Знайсці
21.05.2018 / 10:549РусŁacБел

Якія абследаванні мусіць штогод праходзіць кожная жанчына і калі варта памяняць гінеколага

Упершыню гінеколагаў мы наведваем яшчэ падчас медыцынскіх аглядаў у дзiцячым садку i школе. І ў той час многімі гэта ўспрымаецца як сарамлівая і не зусім патрэбная працэдура. Пазней жанчыны ўжо самі шукаюць таго самага, свайго спецыяліста, якому давераць здароўе. Знайсці добрага гінеколага — справа не з самых простых, звычайна гэта робяць праз парады добра знаёмых людзей.

Разам з акушэркай-гінеколагам, кіраўніцай першай афлайн- і анлайн-пляцоўкi для ўзаемадзеяння бацькоў з вядучымі спецыялістамі сфер аховы здароўя «МамаPro»* Дзіянай Мардас мы разабраліся, як павінен паводзіць сябе карэктны спецыяліст і якія абследаванні пажадана праходзіць кожнай жанчыне, каб трымаць здароўе пад кантролем.

Дзіяна Мардас. Фота з асабістага архіва.

Гінеколаг не можа «тыкаць» і павучаць

Любы доктар, хоць то гінеколаг, гастраэнтэролаг ці педыятр, працуе згодна з кодэксам медыцынскай этыкі. У ім прапісаныя відавочныя і зразумелыя фармулёўкі: ні адзін лекар не мае права навязваць пацыенту свае палітычныя, філасофскія і іншыя погляды.

Кажучы простымі словамі, лекар — гэта прафесія без ацэнкі і павучання, без асуджэння ладу жыцця іншых людзей.

Здаецца відавочным, але ўсё ж скажу. Першапачаткова спецыяліст павінен размаўляць з пацыентамі на «вы». Я прытрымліваюся меркавання, што паміж імі павінна існаваць дыстанцыя і абавязкова — павага адзін да аднаго. Перайсці на «ты» можна толькі калі абодва бакі пра гэта дамовіліся, бо для іх такая форма камунікацыі больш зручная і даверлівая.

Недапушчальна, каб падчас прыёму ў кабінет урываўся нехта «трэці»

Прыём у лекара — вельмі інтымная працэдура, таму ніхто не мае права залятаць у кабінет. Калі ж сітуацыя складаная і неабходны кансіліум, трэба растлумачыць гэта пацыентцы.

Доктар не мае права дзяліцца звесткамі пра ваша здароўе ні з кім іншым, акрамя вас

Пры ўмове, канечне, што вам ёсць 18 год і вы самі гэтага хочаце. Да 18-ці, згодна з беларускім заканадаўствам, агляд гінеколага праходзіць са згоды бацькоў.

Шмат у каго адразу ўзнікае пытанне: а ці маюць права бацькі ведаць усе нюансы агляду, у тым ліку, ці з'яўляецца іх дачка нявіннай? Бацькі маюць права на поўную інфармаванасць пра стан здароўя дзіцяці. Але я б хацела закрануць іншы аспект.

Як часта маці прыходзяць да спецыяліста, каб даведацца, як правільна пагаварыць з дачкой, растлумачыць ёй нюансы палавога паспявання? Такіх людзей на мільёны беларусаў — адзінкі.

Пытанні пра колькасць партнёраў задаюцца толькі калі на тое ёсць прычыны

Напрыклад, у пацыенткі ўзнікла захворванне, якое перадаецца палавым шляхам. І па правілах лячыць яго трэба не толькі ў яе, але і ў партнёра (ці партнёраў). Пытанне доктара пра колькасць мужчын, з якімі меўся інтымны кантакт, тут будзе дарэчным і неабходным. Яно задаецца не таму, што гінеколаг спрабуе абвінаваціць пацыентку ў нечым, а каб падабраць максімальна эфектыўнае для ўсіх лячэнне.

Гінеколаг не можа настойваць на тым, што вам трэба нарадзіць

Праўда, буду сумленнай. Як кожны, хто абраў прафесію гінеколага, я ішла вучыцца, каб потым звязаць сваё жыццё са шчасцем датычнасці да з’яўлення новага жыцця.

Але, безумоўна, лекар не павінен уплываць на рашэнне жанчыны, нараджаць ёй ці не. Больш за тое, не можа гэтага рабіць ні муж, ні сваякі. На гэта не павінен уплываць і фактар сталага ўзросту. Дзяцей трэба нараджаць у каханні і ад кахання.

Аднак доктар можа папярэдзіць жанчыну, калі ў яе засталося няшмат часу да менапаўзы, парэкамендаваць нешта, падзяліцца сваім пунктам гледжання, па-людску параіць.

Спецыяліст можа давесці жанчыне, што роды перазапускаюць і амалоджваюць арганізм.

Ёсць вялікі шэраг даследаванняў на гэтую тэму. Нікога ж, думаю, не здзівіць інфармацыя, што падчас цяжарнасці гарманальная сістэма адпачывае ад шматлікіх перагрузак i скачкоў, а пасля запускаецца i працуе з новай інтэнсіўнасцю.

У якіх выпадках доктар можа параіць падумаць пра цяжарнасць? Гэта можа быць сітуацыя з дыягназам сіндрому абясплоджвання яечнікаў, таксама пры некаторых формах эндаметрыёзу і ў іншых прыватных сітуацыях, якія могуць паўплываць на цяжарнасць.

Калі лепш змяніць гінеколага?

Паход да гінеколага — справа інтымная. Тут лёгка можна проста не сысціся характарамі. Якім бы прафесіяналам ні быў доктар, ён таксама чалавек і, як у кожнага чалавека, у яго свой тэмперамент і падыход да пацыентаў.

Добрага спецыяліста трэба шукаць так жа патрабавальна, як ставіцца да выбару каханага чалавека.

Параю адно: не варта «скакаць» з адной медыцынскай установы ў іншую, ад аднаго лекара да другога. Прычына відавочная: трэба каб у вас меўся чалавек, у якога на адну з палiчак у галаве адкладзеная ўся ваша медыцынская гісторыя, нюансы, супрацьпаказанні. Каб ён не пачынаў справу з чыстага ліста. Калі ў вас быў, напрыклад, хламідзіёз, а цяпер не атрымліваецца зацяжарыць, каб доктар разумеў, што, хутчэй за ўсё, у гэтым вінаватыя спайкі, якія ўзнікаюць падчас гэтай хваробы.

Ці праўда, што гінеколагі — самыя цяжкія пацыенты для калег?

Гінеколагі — самыя неарганізаваныя пацыенты, гэта можна сказаць з усёй упэўненасцю. Яны звяртаюцца да лекара пазней, чым варта было б, таму што заўсёды лічаць, што могуць самi паставіць сабе дыягназ.

Колькі разоў на год трэба наведваць кабінет гінеколага?

Жанчыны розныя. І камусьці варта завітваць да гінеколага часцей, камусьці — зрэдку, у экстраных сітуацыях — адразу і неадкладна.

Згодна з планам дыспансерызацыі, жанчыны, у залежнасці ад стану здароўя, падзяляюцца на некалькі груп. І кожная з нас нечакана можа перайсці з адной групы ў іншую.

Калі вас нічога не турбуе, я раю рабіць гэта мінімум раз на год:

каб быць дакладна ўпэўненай у тым, што ўсё добра, і каб падтрымліваць такі стан. Рэкамендаваны агляд доктара разам з мазком на цыталогію, які здымае пытанне з анкалагічнымі рызыкамі. Ультрагукавое даследаванне ў якасці самакантролю рабіць штогод неабавязкова, толькі па паказаннях.

Калі вы плануеце цяжарнасць, вам адразу трэба наведаць цэлы шэраг спецыялістаў: стаматолага, тэрапеўта, праверыць прышчэпачны статус (асабліва, ці была зробленая прышчэпка ад краснухі). Таксама рэкамендавана здаць агульныя аналізы крыві, мачы, біяхімію і зрабіць кардыяграму. Перад цяжарнасцю ультрагукавое даследаванне будзе абавязковым.

Тое самае — з аглядам гінеколага. Лепш разумець, у якім стане вы знаходзіцеся загадзя, бо карэктаваць здароўе падчас цяжарнасці няправільна і рызыкоўна.

* Праект прадугледжвае рэгулярнае правядзенне разнастайных мерапрыемстваў: штогадовыя кангрэсы па актуальных пытаннях ва ўсіх рэгіёнах Беларусі; Дні адчыненых дзвярэй у радзільнях; лабараторыі, у якіх экспертамі выступаюць бацькі; тэматычныя майстар-класы ад прафесіяналаў.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера