Знайсці
18.04.2018 / 11:0422РусŁacБел

Праз паўтара года следства пачалі судзіць вядомага бізнэсмена Аляксандра Кныровіча і яго падначаленых

18 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска пачаў разгляд справы вядомага бізнэсмена Аляксандра Кныровіча. Яго вінавацяць у паўтарной дачы хабару і нясплаце падаткаў.

Бізнэс, бар, блогі. І хабар?

Кныровіч — сузаснавальнік фірмы «СарматТэрма-Інжынірынг», якая займалася пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў для прадпрыемстваў ЖКГ. У студзені 2017 года Кныровіча нечакана затрымаў КДБ. Ён быў не толькі вядомым бізнэсоўцам (адкрыў бар Bristle у Мінску, курыраваў праект «Мой бізнес» на канале АНТ), але і публіцыстам: вёў свой блог, пісаў калонкі для партала kyky.org. У адной з калонак Кныровіч раскрытыкаваў падыход дзяржавы да святкавання 9 мая, пасля чаго kyky.org нават заблакавалі на некаторы час.

Таму спачатку многія думалі, што затрыманне Кныровіча можа быць звязана з яго выказваннямі. Аднак пазней сілавікі паведамілі, што ўсё банальна: бізнэсмена арыштавалі за хабар і адкаты.

Па папярэдняй версіі, супрацоўнікі «СарматТэрма-Інжынірынг» плацілі людзям, хто адказваў за закупкі ў ЖКГ, пасля чаго тыя фарміравалі заяўку, якая цалкам адпавядала жаданням «Сармата».

Такім чынам фірма Кныровіча падкупляла супрацоўнікаў ЖКГ як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, і выйгравала тэндэры на пастаўкі труб, упэўненыя следчыя. Паводле КДБ, людзі Кныровіча таксама падкуплялі брокераў, якія праводзілі гэтыя таргі. Пры гэтым сумы адкатаў закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаная цана якой пасля ўлічвалася пры фармаванні камунальных тарыфаў.

Вынікам былі шматлікія затрыманні: паляцелі галовы супрацоўнікаў дзяржаўных «Брэстэнерга», Бярозаўскага ЖКГ, «Гомельаблцепласетак» і шэрагу іншых арганізацый. Затрымалі і самога Аляксандра Кныровіча разам з падначаленымі: дырэктара фірмы, намеснікаў, вядучага эканаміста.

Літасці не будзе

Па справе выказаўся нават Аляксандр Лукашэнка. Гісторыя была на яго асабістым кантролі. А Кныровіч, па словах Лукашэнкі, пасля затрымання прасіў памілавання і быў гатовы кампенсаваць шкоду.

«Літасці да жулікаў ніякай не будзе. Злодзей павінен сядзець у турме — вось такую рэзалюцыю я наклаў на даклад старшыні Камітэта дзяржбяспекі. Усе, хто да гэтага датычныя, будуць сядзець», — заявіў Лукашэнка.

Пасля такіх заяваў будучыня Кныровіча выглядае зусім не вясёлкава. Вінавацяць яго ў дачы хабару і нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Бізнэсмену і яго супрацоўнікам пагражае да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Дадамо, што ў 2008 годзе супраць Кныровіча ўжо заводзілася крымінальная справа за ўхіленне ад сплаты падаткаў. Тады ён прызнаў віну, кампенсаваў шкоду дзяржаве і быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

18 красавіка на лаве падсудных — пяцёра чалавек. Гэта сам Кныровіч, дырэктар «СарматТэрм-Інжынірынг», яго намеснік па продажах Яўген Папоўскі, намеснік па эканоміцы Ігар Максімаў, вядучы эканаміст Андрэй Кускоў. Пяты — Уладзімір Дашкевіч, які паведаміў, што на момант затрымання ён быў беспрацоўным. Насамрэч, так і было. Але раней менавіта Дашкевіч быў дырэктарам «СарматТэрма», Кныровіч змяніў яго літаральна за 2 месяцы да затрымання.

Мяркуючы па ўсім, абвінавачаным не варта чакаць літасці. Абаронцы папрасілі вызваліць з-пад варты Ігара Максімава. Немалады мужчына мае сур’ёзныя праблемы са здароўем: стаіць на ўліку ў анкадыспансеры, перанёс аперацыю на сэрцы. Але ж пракурор Аксана Саковіч выказалася супраць: маўляў, можа паўплываць на сведкаў, а то і ўвогуле збегчы. Суддзя Юлія Крэпская прыслухалася да пракурора і вырашыла, што Максімаў застанецца ў СІЗА, негледзячы на хваробы.

Затым зачыталі абвінавачванне. Следства сцвярджае, што супрацоўнікі Кныровіча і сам ён перадавалі грошы работнікам ЖКГ.

Хабар быў розным: часам хапала тысячы ці дзвюх тысяч рублёў, часам абгаворвалі працэнт ад сумы закупкі. Напрыклад, адказнаму за закупкі на «Брэстэнерга» ад «СарматТэрма» перадалі ажно 10 тысяч рублёў за дапамогу.

Таксама Дашкевіч і Кныровіч адкрылі ў 2012 годзе фірму ў Пецярбургу, лічыць следства. Заснавальнікам яе афіцыйна была маці Аляксандра Кныровіча, якая пра злачынныя планы не ведала. Фірма была пасярэднікам падчас імпарту труб, у выніку «Сармат» штучна павышаў кошты і прадаваў тыя трубы ЖКГ даражэй.

Такім чынам за час сваёй працы «Сармат» нагрэў дзяржаву на буйную суму. Агулам фірма не сплаціла падаткаў больш чым 1,5 мільёна даляраў, сцвярджаюць следчыя.

Абвешчаны перапынак, суд працягнецца 19 красавіка. За першы дзень пракурор не паспеў нават цалкам прачытаць абвінавачванне.

(абнаўляецца)

Улад Швядовіч, фота Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930