Знайсці
22.04.2018 / 14:0020РусŁacБел

«Музейныя пчолкі» пойдуць з вайны апошнімі: як у кіеўскім музеі плятуць маскіровачныя сеткі для байцоў АТА

Прыйшоўшы ў Нацыянальны музей літаратуры Украіны на вечар «Багатая скрыня» — тэатралізаваны паказ этнастрояў з розных рэгіёнаў Украіны, заўважаю ў вестыбюлі музею групу жанчын, якія плятуць маскіровачныя сеткі. Што гэта?

Жанчыны-валанцёры плятуць чарговую сетку

«Мы робім маскіровачныя сеткі для украінскіх войскаў у зоне АТА і касцюмы для разведчыкаў і снайпераў. Наша група называецца «Музейныя пчолкі», нас каля 15 валанцёраў — музей даў нам месца, і мы кожны дзень сюды прыходзім, вось ужо чацвёрты год, са снежня 2014-га, тлумачаць жанчыны. — У кагосьці з нас родныя ваююць у АТА, у кагосьці — не, але мы хочам дапамагчы арміі».

Увогуле ва Украіне тысячы такіх групаў, у Кіеве — каля 30.

За час існавання групы жанчыны-валанцёры сплялі 150 сетак, кожная плошчай 50 квадратных метраў, і 162 штаноў, куртак, понча і фракаў для разведчыкаў і снайпераў, якія яны называюць «кікімарамі». Акрамя гэтага, рэгулярна збіраюць і адпраўляюць пасылкі сем’ям загінулых байцоў.

Маскіровачны касцюм «Кікімара»

Расказвае каардынатар групы Мар’яна Сцяпанава:

«Спачатку хачу сказаць, што я такая ж «пчолка» як і ўсе нашы дзяўчаты. Амаль кожны дзень бываю ў музеі, уключаючы суботу. Рыхтую матэрыял для сетак, пляту кікімары, зімой вяжу балаклавы. Разам з мужам, таксама валанцёрам, збіраем вопратку, абутак, кнігі, цацкі для дзяцей загінуўшых і параненых, сартуем, складаем і адпраўляем па адрасах. Каардынатарам стала дзесьці паўтара года таму. Праз мяне група трымае сувязь з нашым валанцёрскім цэнтрам «Вежа над Дняпром», а таксама з байцамі. Адказваю за дастаўку матэрыялу для пляцення і асноў для сетак і кікімар у музей, а таксама за дастаўку гатовых вырабаў да валанцёрскага цэнтра ці на пошту.

Група наша невялікая, але магутная. Кілаграмы прысмакаў, кіламетры маскіровачных сетак, велізарны гардэроб кікімарнай вопраткі, а таксама дзясяткі сцягоў, купы ніжняй бялізны, цёплых шкарпэтак, паясоў і балаклаў…

Гэта ўсё зрабілі і працягваюць рабіць выдатныя, вясёлыя, таленавітыя, сонечныя людзі, якіх я вельмі люблю. Дарэчы, у групе працуюць не толькі жанчыны, ёсць два выдатных пчалы-мужчыны (трутнямі іх ну ніяк не назавеш) — Жэня (мой муж) і Юра».

Жанчыны у вестыбюлі распавядаюць: «Зімой робім белыя сеткі і касцюмы, летам — у колерах хакі, зялёныя. Гэтай зімой думалі, што вось белыя напляцем, а зялёныя ўжо не спатрэбяцца, але… Мы пойдзем з вайны апошнімі».

…А этнаграфічны паказ атрымаўся відовішчным і натхняльным. Да слова, некаторыя артысты, якія бралі ў ім удзел, толькі што вярнуліся з зоны АТА, дзе выступалі з канцэртамі.

Наталка Бабіна, Кіеў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930