Знайсці
25.04.2018 / 20:2311РусŁacБел

У Літве абверглі беларускага міністра: дзяржава не датуе Віленскі аэрапорт, каб завабіць лаўкостараў

У Міністэрстве транспарту і камунікацый Літвы пракамэнтавалі заяву міністра транспарту і камунікацый Беларусі Анатоля Сівака, што літоўская дзяржава датуе Віленскі аэрапорт, каб завабіць «бюджэтныя» авіякампаніі, піша «Радыё Свабода».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 24 красавіка ў сваім пасланьні да народу і парлямэнту спытаўся: «Чаму нашым грамадзянам больш выгадна лётаць адкуль заўгодна — зь Вільні, Кіева, Варшавы, але ня зь Менску?».

У суседніх зь Беларусьсю краінах (у тым ліку ў Віленскім аэрапорце) працуе шэраг лоўкостэраў — авіякампаній, якія прапануюць палёты па мінімальных цэнах, але бяз большасьці дадатковых паслугаў для пасажыраў, зь вельмі абмежаванымі аб’ёмамі багажу, нярэдка ў нязручны час або ў далёкія ад папулярных гарадоў аэрапорты.

У Беларусь лоўкосты практычна ня лётаюць, няма і беларускай лоўкост-кампаніі — прычыны гэтага называюць самыя розныя.

Беларускі міністар: Літва датуе Віленскі аэрапорт зь бюджэту

Адказваючы на пытаньне ад Лукашэнкі, міністар транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак патлумачыў у інтэрвію парталу Tut.by, што ў Літве «лётаюць лоўкост-кампаніі, а «Белавія» гэты прынцып лоўкост-кампаній не прымяняе».

Паводле Сівака, у Вільні аэрапорт «прад’яўляе кампаніям часам мінімальныя выдаткі, а часам наагул яны датуюць гэты аэрапорт».

«Мы ж не датуем сёньня ніводным рублём зь бюджэту наш аэрапорт», — сказаў Анатоль Сівак.

У кампаніі «Белавія» карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, бо «міністар ужо ўсё сказаў».

Самалёт «Белавія».

Якая сытуацыя зь фінансаваньнем аэрапортаў у Літве, Свабодзе сказаў дырэктар дэпартамэнту палітыкі ў сфэры дарожнага транспарту і грамадзянскай авіяцыі літоўскага Міністэрства транспарту і камунікацый Уладыслаў Кандратовіч.

«У нас дзейнічаюць эўрапейскія рэглямэнты і дырэктывы, якія не прадугледжваюць датаваньня аэрапортаў. Наогул у нас няма сваёй авіяцыі, мы ня маем нацыянальнага перавозчыка, нам няма каго датаваць»,

— сказаў літоўскі чыноўнік.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930