Знайсці
14.04.2018 / 19:5110РусŁacБел

«Пайшоў ноччу секчы дровы, а адсек палец»: гомельскі хірург расказаў, чаму дактары і пацыенты часам не чуюць адзін аднаго

Выкладчык кафедры ваеннай і экстрэмальнай медыцыны Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта Алег Дохаў расказаў «Нашай Ніве» пра кур'ёзныя выпадкі з практыкі і адказаў на папрокі людзей, якія вінавацяць дактароў у абыякавасці.

З хірургам мы паразмаўлялі ў рамках выставы БРСМ «100 ідэй для Беларусі». 

Падпалкоўнік, хірург Алег Дохаў

Алег Дохаў спецыялізуецца на ваенных траўмах і атрыманых у побыце калецтвах, калі патрабуецца неадкладнае ўмяшальніцтва. 

Доктар кажа, што вялікую долю траўмаў складаюць наступствы чалавечага глупства — свайго ці чужога. 

«Большая частка побытавых траўмаў — гэта калі нехта нешта недарабіў, кінуў, а другі пакалечыўся: дзесьці нешта выкапалі і не абгарадзілі, накідалі дошкі з забітымі цвікамі, цэглу раскідалі. Але часам людзі спачатку ахвяруюць логікай, а гэта ўжо цягне за сабой ахвярнасць іншымі, фізічнымі часткамі.

Напрыклад, з нядаўняга: мужык вырашыў ноччу пайсці насекчы дроваў. Канечне, папярэдне трохі «прыняўшы». Ну і адсечаны палец — як вынік. І нам яго не ўдалося захаваць, бо час, які прайшоў пасля траўмы, і яе характар маюць значэнне — недзе можна выратаваць орган, недзе — не. І ў такіх вось выпадках абурае, што чалавек лічыць вінаватымі дактароў, а не сябе», — сказаў Дохаў і адзначыў, што часам пацыенты абураюцца абгрунтавана. 

«Праблема ўзаемаадносінаў медыкаў і пацыентаў вельмі вострая, насамрэч. Можна падумаць, я, як доктар, мушу кінуцца абараняць усіх сваіх калег са словамі, што ўсе папрокі: маўляў, «недалячылі» — хлусня, а мы — выдатныя людзі. Але маё меркаванне, што праблема і з таго і з іншага боку.

Патлумачу: не заўсёды ёсць магчымасць у доктара цягам тых трох хвілін прыёму данесці да пацыента важнасць сітуацыі. Бывае, чалавек не разумее, што ягоны стан небяспечны.

Яму за тры хвіліны кажуць: «Вам трэба зрабіць агульныя аналізы, біяхімію, а потым наведаць, скажам, эндакрынолага. Чалавек паглядзеў, падумаў: «Ай, зраблю заўтра», а потым забывае. А калі хвароба збівае яго з ног, то ён крычыць, што доктар яго недагледзеў, не дыягнаставаў.

Каб той доктар адну хвіліну болей прысвяціў чалавеку і патлумачыў, што трэба паставіцца да ягоных парадаў сур'ёзна, бо, калі не зрабіць гэтага цяпер, бо праз паўгады могуць быць сур'ёзныя праблемы, то хвароба б не абвастрылася.

Тут патрэбны дыялог. І я разумею тут бабулю, якая разгубілася ў паліклініцы, недачула, куды ісці: у які кабінет і на які паверх. Трэба прыслухоўвацца адзін да аднаго, я думаю. Але зноў жа — бываюць розныя выпадкі», — сказаў хірург.

«Якія траўмы найбольш характэрныя для беларускіх салдат?», — спыталі мы. «Гэта ўнутраная інфармацыя, я не буду яе раскрываць, але магу сказаць, што прычыннасць траўмаў у войску амаль ідэнтычная «грамадзянцы», — адказаў Дохаў. 

«Падсумоўваючы ўсе выпадкі, з якімі я сутыкаўся, магу сказаць, што трэба быць уважлівым і, таксама важна, каб людзям раптам не здавалася, што ў іх адкрыліся доктарскія здольнасці.

Патлумачу: сёння ва ўсіх ёсць інтэрнэт. У чалавека нешта забалела, ён палез у сетку, увёў свае сімптомы — а там рак, канечне ж, ці яшчэ што сур'ёзнае. І ён давай лячыцца — вырашае, напрыклад, што яму трэба ўнутрывенныя ін'екцыі анальгіна. Далей ён глядзіць відэаўрок на Ютубе… Ну і добра, калі хтосьці ёсць у гэты момант у кватэры і выклікае хуткую. А доктар бачыць заліты крывёй пакой і чалавека без прытомнасці, бо ў яго, аказваецца, яшчэ і страх крыві. Таму я кажу — слухайце сябе і доктара.

У нас добрыя дактары. Мяркуючы нават па маіх студэнтах — у нас такія конкурсы, што па агульным узроўні інтэлекту, можа, мы і наперадзе». 

***

На конкурсе БРСМ «100 ідэй для Беларусі» Алег Дохаў прадставіў сваю распрацоўку — трэнажор для адпрацоўкі ўнутрывенных ін'екцый і забору крыві. Гэта такая спецыяльная накладка, якая сімулюе чалавечую скуру, а пад ёй, у спецыяльных «сасудах», цыркулюе штучная кроў. Такі трэнажор спрашчае навучанне студэнтаў, бо традыцыйна яны трэніруюцца ці на добраахвотніках, ці на жывёлах. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930