Знайсці
19.04.2018 / 20:1581РусŁacБел

Святлана Алексіевіч: Я гляджу на Макея як на трагічную фігуру. Невядома, чым скончыцца яго жаданне іншай Беларусі

У якім выпадку Святлана Алексіевіч пайшла б на кампраміс з уладай, для чаго ёй сустрэча з Лукашэнкам, якая роля Макея ў Беларусі, і ў чым яна не згодна з шэф-рэдактарам «Нашай Нівы» — гэтыя і многія іншыя пытанні Нобелеўская лаўрэатка абмеркавала ў інтэрв'ю Tut.by. Прыводзім самыя цікавыя цытаты спадарыні Алексіевіч.

У самым пачатку інтэрв'ю Алексіевіч прызналася, што назірала за Днём Волі з балкона свайго дома.

Нобелеўская лаўрэатка адзначыла важнасць беларускіх перакладаў кніг:

— Калі мы хочам быць самастойнай краінай, культурай, асобнай ад рускай, то павінны мець на беларускай мове і еўрапейскую класіку, і тое, што пішуць нашы рускамоўныя пісьменнікі. Гэта пашырае культурны кругагляд.

На думку Алексіевіч, беларусы пакуль што не жывуць у 21 стагоддзі:

— Мы ўсё яшчэ пры сацыялізме. У нас сацыялістычная вытворчасць, кіраванне, мысленне. З чаго вы ўзялі, што ўсе іншае? Калі мне кажуць, што гэта гісторыя, я не згаджаюся. На жаль, мае кнігі ніяк не могуць стаць гісторыяй.

Таксама яна адзначыла важнасць сумленных выбараў для будучыні Беларусі:

— У нас павінны з'явіцца сапраўдныя выбары — лідары, якіх мы выбіраем, а не спадчынныя прынцы, якіх на нашых вачах гадуюць. Мы думаем, што яно само па сабе ўладкуецца. Можа, і ўладкуецца, таму што ёсць эфект травы. Усё адно назапашваюцца новыя людзі, пакаленні. І хоча ўлада, не хоча, але ўсё будзе мяняцца. Іншая справа — як хутка? І з крывёй альбо без? Я б хацела, каб без крыві, таму што я не прыхільнік рэвалюцыі.

Спынілася Нобелеўская лаўрэатка таксама на пытанні кампрамісаў з уладай і асобе Уладзіміра Макея:

— Так, я чытала артыкулы [Віктара] Марціновіча, інтэрв'ю [Уладзіміра] Макея, рэакцыю на гэта ў фэйсбуку, паколькі тэма мяне сапраўды цікавіць. Але я не веру нашай уладзе.

Макей, можа быць, і кажа шчыра. Ён хацеў бы так. Але, думаю, ён таксама не вельмі трывала сябе адчувае. Хутчэй, я гляджу на Макея як на трагічную фігуру. Невядома, чым скончыцца яго жаданне іншай Беларусі.

Напэўна, не без яго дапамогі дасягаецца гэты пакрокавы кампраміс. Ён адзін з тых людзей ва ўладзе, якія думаюць, але ў нас усё вырашае адзін чалавек. Наколькі ён змяніўся за гэтыя 20 гадоў? Ці не рушыў нікуды? Таму што калі я чую «пойдзеш у кайданках», мне здаецца, што 20 гадоў таму мы з гэтага і пачыналі.

Святлана Алексіевіч пра магчымасць сустрэчы з Лукашэнкам:

— Я б пайшла да яго на сустрэчу. Ён, кажуць, пакрыўдзіўся, што я адмовілася. Але мяне, уласна, ніхто не запрашаў. Паша Якубовіч казаў, што Лукашэнка хацеў сустрэцца. Але хто такі Паша Якубовіч? Гэта ж не Ананіч. Я б пайшла з цікавасці, так.

Таксама яна расказала пра будучыню свайго Інтэлектуальнага клуба:

— Я яшчэ вырашаю для сябе пытанне, ці варта працягваць. Гэта вельмі прыкра, калі той жа Андрэй Дынько ці Валодзя Някляеў кажуць: «Святлана, а чаго ты інвестуеш ў рускую інтэлігенцыю? Такі вялікі ганарар даеш — дзве тысячы даляраў».

Я адказваю: «Я думала, што інвестую у беларускую інтэлігенцыю». Як быццам інвестыцыі — гэта толькі ганарар, а не ідэі, думкі, вобразы, асобы. Але яны па-сялянску разважаюць: «Грошы». Вядома, гэта вялікая прыкрасць.

Алексіевіч спынілася на пытанні, каго яшчэ, акрамя яе расійскіх сяброў, можна было б запрасіць у Інтэлектуальны клуб:

— Многія папракалі, што нікога з беларусаў няма. «А каго?» - пытаюся я. І цішыня …

Вось цяпер, пачытаўшы Бахарэвіча, хацела б запрасіць яго ў клуб. Ён інтэлектуальна небанальны. Калі хто-небудзь з нашых агульных знаёмых — беларускіх пісьменнікаў — пачынае гаварыць, так і ведай, што ён скажа далей. Тут — не. Яго цікава слухаць. Ён і Марціновіч — два найбольш цікавыя пісьменнікі з новага маладняка сёння. Можа быць, абмяркуем збліжэнне дзвюх культур — апазіцыйнай і культуры улады.

Таксама Нобелеўская лаўрэатка сказала, што трэба спакойна рабіць сваю справу:

— Нядаўна я сустракалася з будысцкім прапаведнікам, які казаў: «Усё будзе ў свой час. Усё прыйдзе». Трэба спакойна рабіць сваю справу, не думаючы: «Ах, застануся я ў гісторыі ці не?» Гэта праблема Лукашэнкі: застацца ў гісторыі, сына да яе прыгатаваць. Але не мая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера