Знайсці
20.04.2018 / 12:3723РусŁacБел

Абсурд на абсурдзе: як віцебская міліцыя змагаецца з сектантамі, якія адзначалі Дзень Канстытуцыі

Васьмярых жыхароў Віцебска прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за «сход» у прыватным памяшканні. Незвычайную гісторыю распавёў партал «Віцебская вясна».

15 сакавіка ў кватэру аднаго з іх увайшла міліцыя: пяцёра чалавек у цывільным. Міліцыянты заявілі, што ўдзельнікі сходу парушаюць заканадаўства. Усіх папрасілі прайсці ў аддзяленне для складання пратакола.

Кіраваў гэтай «спецаперацыяй» старэйшы інспэктар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Веракса, які выступіў у судзе ў якасці сведкі. Паводле ягоных словаў, інфармацыю аб тым, што ў пэўным месцы рэгулярна збіраюцца людзі, якія «вызнаюць нейкую філасофію», ён атрымаў ад ананіма — нібыта жыхара таго самага дома, дзе праходзіла сустрэча.

«Прагучала назва «Сінтэз Фа». Паглядзеў, што гэта такое, у інтэрнэце. І там жа, на сайце арганізацыі, знайшоў спіс, у якім фігуравалі 16 прозвішчаў, 8 з якіх належалі людзям, што ўдзельнічалі ў сходзе. Гэта і стала падставай», — патлумачыў Веракса.

Так званае «Вучэнне Сінтэзу» ці «Сінтэз ФА» — псеўдарэлігійны рух, які ўзнік у Расіі ў сярэдзіне 1990-х. Стварыў яго былы камсамолец і артыст балета Віталій Сярдзюк са Стаўрапаля. Прыхільнікі вераць у «Айца Метагалактыкі», з якім нібыта мае зносіны Сярдзюк. Каб стаць паўнавартасным удзельнікам руху, трэба выслухаць шэраг семінараў, часцей за ўсё платных. Тады людзі нібыта атрымаюць «агонь» і магчымасць пасля перайсці ў «больш высокую рэальнасць».

Самі ўдзельнікі сходу паведамілі, што проста збіраюцца час ад часу пагаварыць на розныя тэмы, у тым ліку і пра космас. У той вечар яны нібыта сабраліся адзначыць Дзень Канстытуцыі, а абмеркаваць паспелі толькі спартовыя дасягненні Домрачавай. Да секты яны дачынення не маюць.

Апошняе — малаімаверна, бо адна з жанчын намагалася зарэгістраваць у Віцебску тыповы для прыхільнікаў «Сінтэзу» «Метагалактычны цэнтр» (праўда, няўдала).

Але ж доказаў, што віцебчукі — сапраўды сектанты, у міліцыі не было. І якое права яна мела ўваходзіць у прыватнае памяшканне і затрымліваць людзей?

У выніку абсурднае затрыманне абсурднага сходу скончылася абсурдным выракам. Віцебчукоў пакаралі за парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах — сямёра атрымалі папярэджанні, адну з жанчын як арганізатара аштрафавалі на 20 базавых (490 рублёў).

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930