Знайсці
23.04.2018 / 10:3819РусŁacБел

Украіна рэфармуе сістэму аховы здароўя: у чым сутнасць перамен

Ва Украіне распачалася чарговая рэформа. На гэты раз нашы паўднёвыя суседзі імкнуцца палепшыць сваю медыцыну. «Наша Ніва» разбіралася, у чым сутнасць гэтай медыцынскай рэформы, што зменіцца для лекараў і пацыентаў, і чаму частка ўкраінскага грамадства баіцца, што рэформа прывядзе да катастрафічных наступстваў.

Навошта ўкраінцы вырашылі рэфармаваць медыцыну?

Савецкая сістэма аховы здароўя ва Украіне фактычна перастала працаваць. У бальніцах няма элементарных лекаў, мізэрныя заробкі лекараў проста фізічна не дазваляюць ім працаваць без хабару.

Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, 61% украінцаў лічаць медыцыну найбольш карумпаванай сферай жыцця.

Спарахнелая інфраструктура, адсутнасць законаў, састарэлая стандартызацыя, адток медыкаў за мяжу… Праблемы ўкраінскай медыцыны можна пералічваць бясконца.

Лякарня ў горадзе Генічэск.

Хто адказны за рэформу?

Рэформу звязваюць непасрэдна з асобай міністра аховы здароўя Украіны — Ульянай Супрун.

Ульяна Супрун.

Ульяна Супрун нарадзілася і большую частку жыцця пражыла ў Злучаных Штатах. Яе бацькі — украінцы, таму з самага дзяцінства яны выхоўвалася ва ўкраінскім асяроддзі. Ва Украіну Супрун разам з мужам пераехала ўвосень 2013 года.

У чым сутнасць рэформы? Асноўныя пункты

1. Змена прынцыпу фінансавання 

Раней ва Украіне была цэнтралізаваная сістэма аховы здароўя, калі дзяржаўныя выплаты бальніцам залежалі ад паказчыка «ложак-месца». Сістэма была неэфектыўнай, таму што фінансаванне не залежала ад вынікаў дзейнасці бальніцы і лекараў. Зараз Украіна адмовілася ад такога тыпу і пераходзіць на іншы тып фінансавання — за паслугі, а не «ложак-месца».

Дзяржава будзе плаціць лякарням і лекарам за аказаныя канкрэтным пацыентам медыцынскія паслугі, а не за «ўтрыманне ложкаў».

2. Адмова ад участковых лекараў

Раней украінцы хадзілі як і беларусы да тэрапеўтаў па месцы жыхарства. Цяпер медыцынская рэформа адмяніла паняцце «ўчастковы лекар», каб кожны ўкраінец мог выбраць лекара самастойна. Есць магчымасць выбіраць — сямейным лекарам можа быць любы спецыяліст, які спадабаўся вам ці быў парэкамендаваны вашымі знаёмымі. Каб выбраць сямейнага лекара, неабходна падпісаць са спецыялістам дамову.

Плануецца, што за кожнага чалавека доктар будзе атрымліваць 370 грывень (каля 30 рублёў) за год. Дамову лекар можа падпісаць максімум з 2000 пацыентаў.

У Міністэрстве аховы здароўя абяцаюць, што заробак лекараў будзе складаць не менш, чым 250% ад сярэдняга заробку па краіне. На сёння гэта каля 18 тысяч грывень (каля 1450 рублёў). Хірургам і нейрахірургам абяцаюць у 4—6 разоў больш за сярэдні заробак.

3. Лякарні зменяць форму ўласнасці

Цяпер яны з’яўляюцца бюджэтнымі ўстановамі, а стануць некамерцыйнымі прадпрыемствамі. Гэта дасць больш свабоды для распараджэння бальніцамі сваёй маёмасцю і фінансамі. Але гэта не значыць, што бальніцы стануць прыватнымі — прыватызаваць лякарні будзе забаронена.

4. Стварэнне адзінай электроннай сістэмы аховы здароўя eHealth

У гэтай сістэме будуць зарэгістраваны ўсе медыцынскія ўстановы, лекары і пацыенты краіны. eHealth дазволіць стварыць адзіную электронную медыцынскую карту, што дапаможа як у дыягностыцы, так і ў адміністраванні медыцынскіх паслуг.

Таксама сістэма вырашае яшчэ адну важную задачу. У апошняе дзесяцігоддзе ва Украіне адсутнічала нармальная статыстыка па захворваннях — дзяржава фактычна не ведае, на што хварэюць і ад чаго паміраюць яе грамадзяне. eHealth дапаможа і ў стварэнні і сістэматызацыі гэтых дадзеных.

5. Медыцынскія паслугі будуць платнымі

Але чыноўнікі супакойваюць, што за асноўныя базавыя паслугі плаціць будзе дзяржава. Мяркуецца, што дзяржава будзе плаціць за неадкладную, першасную і паліятыўную медыцынскую дапамогу. Гэта азначае, што ўсе звароты да сямейнага лекара, педыятра і тэрапеўта, тэрміновыя аперацыі, а таксама дагляд і абязбольванне для цяжка і смяротна хворых застануцца бясплатнымі.

Частка паслуг усё ж стане афіцыйна платнай для пацыентаў. У Міністэрстве аховы здароўя сцвярджаюць, што гаворка пойдзе, перш за ўсё, пра эстэтычную хірургію і стаматалогію за выключэннем экстранных выпадкаў.

Чаму ўкраінцы баяцца рэформы? Якія ёсць небяспекі?

Некаторыя палітыкі і афіляваныя з імі СМІ ва Украіне папярэджваюць, што рэформа можа прывесці да сапраўднай катастрофы. Некаторыя нават ужываюць тэрмін «медыцынскі генацыд Супрун». Крытыкі рэформы звяртаюць увагу на тое, што вялікая частка паслуг можа адначасова стаць платнай, і ўкраінцам, якія маюць нізкія даходы, застанецца толькі паміраць альбо займацца самалячэннем. Таксама крытыкі рэформы папярэджваюць, што яна можа прывесці да камерцыялізацыі. Бальніцы з малой колькасцю пацыентаў могуць проста знікнуць пры такіх правілах.

Крытыкуецца і асоба міністра Супрун, якую абвінавачваюць у адсутнасці вялікага досведу ў медыцыне і неразуменні ўкраінскай спецыфікі.

Таксама ёсць небяспека таго, што мясцовыя ўлады, якія сядзяць на карупцыйных струменях, будуць проста сабатаваць рэформу. Для гэтага мясцовым радам дастаткова не прагаласаваць за пераўтварэнне бальніц з бюджэтных устаноў у некамерцыйныя прадпрыемствы — і рэформа ўжо будзе сапсавана ў асобным раёне.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера