Знайсці
25.04.2018 / 12:354РусŁacБел

Часопіс «Бізнэс-рэвю» аднавіў выхад пасля гадавога перапынку

У Беларусі пасля гадавога перапынку аднаўляецца выпуск дзелавога часопіса «Бізнэс-рэвю». Выданне стала трэцім СМІ, якое ўваходзіць у выдавецкі пакет Belkanton Group. Першы нумар 2018 года выйшаў у красавіку.

«Якасная дзелавая прэса — такі ж неабходны атрыбут бізнэс-інфраструктуры, як нармальнае заканадаўства, развіты рынак, банкі ці судовая сістэма. І чым якаснейшая прэса, тым на большы поспехі можа разлічваць нацыянальны бізнэс у працы ў сябе на радзіме і за мяжой. Мы ўпэўненыя, што менавіта «Бізнэс-рэвю» здольны стаць яшчэ адным эфектыўным інструментам для тых, хто займаецца бізнэсам, мае амбіцыі і волю для іх рэалізацыі», — адзначае старшыня рады дырэктараў Belkanton Group Вахтанг Ахвледыяні ў прадмове да першага пасля перапынку нумара часопіса.

Вахтанг Ахвледыяні, выдавец часопіса «Бізнэс-рэвю»

Выдавец падкрэслівае, што стрыжневая канцэпцыя застаецца нязменнай — «знаёміць сваіх чытачоў з тым, як людзі робяць бізнэс».

Часопіс перастане быць штомесячным і будзе выходзіць 6 разоў на год. «Бізнэс-рэвю» пазіцыянуецца як выданне для ўласнікаў і топ-менеджараў кампаній, прэтэндуючы на пакуль не занятую нішу «беларускага «Форбса». Плануецца, што ключавымі тэмамі часопіса стануць аналітычныя матэрыялы пра рынкі, паспяховыя бізнэс-кейсы і эксклюзіўныя інтэрв'ю з вядучымі бізнэсменамі краіны.

Героем першага нумара ў 2018 годзе стаў сузаснавальнік кампаніі Wargaming Іван Міхневіч, які пазней прадаў свой пакет акцый у кампаніі. Цяпер Іван Міхневіч займае 7-е месца ў рэйтынгу самых уплывовых беларускіх бізнэсменаў і валодае актывамі ў Беларусі, Швейцарыі і на Кіпры.

Часопіс «Бізнэс-рэвю» выдаецца з 2003 года. У 2009-м рэдакцыя прыпыняла выпуск выдання ў сувязі з фінансавымі праблемамі, якія ўзніклі на фоне крызісу. Пазней «Бізнэс-рэвю» атрымаў інвестыцыі ад Unica Group, міжнароднай кампаніі, якая выйшла на беларускі рынак у студзені 2014 года, а ў кастрычніку 2016 года работа часопіса была зноў прыпыненая.

У студзені 2018-га года выданне набыла Belkanton Group. Акрамя «Бізнэс-рэвю» ў выдавецкі пакет групы кампаній уваходзяць часопіс Office Life і дзелавы сайт officelife.media.

Belkanton Group з'яўляецца адным з лідараў беларускага рынку сэрвісу ў сегменце B2B. Група кампаній працуе ў сферы аптовых, карпаратыўных і рознічных продажаў канцылярскіх тавараў, офіснай тэхнікі, бытавой і прафесійнай хіміі, таксама з'яўляецца адным з лідараў на рынку сувенірнай прадукцыі. Працуе ў Беларусі, Расіі, Украіне, Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930