Знайсці
02.05.2018 / 18:4049РусŁacБел

У Магілёве забаранілі акцыю «Несмяротны полк»? Разбіраемся

Шмат якія расійскія СМІ даюць інфармацыю, што ў Беларусі сёлета ўлады зноў не хочуць даваць дазвол на правядзенне акцыі «Несмяротны полк», у Магілёве яна мае назву «Полк памяці».

«Мінгарвыканкам прапаноўваў правесці шэсце «Бессмяротнага палка» неяк так, каб гэта не кідалася ў вочы на фоне афіцыёзу. Аднак Магілёўскі гарвыканкам пайшоў далей: 27 красавіка ён дазволіў акцыю «Несмяротны полк» 9 мая, аднак ужо ў суботу 28 красавіка перастаў адказваць за свае словы і запатрабаваў перайменаваць патрыятычнае мерапрыемства», — піша выданне iarex.ru.

Маўляў, намесніца старшыні Магілёўскага аблвыканкама, адказная за ідэалогію Алена Галушка ў суботу пачала тэрмінова рассылаць лісты і пісаць, каб назву «Полк памяці» тэрмінова змянілі на «Беларусь помніць».

«Хуткая замена, мяркуючы па ўсім, звязаная з жаданнем мясцовых чыноўнікаў адмежавацца ад паралеляў з акцыяй «Несмяротны полк», якая пачалася праводзіцца ў Расіі ў 2011 годзе, а ў 2015-м, падчас актыўных баявых дзеянняў ва Украіне, стала праводзіцца на федэральным узроўні. У гэты ж час расійскія СМІ сталі выкарыстоўваць «Несмяротны полк» як адзін з інструментаў прапаганды «рускага свету», — піша сайт mspring.online.

«Яшчэ раней улады Беларусі фактычна забаранілі выкарыстанне георгіеўскай стужкі ў афіцыйных мерапрыемствах, прапанаваўшы афіцыёзны аналаг — чырвона-зялёную стужку з кветкай … Пазней улады Беларусі дэзавуявалі забарону, аднак ўсяляк падкрэслівалі непажаданасць выкарыстання назвы «Несмяротны полк», георгіеўскай стужкі і іншых сімвалаў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», — пішуць расійскія СМІ.

Галоўны ідэолаг Магілёва Алена Галушка пагадзілася растлумачыць «Нашай Ніве» сітуацыю.

«Беларусь помніць» — гэта рэспубліканская акцыя, якая ў нашай краіне ў цэлым характарызуе сёлета 9 Мая. Але гэта не адмяняе народны рух, які, сапраўды, зарадзіўся ў Расіі, і ідзе ад адной краіны да іншай. Ніхто яго ўжо не спыніць не збіраецца. Наадварот, мы настройваем магілёўцаў, каб яны прыходзілі на шэсце да нашага краязнаўчага музея. Будзем праводзіць шэсце ад Алеі Герояў да плошчы Леніна, дзе будзе парад і канцэрт.

Хай бы мне паказалі, дзе я адмяніла гэтую акцыю ў Магілёве? Калі ёсць такі дакумент за маім подпісам, то пакажыце.

У нас акцыя «Полк памяці» праходзіць ужо тры гады, у падтрымку той акцыі, якая праходзіць у многіх краінах.

«Полк памяці» пройдзе ў рамках агульнарэспубліканскай кампаніі «Беларусь помніць»

Такім чынам, ніхто ў Магілёве не адмяняе «Полк памяці», але інфармацыі пра акцыі сапраўды будзе значна меней, чым папярэднія гады.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера