Знайсці
17.05.2018 / 16:1748РусŁacБел

«Хлопец прапанаваў мне хадзіць без ліфчыка, і мне спадабаўся эксперымент». Беларускі пра свабоду жыцця без станіка

Станікі перш за ўсё ствараліся, каб падтрымліваць грудзі: з імі ідзе меншая нагрузка на спіну, а фізічныя практыкаванні выконваць прасцей. У той жа час жанчынам з невялікім памерам грудзей насіць іх зусім неабавязкова, у іх няма ў гэтым такой патрэбы, як у дзяўчат з памерам станікаў C ці D.

Анколагі вітаюць, калі нехта носіць станікі радзей: існуюць даследаванні, якія дэманструюць, што заўзятыя фанаткі такой бялізны ў некалькі разоў часцей хварэюць на рак малочнай залозы.

Але вельмі часта дзяўчаты, якім станік, можа, і непатрэбны, носяць яго не проста ў імя камфорту, а таму што так прынята: бачныя саскі ў нас лічацца дурным тонам.

Мы паразмаўлялі з трыма беларускамі, якія аднойчы адмовіліся ад станікаў, пра пазітыўныя і непрыемныя наступствы іх рашэння.

Рыта Любецкая

Як і ў многіх, станік ўпершыню з'явіўся ў мяне ў падлеткавым узросце. Разам з абцасамі, касметыкай і жаночай сумачкай замест школьнага заплечніка ён быў як сімвал таго, што ты ўжо дарослая.

Адчуванні, звязаныя з яго нашэннем… Пастаянна нешта рэзала або спаўзала. Было або цесна, або, наадварот, свабодна. Або зашпілька нейкая нязручная.

Станік быў як камера катаванняў, але ў той момант гэта мала хвалявала. Наадварот, у нейкай ступені служыла пацвярджэннем гэтай самай даросласці.

Карацей, я плакала-плявалася, але па-ранейшаму насіла станікі ажно да заканчэння ўнівера. Аднак паступова насіла ліфчыкі ўсё радзей і радзей. Я ўсвядоміла, што цыцкі ў мяне не такія ўжо і вялікія, і калі зімой я ў швэдры, то ўвогуле не зразумела, са станікам ці без. Улетку ж я перайшла на падвойныя майкі і топы.

Мае «перамены» заўважаюць хіба што два чалавекі (з тых, хто каментуе гэта ўслых). Бабуля адрэагавала нечакана. У яе на твары быў непадробны жах і бязмежнае здзіўленне, неразуменне таго, як увогуле можна было выйсці з дома без бялізны. Ну а сяброўка пры сустрэчы адзначае, што я разбэсцілася і не хачу мяняцца.

Самы распаўсюджаны вобраз жанчыны ў рэкламе — гэта грудзі, абцасы і спадніца. А самы танны спосаб зрабіць грудзі: купіць станік пуш-ап. Камусьці гэтая рэч дапамагае адчуваць сябе больш па-жаноцку.

Хаця, калі падумаць, што такое жаноцкасць? Першыя абцасы былі створаныя зусім не дзеля жанчын. Ды і ў сукенках, быў час, хадзілі ўсе запар. А найбольш дасканалымі ў Старажытнай Грэцыі і Рыме доўгі час лічылася менавіта маленькія грудзі. Тое, што мы прывыклі лічыць жаноцкім, усяго толькі стэрэатыпы апошніх дзясяткаў гадоў.

У станіку ў нас хадзіць прынята, таму многім дзіка і нязвыкла бачыць тых, хто выбірае жыццё без яго. Але чым больш будзе парушацца гэтае правіла, тым хутчэй яно зменіцца і ўвойдзе ў норму. Вядома, я не кажу пра сітуацыі, калі дзяўчатам сапраўды камфортней хадзіць у станіку: калі ў цябе вялікія грудзі, напрыклад, то ён сапраўды выступае як падтрымка і апора.

Паліна Адашкевіч

Калі глядзець у мінулае, то пры слове «станік» я чамусьці згадваю непрыгожую, расцягнутую бялізну маёй бабулі. Калі я глядзела на гэтыя бэжавыя станікі, якія мылі ў алюмініевым тазіку танным парашком, то сумна думала пра тое, што не хачу расці.

Але потым я быццам бы натхнілася ідэямі сталення і ў 11 гадоў вельмі ганарылася сваім першым станікам. Чамусьці мне тады здавалася, што я далучаюся да нечага неверагодна важнага, раблюся сур'ёзнай, дарослай. Пачуццё ўласнай важнасці-жаноцкасці было такім хвалюючым!

З такімі ж пачуццямі я чакала, калі ў мяне пачнуцца месячныя. Нават малявала карцінкі ў асабістым дзённіку: я ляжу ў станіку і ў мяне кроў.

Першы дзіцячы салатавы станік быў хутчэй атрыбутам фармальным: саскі не хаваў, выглядаў недарэчна. Але я вельмі любіла глядзець, на тое, як з-пад сукенкі праглядаюць шлейкі, гэтакія маркеры даросласці. У 14 мама падарыла мне нармальны станік: карункавы, бэжавы. Ён ужо хаваў саскі і меў кішэні для пуш-ап укладышаў. І было ў гэтым нейкае сваё трапятанне. Асабліва калі шлейка спадала з пляча. Не ведаю чаму, але ўсё гэта ў мяне асацыіравалася з сэксуальнасцю, нейкімі таемнымі інтымнымі мроямі, таму насіла я ўсё гэта з вялікім задавальненнем.

Некалькі гадоў таму, калі я пазнаёмілася з дарослым хлопцам, ён доўга распытваў мяне, навошта ж я нашу усё гэта на сабе. І прапанаваў хадзіць без станіка. Гэта здарылася, калі мне было 18. Мне падалося, што гэта можа быць цікавым эксперыментам: няўжо ёсць нейкія падставы лічыць сябе менш упэўненай, калі ты ўсяго толькі не надзела станік?!

Спачатку мне было няёмка, нязвыкла. І гэта былі перыяды, калі я то насіла станік, паддавалася хвалі сарамлівасці, то зноў хавала сваю сціплую калекцыю бялізны падалей у шафу. Але канчатковае рашэнне было прынята прыкладна паўтара года таму. Я надзяваю станік толькі на мерапрыемствы, у якіх прымаю актыўны фізічны ўдзел. Калі займаюся ёгай, харэаграфіяй і гэтак далей. І тое, калі гэта групавыя заняткі. Дома я не звяртаюся да такіх хітрыкаў: мне мае грудзі не перашкаджаюць.

Думаю, што многім дзяўчатам, якія далучаліся да так званых «жаночых практык і рытуалаў» знаёмае гэта адчуванне свабоды, калі яны здымаюць станік, туфлі на высокіх абцасах, цесную сукенку. Мне падабаецца адчуванне натуральнасці, калі цела не скоўваюць нейкія дэталі адзення. Я не хачу вяртацца да штодзённай практыкі нашэння станіка: адчуваючы, як добра можна жыць без яго, ужо не хочацца гэтага рабіць.

Цікава, што проста без гэтай штукі на грудзях у нашым грамадстве ты можаш лічыцца бунтаркай. Ніякіх лозунгаў, голыя грудзі замест тысячы слоў. І ў гэтым мінус: ты не хочаш правакаваць, але цябе ўспрымаюць як правакатарку ці нейкую спакусніцу. Аднак я не хачу быць антыстанікавым актывістам: калі дзяўчыне падабаецца яго насіць, калі ласка.

Вольга Д.

Я ранняя дзяўчына і нашу станік недзе сёмага класа. У мяне даволі вялікія грудзі, і, будучы падлеткам, я саромелася і хавалася за адзеннем і плячыма, але ў 24 гады гэта прайшло.

З гадоў дваццаці, памятаю, я стала насіць станікі не штодзённа. Па-першае, у гардэробе з’явілася адзенне, якое дазваляе ўмела выкарыстоўваць іх адсутнасць. Па-другое, галава і цела адчулі, што гэта здорава, прыемна і няма ніякіх наступстваў. Цела дыхае!

Яшчэ я люблю плаваць і загараць без бялізны. Гэта дае непаўторнае пачуццё еднасці і гармоніі з прыродай, з адзеннем яго немагчыма адчуць.

Дома і ў выходныя я станік не нашу ніколі, а на працу надзяваю, бо ўсё ж ён падтрымлівае мае памеры. Праўда, калі маеш 75D-Е, знайсці добрую бялізну ў Мінску — той яшчэ квэст.

У нас не прынята бачыць дзяўчыну, у якой тырчаць саскі, гэта лічыцца вульгарным. Ментальнасць, рэлігія, культура, мода, нават надвор’е уплываюць на такую рэакцыю.

Памятаю, на працы дзяўчаты аднойчы абмяркоўвалі калегу, якая не носіць станік. І гэта было ў негатыўным кантэксце: нібыта яна рабіла гэта, каб мець большы заробак.

Само сабой, саскі прыцягваюць увагу. Таму для мяне важна захоўваць сакральнасць, звязаную з целам, для свайго мужчыны. Але калі я бачу дзяўчат без станікаў у грамадскіх месцах, я думаю, што яны вельмі смелыя. І прыгожыя.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930