і ні з кім з гэтай фірмы ён не знаёмы, а потым перастаў выходзіць на сувязь. Сакратарка Анатоля Ткачука адмовілася звязаць нас з ім, спаслаўшыся на тое, што начальнік у камандзіроўцы. Кантактнага нумара офіса «Теп-холдинга» наагул не існуе.

Пытанне без адказу

Застаецца адкрытым пытанне: хто насамрэч сёння Сяргей Шэйман — чыноўнік ці бізнесовец? І ці няма тут канфлікту інтарэсаў беларускай дзяржавы і бізнесу?

У адказ на наш афіцыйны зварот Кіраўніцтва спраў прэзідэнта заявіла: Сяргей Шэйман у ведамстве не працуе, і ў склад беларускай дэлегацыі ў Зімбабвэ кіраўніцтва яго не ўключала.

Павялічыць выяву

Адказ Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

Магчыма, у Кіраўніцтве спраў Сяргей Шэйман сапраўды не займае ніякай пасады. Але рэпарцёр «The Herald» Тэндай Мугабэ, які асвятляў візіт беларусаў у Харарэ ў сакавіку, пацвердзіў belsat.eu, што Шэйман-малодшы прысутнічаў там як дарадца («advisor») і выступаў перад зімбабвійскімі чыноўнікамі з «прэзентацыяй».

Атрымаць каментар ад Сяргея Шэймана наконт ягоных дачыненняў з Кіраўніцтвам спраў прэзідэнта і наконт бізнесу ў Расеі belsat.eu пакуль не ўдалося.

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева, belsat.eu

0
Нямір / адказаць
22.05.2018 / 09:20
Добры матэрыял. НН дзякуй!
0
Элтон Макс / адказаць
22.05.2018 / 13:03
Яблоко от яблони далеко не падает.
0
? / адказаць
22.05.2018 / 15:11
Цікава, што думае сынок пра зніклых палітыкаў і журналіста?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30