Даслаць навіну
Знайсці
21.05.2018 / 11:50 21

Тут ляжыць дзве сотні беларусаў: падарожжа ў Монтэ-Касіна, дзе адбылася адна з самых вядомых бітваў Другой сусветнай

Бываюць падзеі, што рыхтуюцца адмыслова да юбілеяў, значных датаў, а бываюць супадзенні — твайго жыцця і гістарычных угодкаў. Гэткаю выпадковаю стала сёлетняя паездка з калегамі на Монтэ-Кассіна за тыдзень да чарговай гадавіны тае крывавае бітвы, што скончылася 18 мая 1944 г.

Павялічыць выяву

Да гарадка Кассіна (менавіта так, паводле мовазнаўцаў, мелася б правільна па-беларуску пісацца італьянская назва Cassino) ад Неапаля можна даехаць за дзве гадзіны на рэгіянальным цягніку. У горадзе і ваколіцах знаходзяцца тры мемарыяльныя могільнікі, звязаныя са знакамітай бітвай: брытанскі (каля 5 тысячаў пахаванняў), нямецкі (каля 20 тысячаў) і польскі (каля 1 тысячы). Пры гэтым да апошняга дабірацца найскладаней: трэба ўздымацца высока ўгару, амаль да самага бенедыктынскага абацтва, за якое так жорстка змагаліся ў 1944-м.

Павялічыць выяву

Выгляд абацтва з могілак

Ад чыгуначнага вакзала ў Кассіна да дзейнага і сёння абацтва тройчы на дзень ходзіць мясцовы аўтобус, што за 1 еўра падыме вас на вышыню больш як 500 метраў. Калі не трапілі на аўтобус, можна даехаць на таксоўцы ў любы час, але ўжо за 20 еўра. Пераважная ж большасць наведнікаў і ў абацтва, і на польскі могільнік прыязджаюць адмысловымі экскурсійнымі аўтобусамі. Шмат іх мы спаткалі каля ўваходу ў каталіцкую святыню, значна меней, але былі тыя аўтобусы і на могілках.

Павялічыць выяву

Польскі вайсковы могільнік знаходзіцца на той самай гары, крыху ніжэй па схіле за абацтва (хвілінаў 10-15 пешкі). Ён быў запачаткаваны адразу пасля сканчэння бітвы, паводле загаду генерала Уладзіслава Андэрса — камандзіра 2-га Польскага корпуса, што стаў асноўнай вайсковай сілаю ў змаганні за стратэгічную вышыню. Каля 1050 жаўнераў былі пахаваныя тут ужо да адкрыцця могільніка ў верасні 1945 г. Колькі асобаў дадалося пазней, у тым ліку і сам генерал Андэрс з жонкаю.

Памерлы ў 1970 г. у Лондане, ён завяшчаў пахаваць сябе побач са сваімі жаўнерамі.

Павялічыць выяву

Магіла Уладыслава Андэрса і яго жонкі Ірэны

Пахаванні на могільніку месцяцца ў дзевяці вялікіх секцыях (па два шэрагі ў кожнай), якія размяшчаюцца на розных узроўнях — кожны наступны ўсё вышэй па схіле. Пераважная большасць надмагілляў мае традыцыйныя чатырохканцовыя крыжы, але ёсць секцыі і з шасьціканцовымі праваслаўнымі, а таксама іўдзейскія пахаванні.

Павялічыць выяву

Праваслаўная секцыя

Павялічыць выяву

Габрэйская секцыя

Нас, зразумела, цікавілі пахаваныя на могільніку жаўнеры-беларусы. Паводле сведчанняў эміграцыйных публікацыяў яшчэ ад пачатку 1950-х, тут знайшлі спачын больш за 250 нашых суайчыннікаў (паводле гісторыка Юрыя Грыбоўскага, менавіта беларусаў сярод іх каля 180). Нараджэнцаў беларускіх земляў тут можна знайсці ва ўсіх секцыях, але ў праваслаўнай іх пераважная большасць.

Мы ішлі ўздоўж шэрагаў пахаванняў, учытваючыся ў надпісы. На большасці надмагілляў пазначаны рэгіён (найчасцей павет), з якога паходзіў жаўнер. Спыняліся перад кожным «нашым», рабілі здымкі.

Багата тут Наваградскага, Пастаўскага, Ваўкавыскага, Браслаўскага, Ашмянскага і іншых заходнебеларускіх паветаў, жыхароў якіх пасля 1939 г. шмат вывозілі ў далёкую Сібір, адкуль праз колькі гадоў яны намагаліся трапіць у «ратавальную» польскую армію, каб знайсці апошні спачын у гэткай жа няблізкай італьянскай зямлі…

На некаторых надмагіллях польскія нацыянальныя стужкі, на магілах жаўнераў з Львова — жывыя кветкі-гваздзікі, відаць, нядаўна была тут украінская дэлегацыя. Надпісы на надмагіллях паказваюць шырокую геаграфію ўдзельнікаў бітвы: сустракаецца і расійская Разань, і амерыканскі Нью-Джэрсі… На адным надмагіллі месцам нараджэння пазначаны «Мінск. Расія». На 1917 г. гэта, безумоўна, было праўдаю, але непрыемна чапляе гэтая пазнака…

Павялічыць выяву

Пахаванне за пахаваннем абыходзім увесь могільнік. Зробленыя здымкі ўсіх «нашых» надмагілляў. Яны з часам будуць апрацаваныя і дададзеныя ў віртуальную базу звестак пра беларускія пахаванні на Захадзе, што мы ствараем.

Павялічыць выяву

Варта адзначыць, што польскі могільнік на Монтэ Кассіна — адно з найбольшых месцаў кампактнага пахавання беларусаў на чужыне. Большымі ёсць хіба што адмысловыя беларускія могільнікі, створаныя паваеннымі эмігрантамі ў Нью-Джэрсі, Кліўлендзе ці Мельбурне. Але да стварэння гэтага мемарыялу беларусы дачынення не мелі.

Павялічыць выяву

На эміграцыі сярод беларусаў былі ветэраны Монтэ Кассіна, што згадвалі тыя падзеі, адзначалі ўгодкі. Захаваліся сціплыя сведчанні пра бітву ў мастацкай літаратуры, згадаем «Смерць і салаўі: Успаміны афіцэра-беларуса з-пад Монтэ-Кассіна» Пётры Сыча. Або вось яшчэ «Макі» Міхася Кавыля:

Можа сэрцу мне даць адпачынак
На аблоні суцішных вятроў?
Макі, макі на Монтэ-Касіна
Беларуская жывіць кроў.

Хай квітнеюць на вояў магілах,
Мне ня шкода, люблю я квяты;
Але бачу — арол белакрылы
Па-над макамі ў небе застыў.

Беларусаў ён душы вартуе,
Каб да Бога са скаргай ня йшлі,
Што за справу ня тую сьвятую,
За чужую палеглі ў зямлі…

Не, я сэрцу ня дам адпачынак
На аблоні суцішных вятроў, —
Макі, макі на Монтэ-Касіна
Беларуская жывіць кроў…

 

Наталля Гардзіенка, budzma.by

0
эколог / адказаць
23.05.2018 / 14:13
 11 мая 1944 г. в бои у монастыря вступил II Польский корпус. В этой битве II Польский корпус понес тяжелые потери — 924 человека убитыми и 4199 ранеными. По подсчетам историков, 177 солдат, погибших при штурме укреплений, были белорусами.....В апреле 1944 года 2-й Польский Корпус в Италии насчитывал около 48 000 войска. Он входил в состав 8-й Армии Британской.В ночь на 11 мая 1944 года после долгих и трудных приготовлений началась решающая четвертая битва за прорыв линии Густава посредством выполнения двух операций по окружению монастырской возвышенности Монте-Кассино.
Подробнее на сайте: http://polski.pro/o-polsce/monte-kassino-bitva-za-polshu
==========================================
А  до  этого  было  3  штурма  Монте-Кассино , в  которых  II Польский корпус  не участвовал.

Читать полностью: https://news.tut.by/society/510790.html?crnd=39270


Читать полностью: https://news.tut.by/society/510790.html?crnd=39270
5
Martin / адказаць
23.05.2018 / 20:43
Zobaczyła żaba, że konie kują i sama nogę podstawia...
Czyście już na głowy poupadali? Jacy Białorusini?
0
Кот Мартын / адказаць
28.05.2018 / 19:51
Вечная память героям..
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30