Знайсці
23.04.2018 / 00:0441РусŁacБел

Класкоўскі: «Клуб рэдактараў» — гэта днішча

Піша Аляксандр Класкоўскі ў сябе ў фэйсбуку.

Амаль што не гляджу БТ, але тут падказалі, што ва ўчорашнім «Клубе рэдактараў» паны ў студыі патапталіся па маім артыкуле ў «Народнай волі». Адмыслова паглядзеў запіс выпуску. Слухайце, якая дэмагогія! Абсалютна цынічная падмена тэзаў, тэмы дыскусіі, прыпісванне апаненту таго, чаго ён не заяўляў, і потым бамбаванне за гэта прыпісанае.

Увогуле я напісаў у «НВ» пра тое, што папраўкі ў закон аб СМІ кепскія, што не варта гнаць коней, а трэба арганізаваць сапраўднае грамадскае абмеркаванне.

З мяне ж зрабілі дэструктыўнага элемента. Галоўрэд «СБ» заявіў, што мара Класкоўскага — масавыя забурэнні.

Потым сталі палохаць народ, што калі медыі стануць прыватнымі, як хоча Класкоўскі, то давядзецца ўводзіць на іх новы падатак (як у гнілой Брытаніі на Бі-бі-сі), з’явіцца яшчэ адзін радок у жыроўках няшчасных бабулек.

Страшаць падаткам на Бі-бі-сі (гэта, між іншым, не прыватная, а грамадская медыйная арганізацыя), але маўчаць, колькі ў нас ідзе з бюджэту на дзяржаўныя СМІ. Дык Бі-бі-сі ж якасны прадукт дае, а яны? «Продукт вторичный», калі згадаць антыўтопію Вайновіча.

Нарэшце, каб паказаць, да чаго даводзіць інтэрнэт, свабоду якога абараняе Класкоўскі, распавялі пра напад падлетка (заўважце: з асаблівасцямі псіхікі) на школу ў Башкартастане!

Слухайце, што да чаго? Пры чым тут закон аб СМІ? Здаецца, гэтыя паны ўспрымаюць Сеціва проста як варожую стыхію, нейкае «чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй».

Карацей, хоць ілюзій наконт гэтай публікі не меў, але такога днішча не чакаў.

Зрэшты, удзячны за рэкламу маёй творчасці. Галоўрэд «СБ» сказаў, што не памятае, каб Класкоўскі напісаў пазітыўны аналіз, піша, маўляў, адзін негатыў.

Што праўда, то праўда: няма ў мяне ні каліва сімпатый да сістэмы, пры якой вядуць рэй цемрашалы. А гэта сістэма ў нас трывае, на жаль, даўно. І баюся, што яна надоўга. А як дажыву, то буду рады адрэагаваць пазітыўным артыкулам, калі час абскурантаў скончыцца.

Чытайце таксама: Лухта непадсяваная ў «Клубе рэдактараў»: ці трэба «Белай Русі» мець электронную скрыню на mail.ru? 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера