«Рэйды супраць беларусаў»: пачалі з'яўляцца пастановачныя ВІДЭА аб нападах на беларусаў у Чарнігаве
Прарасійскія сілы працягваюць ствараць інфармацыйныя нагоды, здольныя супрацьпаставіць украінцаў беларусам.
У пачатку месяца гэта былі радыкальныя антыбеларускія надпісы на шапіках у Чарнігаве, пра якія хорам і ў дэталях справаздачыліся чарнасоценскія рэсурсы.
У Чарнігаве з'явіліся антыбеларускія надпісы. Копія правакацый у Закарпацці?
Відавочна, што тады сваіх мэтаў правакацыя не дасягнула, і зацікаўленыя асобы пачалі гуляцца з фарматамі: на гэты раз яны знялі пастановачныя відэа «рэйдаў на беларусаў».
«Сустрэў беларуса — «прывітай» і адпраў яго да бацькі», — з грубымі граматычнымі памылкамі пішуць аўтары ў назве відэа. Усяго з'явілася два ролікі.
На першым відэа ў кадр трапіла машына на беларускіх нумарах з закрытымі дзвярыма, каля яе — чалавек. Нічога не ўказвае на тое, што ён выйшаў з гэтай машыны ці яна яму належыць. Тут жа на яго нападаюць, ён не аказвае супраціўлення і падае, два чалавекі працягваюць наносіць удары: пры запаволеным праглядзе відаць, што «ўдары» наносяцца растапыранымі пальцамі, а не кулаком — гэта пастаноўка.
Другое відэа больш падобнае на праўду: двое ў кадры просяць чалавека, які сядзіць у машыне з беларускімі нумарамі, адкрыць акно, пырскаюць яму ў твар пярцовым балончыкам і сыходзяць са словамі «не прыязджай сюды больш».
Аўтары ідуць насуперак украінскай традыцыі змагацца супраць чаго б ні было з адкрытым забралам і не паказваюць свае твары. Але відэа выкладзенае з акаўнту арганізацыі «Чарнігаўскі трызуб» — згадак у інтэрнэце пра такі рух няма. Але допісы ў свежаствораных сацыяльных сетках павінны стварыць уражанне, што за гэтымі «нападамі» стаіць нейкая радыкальная ўкраінская арганізацыя.
Цікава, што менавіта ў Чарнігаве два дні таму СБУ выкрыла сетку прарасійскіх агентаў, якія займаліся распальваннем міжнацыянальнай варожасці — размалёўвалі сцены дамоў і сінагог антысеміцкімі ды антыпольскімі надпісамі паводле задач куратараў з Расіі.
Хто ведае, можа, сярод затрыманых ёсць і людзі на «беларускіх» відэа?
Таксама ўкраінскім сілавікам удалося злавіць у Львове злачынную групу, якая ўзарвала на польскіх могілках гранату — гэта таксама былі людзі, якія дзейнічалі ў інтарэсах трэціх краін і фінансаваліся «са структур, блізкіх да расійскіх спецслужбаў», паведамляе СБУ.
Адметна, што першым гэтыя відэа беларускай тэматыкі апублікаваў у сябе на старонцы ў фэйсбуку палітолаг Пятро Пятроўскі, які ўжо быў заўважаны раней у рабоце паводле тэхнічных заданняў з трэціх краін.
Чытайце: Хакеры апублікавалі дакументы, згодна з якімі беларускія аўтары рыхтуюць свае публікацыі па заказах маскоўскіх паліттэхнолагаў
* * *
Удакладненне: у першаснай версіі артыкула згадвалася, што гісторыю ў Чарнігаве актыўна асвятляў «Спутнік». У рэальнасці на сайце «Спутніка» такой інфармацыі не было