Знайсці
23.04.2018 / 10:168РусŁacБел

Што напісалі пра 100-годдзе Беларусі ў Нямеччыне

Euronews выкарыстала стагоддзе БНР, каб пагаварыць пра Беларусь паміж Захадам і Усходам. Для нямецкай публікі 100-годдзе БНР было проста стагоддзем Беларусі: такія асаблівасці перакладу. Пакуль «нічога» застаецца ўзорам беларускай дзяржаўнай журналістыкі, па-нямецку пра Дзень Волі выходзілі цікавыя артыкулы.

Фелікс Акерман: Патрыёты самі шыюць свае сцягі

Frankfurter Allgemeine Zeitung апублікавала агляд гісторыка Фелікса Акермана пад назвай «Патрыёты самі шыюць свае сцягі». Гэта агляд падзей, звязаных з юбілеем БНР. Акерман даўно і шчыльна звязаны з Беларуссю. Нагадаем, што ён напісаў дысертацыю пра Гродна. У падобным жанры ён быў напісаў агляд беларускай рэакцыі на Нобелеўскую прэмію Алексіевіч. Артыкул пра Дзень Волі — 2018 таксама прыклад нямецкай эмпірычнай грунтоўнасці.

Акерман расказвае перадусім пра неспадзявана дазволеную шыльду на Доме Маліна, дзе была абвешчаная ІІІ Устаўная грамата. Падкрэсліваецца, што больш як дзве тысячы еўра былі сабраныя за некалькі гадзін. Далей гісторык упамінае выставу ў гістарычным музеі. Паспяхова прайшла прэзентацыя кнігі «Шляхі да Беларускай Народнай Рэспублікі» (хіба не зусім дакладны пераклад назвы кнігі «Шляхамі БНР»). Акерман цытуе гісторыка Ляхоўскага: у 1918-м у Менску было дзесяць беларускамоўных школ, у 2018-м іх пяць.

Асноўная думка аўтара палягае ў тым, што сёлета Дзень Волі стаў прадметам увагі ўрада. Акерман спасылаецца на ліст ідэалагічнага аддзела Гарадзенскага аблвыканкама, які патрабуе ад музеяў і бібліятэк зрабіць святочныя праграмы да 25 Сакавіка. Іншы важны прыклад — канферэнцыя ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. На ёй выступалі таксама Церашковіч і Смалянчук, «якім гадамі не дазвалялася выступаць на дзяржаўных мерапрыемствах». Паводле ацэнкі аўтара, канферэнцыя ўключыла БНР у гісторыю беларускай дзяржаўнасці без ідэалагічных абертонаў.

Асобна згадваецца аўдыягід па мясцінах БНР, падрыхтаваны Акадэміяй.

Акерман ставіць пытанне аб прычынах гэтага набліжэння вертыкалі да ейных апанентаў. Ён прыводзіць ацэнку Церашковіча, які кажа пра магчымы пачатак сапраўднага нацыябудаўніцтва.

Таксама цытуецца Варанецкі, які кажа пра стабільнае развіццё і кансалідацыю як мэты ўрада.

Сам Акерман тлумачыць гэтую новую тактыку спасылкай на палітычныя інстынкты Лукашэнкі. Прэзідэнт Беларусі, на думку гісторыка, не з’яўляецца «дыктатарам на аўтапілоце». «Ён, хутчэй, аўтарытарны валадар, які заўсёды рэагуе на зменлівую сітуацыю ў краіне і рэгіёне, каб легітымаваць сваю ўладу».

Такая «стратэгія захопу» прывяла да расколу ўнутры апазіцыі. Адны «вітаюць бела-чырвона-белыя карагоды», спадзеючыся такім чынам узмацніць беларускую мову. Іншыя робяць стаўку на Дзень Волі як сродак пратэсту. Пра арышты на плошчы Якуба Коласа нямецкія выданні паведамлялі асобна.

Адначасова Акерман займаецца тым, што паведамляе свайму чытачу некаторыя агульныя звесткі пра Беларусь. БНР ён характарызуе як палітычны праект, створаны за нямецкай акупацыяй, які не дасягнуў міжнароднага прызнання.

Таксама Акерман прасочвае спецыфічную нямецкую дылему: як Беларусь павінна называцца па-нямецку? Заснавальнікі БНР спрабавалі адмежавацца ад Расіі, пераклаўшы назву краіны на нямецкую мову як WeissRuthenien. Але ў 1941—1944 тэрмін быў дыскрэдытаваны нацыстамі, і ў ГДР, а таксама ў ФРГ назву краіны ўжо перакладалі з рускай мовы.

Цытуецца Валер Булгакаў, які характарызуе Дзень Волі як частку апазіцыйнай субкультуры ў Беларусі. Працягвае гэтую думку спасылка на даследаванне Пера Андэрса Рудлінга (які напісаў дысертацыю пра беларускі нацыяналізм, а цяпер выкладае ў Сінгапуры). У Рудлінга Акерман пазычае думку аб тым, што ў Беларусі склаліся дзве традыцыі дзяржаўнай легітымнасці: адна абапіраецца на БНР, другая — на БССР.

Думка не надта каб новая — і, можа, не зусім справядлівая. Сёлета неаднойчы ўспаміналіся розныя рэчы аб тым, што гэтая апазіцыя не заўсёды адэкватна апісвае гістарычны досвед «беларускай нацыянальнай рэвалюцыі». Магу толькі сцісла спаслацца на артыкул Туронка «Нежаданая рэспубліка», апублікаваны ў беластоцкім самвыдаце ў 1989—1990 гадах. Там гісторык паказвае, як Усебеларускі з’езд — такі, які ён быў, — аказаўся непатрэбны і савецкай, і нацыяналістычнай гістарыяграфіі. З’езд, частка культуры рэвалюцыйнай дэмакратыі, не зусім дапасоўваецца да схемы «дзвюх традыцый». На тое ж паказваюць і некаторыя дзённікавыя запісы Луцкевіча, і спадчына Грыба.

«100 гадоў Беларусі: нацыя ў зале чакання»

Іначай пабудаваў свой артыкул неназваны аўтар ліберальна-кансерватыўнага часопіса «Tichys Einblick» («Погляд Ціхі»). Гэта правае, не самае ўплывовае нямецкае анлайн-выданне. Шмат месца ў гэтым тэксце займае сучаснасць. Прычым, паколькі тэкст апублікаваны ў рубрыцы «Меркаванні», аўтар абапіраецца і на асабісты досвед.

Артыкул «100 гадоў Беларусі: нацыя ў зале чакання» таксама імкнецца інфармаваць чытача. Але ў меншай ступені пра БНР як такую. Гісторыя Беларусі (акрамя ўласна БНР, падзел Беларусі ў 1920-м, атрыманне сучасных межаў у 1940-х, немагчымасць свабоднага нацыянальнага развіцця ў СССР, траўмы сталінскага тэрору і «пачварных страт насельніцтва ў ходзе Халакосту») застаецца на другім плане.

Гісторыя служыць як тлумачэнне, чаму ў 1990-х «дэмакратычны эксперымент» праваліўся і да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Апісваюцца асноўныя палітычныя рысы створанай ім сістэмы. Асабліва цікавіцца аўтар гаспадаркай, якую ён характарызуе як «франкенштэйн-сацыялізм». Паводле журналіста, Лукашэнка сфармуляваў ідэю эвалюцыйнай эканомікі: ён меўся перавесці дзяржаўныя прадпрыемствы на рынкавыя рэйкі паступова.

У 2010-м аўтар быў у Беларусі і сустракаўся ў тым ліку з менеджарамі дзяржаўных фірм. Ён невысока ацэньвае іхную гатоўнасць «увайсці» ў рынак: «Я зычу тутэйшым эканамічным кіраўнікам шмат удачы. Яна ім дужа спатрэбіцца».

Згадваюцца таксама пратэсты 2010-га, але аўтар, хоць і сімпатызуе пратэстоўцам, скептычна ставіцца да шанцаў апазіцыі перамагчы Лукашэнку нават на дэмакратычных выбарах. Бо ў Беларусі пенсіянеры маюць адносна шчодрую сацыяльную падтрымку, а рабочыя, хоць часам ім затрымліваюць заробак, напалоханыя ўкраінскім прыкладам і не хочуць «ніякіх эксперыментаў».

Як важнае дасягненне Лукашэнкі ацэньваецца ягонае манеўраванне паміж ЕС і Расеяй. Паводле аўтара, беларускі прэзідэнт дасягнуў пэўнай аўтаноміі ў гэтай гульні. У якасці прыкладу незалежнай ад Масквы палітыкі прыводзяцца смелыя каментары Лукашэнкі наконт Крыма (хай бы цяпер Масква аддала манголам іхныя колішнія землі) і Трампа (калі Лукашэнка мусіў засцерагчы Пуціна ад залішняй радасці).

Але гэтае лавіраванне мела свае выдаткі. Сярод іх асноўны — беларуская мова: на думку журналіста, яна стала стаўкай у «покеры паміж Захадам і Усходам». Каб растлумачыць беларускую моўную сітуацыю, выкарыстоўваецца раман Марціновіча «Мова».

Пераказаўшы сюжэт рамана, аўтар неспадзявана пераходзіць да ўласна нямецкіх ці наогул заходніх праблем, як ён іх бачыць. «Бо гэты малюнак [у Марціновічавай антыўтопіі] напамінае тое, што прыхільнікі дэканструкцыі ідэй французскай, ангельскай, нямецкай нацыі рабілі з мовамі гэтых нацый. Мовы, у іхнай своеасаблівай форме, характарызуюцца як палітычна некарэктныя і нават рэпрэсіўныя». Далей аўтар выказваецца супраць «наватвораў», якія ўводзяцца з палітычнымі мэтамі ў медыя і школах. Перш за ўсё маюцца на ўвазе, відавочна, фемінітывы.

«Пакуль беларусы пасля ста гадоў усё яшчэ чакаюць магчымасці свабодна і самастойна развівацца як нацыя, нацыі Захаду самі звязваюць сабе ногі». Такі вось погляд на беларускія падзеі праз прызму нямецкіх дыскусій.

Чаму важна гаварыць пра нямецкую перспектыву на Беларусь?

Наогул цікавасць да вонкавых апісанняў свайго — натуральная. Варта ўспомніць, як часта ў Беларусі абмяркоўваліся розныя расейскія вандроўныя нататкі пра Менск ці наогул пра Беларусь. Крыху радзей гавораць пра англамоўныя водгукі.

Між тым Нямеччына застаецца адной з асноўных краін, зацікаўленых Усходняй Еўропай. З розных прычын. Пра Беларусь па-нямецку пішуць не так часта, але ўсё ж рэгулярна, і часта змястоўныя рэчы (пра квоты для апазіцыі ў парламенце ці пра архітэктуру савецкай мадэрнасці). Вонкавая перспектыва важная менавіта як адмена позірку. З адлегласці лёгка схібіць, але яна мае моцны стваральны патэнцыял.

У спрэчку пра БНР Акерман можа ўнесці важны інсайт. Пра тое, што гэты праект развіваўся пад акупацыяй, у Беларусі часта забываюцца. А гэта мае быць першая характарыстыка БНР. І яна можа прымусіць гісторыкаў заняцца нарэшце не паўтарэннем ідэалагічных формул, а вывучэннем гістарычнага досведу.

Звяртае ўвагу і эвалюцыя беларусазнаўства ў свеце. Эфектам паступовага назапашвання ведаў пра Беларусь у свеце з’яўляецца новая якасць у абмеркаванні нашай краіны. Яна ўсё часцей робіцца часткай шырэйшай дыскусіі. Таму здаецца паказальным апошні артыкул..

З беларускай перспектывы ён варты ўвагі, бо адлюстроўвае доўгі і складаны працэс. Тое, што Жылка называў узыходжаннем беларуса на мапу Еўропы. Бо выйсці на мапу — гэта не проста маляванне межаў як такое. Гэта шматбаковы ўдзел у еўрапейскай сучаснасці: ўключэнне ў сістэму ведаў і прысутнасць у дыскусіі

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера