Знайсці
16.04.2018 / 17:4638РусŁacБел

Журналіст, які пісаў пра расійскіх наймітаў у Сірыі, упаў з пятага паверха

Журналіст, які пісаў пра гібель расійских наймітаў у Сірыі, памёр у бальніцы пасля падзення з балкона сваёй кватэры на пятым паверсе ў Екацярынбургу, паведамляе Бі-бі-сі.

Траўміраванага Максіма Барадзіна знайшлі пад балконам суседзі, ён быў дастаўлены ў бальніцу, дзе пазней памёр.

Мясцовыя афіцыйныя асобы заявілі, што не знойдзена ніводнага сведчання, што гэта было самагубства, але інцыдэнт наўрад ці мае крымінальны характар.

Аднак сябар Барадзіна Вячаслаў Башкоў паведаміў, што днём раней каля яго кватэры былі заўважаныя сілавікі.

Башкоў назваў Барадзіна «прынцыповым, сумленным журналістам» і сказаў, што Барадзін звязаўся з ім у пяць гадзін раніцы 11 красавіка, сказаўшы, што «нехта са зброяй на балконе і людзі ў камуфляжы і масках на лесвічнай пляцоўцы».

Барадзін шукаў адваката, растлумачыў ён, хоць пазней патэлефанаваў, сказаўшы, што памыляецца і што тыя ахоўнікі бралі ўдзел у нейкіх вучэннях.

Пасля таго, як Барадзін быў знойдзены цяжка параненым каля будынка ў чацвер, рэгіянальныя ўлады заявілі, што дзверы яго кватэры была замкнутыя зсярэдзіны і ніхто старонні не мог трапіць у кватэру або выйсці з яе.

Галоўны рэдактар «Новага Дня», дзе працаваў Барадзін, не верыць, што яго смерць магла быць няшчасным выпадкам і адзначае, што ў яго не было прычын забіваць сябе.

Пра што пісаў Барадзін?

У апошнія тыдні журналіст напісаў пра рускіх наймітаў, вядомых як «група Вагнера», што, як паведамляецца, былі забітыя ў Сірыі 7 лютага ў супрацьстаянні з амерыканскімі войскамі.

На мінулым тыдні сыходзячы ў адстаўку, кіраўнік ЦРУ Майк Пампеа сказаў, што «пара соцень» расійскіх наймітаў загінула ў выніку сутыкнення ў правінцыі Дэйр-аль-Зур. Найміты, відаць, удзельнічалі ў нападзе сірыйскіх урадавых войскаў на штаб-кватэру амерыканскага саюзніка - сірыйскіх дэмакратычных сіл.

Праз некалькі тыдняў Расея прызнала, што некалькі дзясяткаў расійскіх грамадзян былі забітыя ці параненыя там.

У мінулым месяцы Барадзін пісаў, што трое з забітых прыбылі ў Сірыю з Свярдлоўскай вобласці — двое з горада Асбест і адзін з Кедравага.

Ён таксама расследаваў палітычныя скандалы, у тым ліку справу беларускай эскортніцы Насці Рыбкі, гераіні скандальнага відэароліка, апублікаванага Аляксеем Навальным.

У апошнія гады журналісты ў Расіі часта церпяць ад пераследу за іх працу. Паведамляецца, што ў той самы дзень, калі Максім Барадзін быў смяротна траўмаваны, адбыўся напад на рэдактара афіцыйнай рэгіянальнай газеты ў Екацярынбургу.

Большая частка расійскіх СМІ кантралюецца дзяржавай, а Расія займае 83-е месца з 100 краін у рэйтынгу свабоды прэсы Freedom House.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930