Знайсці
14.05.2018 / 21:275РусŁacБел

Судовая рэформа ва Украіне: што змянілася за год?

Судовая рэформа для Украіны — адна з прыярытэтных. Піша Наталка Бабіна.

Асаблівасцю правядзення гэтай рэформы ва Украіне, як, зрэшты, і іншых, з’яўляецца тое, што кантроль над гэтым працэсам намагаецца трымаць цэлы шэраг грамадскіх арганізацый (Цэнтр палітыка-прававых рэформаў, Цэнтр дэмакратыі і вяршэнства права, Фундацыя Дэ-юрэ). Гэтыя арганізацыі цяпер уваходзяць у асацыяцыю «Рэанімацыйны пакет рэформаў» (РПР) — кааліцыю грамадскіх арганізацый, якая была створана як кааліцыя экспертаў у 2014 годзе, а цяпер разраслася да кааліцыі грамадскіх арганізацый і займаецца адвакацыяй і лабіраваннем усіх рэформ, якія зараз адбываюцца ва Украіне, у тым ліку і судовай.

Рэформа ідзе няпроста. Чаму?

Што змянілася за мінулы год? Якія поспехі і няўдачы ў галіне гэтай рэформы? Як уплываюць на працэс структуры грамадзянскай супольнасці? Расказвае Раман Куйбіда, кандыдат юрыдычных навук, намеснік старшыні праўлення ЦППР, галоўны эксперт групы судовай рэформы РПР.

Раман Куйбіда.

«Пачатак мінулага года выклікаў больш аптымізму, чым цяпер. Летась мы ўваходзілі ў працэс імплементацыі новага заканадаўства, на маю думку, вельмі добрага. Былі нават ўнесены змены ў Канстытуцыю. Новыя законы прадугледжвалі: стварэнне новага Вярхоўнага суда; усе суддзі павінны былі прайсці кваліфікацыйныя ацэнкі з прыцягненнем прадстаўнікоў грамадскасці; калі суддзя не даказаў законнасць паходжання сваёй маёмасці або маёмасці сям'і, ён павінен быў быць звольнены; прызначэнне на любую судзейскую пасаду — толькі праз конкурс. Адкрываліся добрыя перспектывы.

Што ж, стварэнне новага Вярхоўнага суда адбылося, пачаўся і працэс кваліфікацыйнага ацэньвання, яго павінны прайсці больш за 5000 суддзяў.

Часта як пра пазітыў кажуць пра тое, што склад новага Вярхоўнага суда лепшы за папярэдні. І гэта, напэўна, так. Але засмучае, што конкурс суддзяў адбываўся са значнымі парушэннямі. Вынікі яго непразрыстыя. Частка конкурсу была адкрытай, мы маглі пабачыць, напрыклад, сумоўі з кандыдатамі, але няма ніякай карэляцыі між тым, што мы маглі пабачыць на гэтых сумоўях і тым, якія вынікі конкурсу. Дапускаліся маніпуляцыі.

У працэсе адбору брала ўдзел Грамадская рада дабрадзейнасці, я з’яўляюся яе членам. ГРД створана згодна з законам, у яе ўваходзіць 20 асоб. Сябраў Рады прызначалі з ліку навукоўцаў, адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія павінны былі адпавядаць суворым патрабаванням: мець не менш за 2 гады досведу працы ў галіне юстыцыі, мець рэкамендацыю міжнароднай арганізацыі, прайсці аўдыт. Трэба было таксама падаць электронную дэкларацыю даходаў. Праца ў Радзе чыста валанцёрская, яна ніяк не аплачваецца. Работа там вельмі напружаная.

Дык вось, прыблізна 25 адсоткаў суддзяў новага складу Вярхоўнага суда атрымалі негатыўную ацэнку Грамадскай рады дабрадзейнасці, але гэтыя высновы былі праігнараваныя Вышэйшай кваліфікацыйнай камісіяй, якая ў многіх выпадках маніпулятыўна вызначыла склад суда. Прыкладна чацвёртая частка суддзяў — гэта навукоўцы і адвакаты. А іншыя — суддзі, якія працавалі суддзямі і раней. Вельмі хацелася б верыць, што новыя суддзі Вярхоўнага суда з ліку навукоўцаў і адвакатаў стануць маторам, рухавіком змен. Але іх крытычна мала.

На пасяджэнні Вярхоўнай кваліфікацыйнай камісіі, якая адбірае суддзяў для Вярхоўнага суда, заўсёды прысутнічалі прадстаўнікі Грамадскай рады дабрадзейнасці. У дадзеным выпадку — Раман Куйбіда.

Вышэйшая кваліфікацыйная камісія суддзяў і Вышэйшая рада юстыцыі былі створаны занава пасля Майдану, і тады стваралася ўражанне, што яны будуць працаваць па-новаму. Але так не здарылася, яны засталіся на старым шляху, бо большасць у складзе гэтых органаў — старыя суддзі.

ГРД прыпыніла свой удзел у кваліфікацыйным ацэньванні, бо Вышэйшая кваліфікацыйная камісія зрабіла усё, каб дзейнасць ГРД не мела ўплыву на вынікі. Працэс ацэньвання накіраваны на тое, каб пакінуць усіх суддзяў на сваіх месцах. Напрыклад, на ўзроўні мясцовых і апеляцыйных судоў пасля тэстаў і практычных заданняў было адхілена толькі прыкладна 0,5 працэнта суддзяў, яшчэ недзе 2,5 адсотка адсейваюцца па выніках сумоўя. Гэта крытычна мала для краіны, якая мае найніжэйшы ўзровень даверу да суда ў Еўропе.

Бачачы, што наша дзейнасць ідзе ў кошык, мы прынялі рашэнне, што не будзем сваёй прысутнасцю легітымізаваць вынік. Мы бачым, што прадстаўнікі ВКК ездзяць па міжнародных форумах і прыкрываюцца намі для таго, каб паказаць, як добра ідзе ў нас судовая рэформа. А насамрэч гэта не так.

Міжнародныя ж структуры, замест таго, каб кантраляваць працэс імплементацыі, проста давалі грошы на яго, і таму зараз дзе-якія з іх намагаюцца нават адвакатаваць тое, што адбываецца.

Пакуль не ўдалося пераадолець канфлікт паміж суддзямі і грамадствам, якое хоча бачыць іншых суддзяў. Супольнага рашэння няма. Думка грамадства ігнаруецца. Ачышчэння судзейскага корпусу не адбываецца, нягледзячы на тое, што вялікая колькасць суддзяў пайшла ў адстаўку. Аднаўлення даверу да судоў у грамадстве не назіраем. Форма іншая, але змест застаецца амаль такім самым. На гэтым этапе палітычнага развіцця гэты эвалюцыйны шлях будзе захоўвацца, і ён не дасць неабходных хуткіх вынікаў.

На перспектыву мы прапрацоўвалі пытанне антыкарупцыйнага суда. Ён патрэбны, бо справы топ-карупцыі, якія расследуе Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро, перадаюцца ў звычайныя суды, а апошнія проста зацягваюць іх разгляд. Зараз гэты законапраект ужо ў парламенце. І тут важна дабіцца, каб суддзі антыкарупцыйнага суда былі адабраныя чэсна — для гэтага нават плануецца далучыць прадстаўнікоў міжнародных арганізацый.

Пасяджэнне Грамадскай рады дабрадзейнасці

Новы інстытут, які зараз уводзіцца ў судовую сістэму Украіны — гэта канстытуцыйная скарга. Раней да Канстытуцыйнага суда маглі звяртацца толькі некаторыя суб’екты, напрыклад, дэпутаты, амбудсмен — невялікае кола. Зараз з’явілася мажлівасць звяртацца любому грамадзяніну, пры ўмове, калі ён пройдзе ўсе інстанцыі агульных судоў. У мінулым годзе людзі пачалі падаваць такія скаргі, іх ўжо назбіралася многа, але ні адна пакуль не разгледжаная. У Канстытуцыйным судзе доўгі час быў крызіс, абумоўлены супрацьстаяннем паміж старымі і новымі суддзямі. За мінулы год было прынята толькі 3 рашэнні. Зараз, з прыходам новага старшыні Канстытуцыйнага суда, гэтыя працэсы пайшлі хутчэй.

У мінулым годзе мы супольна з іншымі арганізацыямі зрабілі даследаванне таго, як вайна на ўсходзе паўплывала на правасуддзе. Мы хацелі вымераць, наколькі судовая сістэма можа спраўляцца з выклікамі, якія выніклі пасля акупацыі Данбаса. Дзяржаўныя органы былі адтуль эвакуяваныя, хаця многія чыноўнікі засталіся і на акупаваных тэрыторыях. Дзяржава пайшла двума шляхамі: змяніла падсуднасць некаторых спраў, хаця суды, якія там былі, спынілі сваю работу. Суддзям далі мажлівасць перавесціся ў іншыя суды. Другі шлях — на ўзроўні рэгіянальных судоў, якія былі пераведзены на неакупаваныя тэрыторыі. Акружныя і апеляцыйныя адміністратыўныя і гаспадарчыя суды, а таксама апеляцыйныя агульныя суды пераехалі. То бок дзяржава змагла забяспечыць функцыянаванне судоў на неакупаванай тэрыторыі, але пры гэтым страцілася вялікая колькасць спраў — яны засталіся ў акупаванай частцы. Гэта стварыла вялікую праблему. Напрыклад, людзі знаходзяцца пад вартай тут — а матэрыялы ўсе там, то бок фармальна падстаў для ўтрымання іх пад вартай няма. Зазвычай, калі немажліва было аднавіць матэрыялы спраў праз электронную сістэму — іх вымушаны былі выпусціць. Таксама многа асуджаных засталося там, іх не перавялі. Толькі зараз, праз высілкі амбудсмена, да 200 людзей, якія ўтрымліваліся там, пераведзена сюды. Пры гэтым улічвалася жаданне саміх асуджаных. Падобных праблем многа.

Адна з самых вялікіх праблем, якія мы выявілі, — гэта залежнасць тых суддзяў, якія здзяйсняюць правасуддзе ў прыфрантавой зоне, ад улад так званых ДНР і ЛНР. У іх там засталіся сем’і, маёмасць, і яны выносяць вялікую колькасць апраўдальных прысудаў у адносінах да так званых сепаратыстаў. Яны пастаянна ездзяць туды, і для іх пропуск — гэта вось такія апраўдальныя прысуды. Ёсць выпадкі, калі «няўгодных» сепаратыстам суддзяў затрымлівалі. Многа хто лічыць, што калі б там у прыфрантавой зоне працавалі людзі, не залежныя ад улад акупаваных тэрыторый, то прысуды былі б іншыя.

Мы не даследавалі пакуль стан квазі-правасуддзя на акупаваных тэрыторыях, але гэта варта зрабіць, з разлікам на тое, што адбудзецца ўсё ж іх дэакупацыя. Бо тады ўзнікне яшчэ больш праблем. Сумнеўна, што Украіна аўтаматычна прызнае рашэнні гэтых квазі-судоў. Тады што, напрыклад, рабіць з людзьмі, якія там адбываюць пакаранне? Гэтыя справы трэба будзе пераглядаць. Вялізны пласт праблем, на якія трэба своечасова падрыхтаваць адказы.

Яшчэ адно даследаванне, якое мы зрабілі — гэта маніторынг судовых пасяджэнняў. Мы ахапілі 1400 судовых пасяджэнняў. Дзякуючы маніторынгу мы паспрабавалі зрабіць зрэз, як функцыянуюць суды з пункту гледжання такіх прынцыпаў, як публічнасць, захаванне роўнасці і непрадузятасці, этычнасці суддзяў. Выснова — недзе амаль у палавіне спраў назіральнікі ацанілі судовы працэс як беззаганны, недзе 47 адсоткаў — з нязначнымі парушэннямі, але ў 5 працэнтах выпадкаў выяўленыя грубыя парушэнні. Але трэба мець на ўвазе, што, калі прысутнічаюць староннія асобы, суддзі паводзяць сябе лепш, чым калі ідзе проста судовае пасяджэнне без прысутнасці пастаронніх. Вынікі гэтага маніторынгу мы ўжо прадставілі і ключавым судзейскім органам, і кандыдатам на пасаду суддзі, у хуткім часе чакаем рэакцыі на рэкамендацыі маніторынгу. Большасць рэкамендацый можна ўвасобіць без змены закона».

Гутарыла Наталка Бабіна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930