Знайсці
16.05.2018 / 15:0822РусŁacБел

На руцэ — Чэ Гевара, на назе — Кастра: пяць скандальных фактаў пра Дыега Марадону

Вялікі аргенцінец Дыега Марадона падпісаў кантракт з брэсцкім «Дынама». «Наша Ніва» ўспамінае самыя яркія старонкі біяграфіі футбаліста.

«Усё чалавецтва зайздросціла Марадону, а ён зайздросціў усяму чалавецтву. Усе хацелі жыць як Марадона, а ён хацеў жыць як усе. Жыццё Марадоны — гэта яго вялізная драма», — казаў калега па зборнай Аргенціны Хорхе Вальдана. Ці не ўсё жыццё гэты чалавек адчуваў сябе няшчасным.

Хто найлепшы: Марадона ці Пеле?

Калісьці Марадона і Пеле сябравалі.

«Пеле даўно пара вярнуцца ў музей», — катэгарычна заявіў Дыега на Мундыялі-2010, дзе ўзначальваў сваю зборную. Гэта адвечная футбольная спрэчка, хто найлепшы: Пеле ці Марадона? ФІФА лічыць, што Пеле. А вось звычайныя заўзятары, што галасавалі на сайце міжнароднай федэрацыі футбола, у сваім выбары былі адназначна на баку аргенцінца. За яго свае галасы аддалі 53% апытаных. «Пеле — гэта марыянетка ў руках ФІФА, таму найлепшым зрабілі яго, а тым часам заўзятары галасуюць за мяне», — кажа на гэта Марадона.

«Яго так білі, што я баюся, яго ўвогуле заб’юць»

Дыега — унікальны футбаліст. Ён удзельнічаў у чатырох чэмпіянатах свету. Мог і ў пяці, але на пераможны для Аргенціны чэмпіянат 1978 года футбаліста не ўзялі праз кепскі характар. Марадона тэлефанаваў галоўнаму трэнеру і ўпрошваў узяць яго на мундыяль, але Сесар Меноці быў бязлітасны да маладога талента. «Гэта была самая вялікая параза ў маім жыцці», — кажа кумір мільёнаў.

Марадона выйшаў з найбяднейшых кварталаў Буэнас-Айрэса. Малы Дыега быў вымушаны ляпіць і прадаваць гліняныя збаночкі, каб неяк дапамагчы сям’і. У яго былі надзвычай кранальныя адносіны з маці аж да самай яе смерці. «Калі яна папросіць Месяц, то я зраблю ўсё, каб яго дастаць. Але гэта будзе дробязь у параўнанні з тым, што яна зрабіла для мяне».

Марадона не любіць узгадваць свайго маленства, нават стараецца не наведваць квартал, дзе прайшлі ягоныя маладыя гады.

Дэбютным першынствам для Марадоны быў мундыяль 1982 года ў Іспаніі.

Футбаліст яго скончыў выдаленнем у матчы з Бразіліяй, у Марадоны проста не вытрымалі нервы. «Яго так білі, што я баяўся, яго ўвогуле заб’юць», — казаў потым слынны савецкі варатар Рынат Дасаеў.

Рука Бога

Трэнер «нябесна-белых» Карлас Біларда пачаткова хацеў адмовіцца ад паслуг гульца з крутым норавам, але пабачыў, што без яго выбудаваць баяздольную зборную не ўдасца. Біларда прыняў складанае рашэнне будаваць каманду вакол Марадоны, за што яго крытыкаваў нават першы дэмакратычна абраны прэзідэнт краіны Рауль Альфансіна.

У 1985 годзе Дыега пасля трох гадоў прастою зноў надзеў майку зборнай. А на чэмпіянаце свету — 1986 адбыўся сапраўдны бенефіс Марадоны. У чвэрцьфінале Аргенціна сышлася з Англіяй. За чатыры гады да гэтага краіны ваявалі за Фалклендскія выспы. Таму матч быў нечым большым, чым проста гульня. На трыбунах нават адбыліся сутычкі.

На 51-й хвіліне малы Марадона пераскакаў брамніка англічан Пітэра Шылтана, які вышэйшы за яго на 20 сантыметраў, і накіраваў мяч у вароты рукой. Арбітр не заўважыў таго моманту і залічыў гол. Пасля гульні Марадона сказаў славутую фразу: «Я не дакранаўся да мяча. Гэта была рука Бога». Тое першынство засталося за Аргенцінай, Марадона быў прызнаны найлепшым гульцом турніру.

Нарказалежнасць і лекаванне

Спартовую кар’еру геніяльнага гульца скараціла наркатычная залежнасць. На чэмпіянаце свету 1994 года ён трапіўся на ўжыванні наркотыкаў і быў дыскваліфікаваны на 15 месяцаў. А яшчэ за тры гады да гэтага ў яго быў суд за захоўванне какаіну. Усё тым жа летам 1994-га футбаліст адкрыў стральбу з пнеўматычнай зброі ў журналістаў, якія хацелі ўзяць у яго інтэрв’ю, за што потым атрымаў два гады і дзесяць месяцаў турмы ўмоўна.

У 2000 годзе ў футбаліста падчас вечарынкі ў кампаніі наркабаронаў ва ўругвайскім гарадку Пунтэ-дэль-Эстэ здарыўся сардэчны крыз. Яго зноў спрабавалі прыцягнуць да суда за наркотыкі, але не ўдалося. Пасля ўсяго гэтага Марадона з’ехаў на Кубу да свайго даўняга сябра Фідэля Кастра, каб у адной з закрытых клінік правесці курс рэабілітацыі.

У 2004 годзе футбаліст зноў ходзіць на мяжы жыцця і смерці. У Марадоны праз залішнюю вагу і нарказалежнасць здараецца сардэчны прыступ. «Я помню ў адным фільме, калі чалавек памірае, то ён апынаецца ў тунэлі, але там пачынае пратэставаць, што ягоны час яшчэ не прыйшоў. У такім самым тунэлі пабываў і я. Там я пабачыў балельшчыкаў «Рывер Плейт», «Сан-Ларэнса», «Расінга», «Уракана», «Індэпенд’ентэ…»

На руцэ — Чэ Гевара, на назе — Кастра

Марадона развёўся з жонкай, з якой пражыў больш за 25 гадоў. Дыега мае левыя палітычныя погляды. У яго тату з выявай Чэ Гевары на правай руцэ, а на назе — Фідэля Кастра. «Я веру ў Чавеса. Можаце называць мяне «чавістам». Усё, што робяць Чавес і Кастра, — гэта лепшае, што толькі здольныя зрабіць сучасныя палітыкі», — казаў ён.

«Я ненавіджу ўсё, што звязана з ЗША. Я ненавіджу ЗША ўсёй душой», — прызнаўся аднойчы футбаліст. Ён бы мог пасябраваць і з Лукашэнкам. Марадона з’яўляецца скандалістам ва ўсім. Ён не прызнаваў бацькоўства сваіх пазашлюбных дзяцей, а таксама не плаціць аліментаў.

Разбіў шклянку вады аб галаву каралевы прыгажосці Палінезіі, калі тая пачала спрачацца з ягонай дачкой.

Марадону называлі гомасэксуалам.

Марадона мае ўсяго 167 сантыметраў росту, асаблівай стройнасцю ён таксама ніколі не вылучаўся. Але ягоная тэхніка была ўнікальнай. Марадона першым пачаў выкарыстоўваць такія прыёмы, як перакідванне, катанне мяча на высокай хуткасці. Ён валодаў цудоўным бачаннем поля, а таксама надзвычайнай трываласцю. Жыццё Марадоны — гэта вялізная тэатральная пастаноўка, за якой не стамляешся сачыць. На Кубе нават была пастаўленая адмысловая п’еса «Футболка нумар 10: паміж раем і пеклам». У 2008 годзе сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца зняў біяграфічны фільм пра Марадону.

Тым больш цікава будзе сачыць за ягонай беларускай старонкай біяграфіі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера