Знайсці
18.04.2018 / 11:2850РусŁacБел

Віктар Марціновіч. Чаго чакаць беларусам ад Трэцяй сусветнай вайны

Вы кажаце, Трэцяй сусветнай не будзе? Я запярэчу: яна ўжо ідзе. Бо сітуацыя, калі два адвечныя апаненты рубяцца адзін з адным у Сірыі, — гэта ўжо Трэцяя сусветная.

І толькі не трэба казаць, што так ужо было. Што падчас «незаслужана забытай» Карэйскай вайны СССР дапамагаў Карэі, з якой біліся Штаты. Тую вайну ў кантэксце цяперашняй сітуацыі ў Сірыі не прыгадваюць не таму, што яе «забылі». А таму, што яна была проста іншай.

Тады СССР хавала сваю прысутнасць. Цяпер расійскі амбасадар адкрыта кажа, што Расія будзе збіваць ракеты, выпушчаныя па Сірыі, і ракеты сапраўды пачынае нехта збіваць, і ступень інфармацыйнай прысутнасці расійскіх генштаба і МЗС ва ўсёй гэтай гісторыі такая, што цяжка верыць, нібыта Трамп дужаецца менавіта з Асадам, — бо для рускамоўных тэлегледачоў усё даўно ўжо выглядае так, быццам Трамп дужаецца з Пуціным.

Трэцяя сусветная ўжо ідзе — і ў яе ёсць як добра бачныя прыкметы, напрыклад, перадачы пра тое, што менавіта варта браць з сабой у бункер (у нулявыя рэдактара, які абраў такі тэматычны разварот, акуратненька б звольнілі за панікёрства), так і штучкі, якія адчуваюць пакуль адзінкі. Напрыклад, тое, наколькі складана зрабілася вандраваць. Наколькі змяніліся правілы паводзін у аэрапортах і гатэлях, да якой ступені падазрона цяпер ставяцца да ўсіх турыстаў там, дзе раней іх бесклапотна віталі.

Можна прыслухвацца да протаіерэя Чапліна, які напрарочыў хуткі абмен знішчальнымі ракетнымі ўдарамі , і цішком падшукваць сабе жытло як мага далей ад мегаполісаў. Можна працягваць верыць, што «пры нашым жыцці пранясе». Адзінае, чаго трэба пазбавіцца, дык гэта наіўнае дапушчэнне, што глабальнай вайны не будзе зусім і ніколі. Бо логіка развіцця падзей ад сённяшняга дня і далей у будучыню гэта выключае.

Цяпер мы ўсе бачым, як старанна зноў адбудоўваюцца дзве супрацьлеглыя карціны свету.

Мяне яны ўражваюць сваёй татальнасцю, мільёнам дэталяў, якія пераазначваюцца бакамі на свой капыл. Брытанцы вераць, што Скрыпаляў атруцілі «Навічком», рускія кажуць, што атруцілі газам BZ, які ёсць у Амерыкі і Англіі. Штаты кажуць, што рэжым Асада прымяніў у Сірыі хімічную зброю, дзеля знішчэння вытворчасці якой патрэбны ракетны ўдар, рускія кажуць, што хімічная атака была «сімуляцыяй», а ракетны ўдар — бандытызмам. Трамп кажа, што ракеты даляцелі і атака была «паспяховай», рускія настойваюць, што «большасць» ракет збітая. Ісціна і праўдзівасць канчаткова зніклі за дзвюма прапагандысцкімі плынямі.

І вось так ужо дакладна было. Прычым нядаўна, на маёй памяці. Падчас Халоднай вайны, якую сёння прынята лічыць цалкам бяспечнай пустышкай. Маўляў, бакі гналі ўзбраенні, спаборнічалі ў тым, хто наробіць больш ядзерных зарадаў, здольных знішчыць планету, і потым… нічога не адбылося.

Тыя, хто ставіцца да Халоднай вайны са знявагай, мабыць забыліся, што не шандарахнула ў 1980-я з вельмі простай прычыны: адзін з полюсаў таго свету проста перастаў існаваць.

І вялікае пытанне, як бы скончылася гонка ўзбраенняў, калі б вайна ў Афганістане і назапашаныя эканамічныя праблемы не вымусілі аднаго з уладальнікаў сусветнага ракетнага арсеналу самазнішчыцца. Сёння мы маем тыя ж дзве ідэалогіі, але перспектыва «самараспаду» Расіі падаецца імавернай выключна летуценнікам кшталту «інгерманладцаў» ці «заўральскіх сепаратыстаў». Так, Расія даволі пагана вертыкальна кіруецца, так, за 300 км ад Масквы Масква ўжо мала што вырашае, але гэта натуральны стан для гэтай краіны. У гэтым стане яна можа паспяхова запускаць ракеты. І будзьце ўпэўненыя: хаця б частка з іх узляціць, а для нашага найгоршага сцэнару гэтага больш чым дастаткова.

Яшчэ адна дэталь — суцэльная фрагментацыя планеты. Не засталося больш праблем, адзіных на ўсё чалавецтва, тэм, адзіных для ўсіх людзей. У палякаў сёння адно разуменне «зла» і «дабра», у рускіх — зусім іншае. Сітуацыя з падзеннем самалёта Качыньскага, трагедыяй, якая, замест таго каб аб’яднаць апанентаў, раз’ядноўвае іх па нейкіх зусім шызоідных схемах, — найлепшае пацверджанне.

Нарэшце, набор сусветных лідараў, якіх вынесла на карту. Трамп — ідэальны спарынг-партнёр для Пуціна.

Яны падыходзяць адзін аднаму настолькі ўдала, быццам былі персанажамі аднаго фільма пра Джэймса Бонда (прычым фільм зняты ў 1979-м). Дагэтуль ад новай сусветнай вайны планету зберагала тое, што ў кожнага рэзкага кіраўніка аднаго з полюсаў быў дастаткова лагодны апанент. «Адмарожаны» Рэйган і «нягеглы» Андропаў. «Адмарожаны» Сталін і рэспектабельны, узважаны Рузвельт. Сыдзіся Рэйган са Сталіным ці Сталін з Ніксанам — і я не ўпэўнены, што планета дажыла б да 2018-га.

Што турбуе найбольш — дык гэта тое, што мая радзіма, родная Беларусь, мае ўсе шанцы апынуцца ў самым эпіцэнтры будучых баданняў. Так было ў 1914-м (ці цікавіліся вы, колькі месяцаў з трох гадоў Першай сусветнай лінія фронту праходзіла па Беларусі? Калі не цікавіліся — дык пацікаўцеся!), гэтаксама ж было ў 1941-м — такой жа схема будзе ў 2020-м ці 2040-м. Гэта не палітыка, гэта геаграфія. Якая не залежыць ад таго, што мы з вамі, паважаныя сябры, думаем пра Трампа ці Пуціна.

І мне смешна чытаць рэплікі пра тое, што чым горай для Расіі, тым лепей для нас. Маўляў, «чым слабейшая Расія, тым мацнейшая беларуская незалежнасць». Любы ўзброены канфлікт паміж Усходам і Захадам аўтаматам кладзецца на нашу зямлю. Бо для страляніны патрэбны цір. Тэрыторыя, якая добра прастрэльваецца і на якой бакі б маглі вынішчаць адзін аднаго, а заадно і мірных жыхароў, якія падвярнуцца пад кулі. Гэты цір — чыста геаграфічна мы, Украіна, Малдова, нашы паўночныя суседзі. Мапа тут скажа болей, чым сто артыкулаў песімістаў.

То я — за мір.

Не за Трампа, не за Пуціна, не за Меркель, не за Мэй. А за мір.

Я за тое, каб Трамп не сварыўся з Пуціным, а Брытанія паразумелася з Расіяй па Скрыпалях. Бо інакш іх спрэчкі маюць усе шанцы скончыцца на нашай тэрыторыі.

Чытай таксама: Ад готыкі да мадэрну — гайд па Вене для культурных падарожнікаў ад Віктара Марціновіча

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930