Знайсці
12.04.2018 / 14:142РусŁacБел

Рэабілітацыя «Шахцёра», рачное дэрбі і бітва фаварытаў сезона. Інтрыгі трэцяга тура чэмпіянату Беларусі

Вышэйшая ліга паступова набірае абароты і пачынае прыносіць першыя неспадзяванкі. Калі лідарства БАТЭ па выніках двух тураў можна назваць будзённым, то дзвюх перамог ад «Дняпра», здаецца, не чакалі нават некаторыя заўзятары магілёўскай каманды.

У топе табліцы можна знайсці і мінскае «Тарпеда», якое атрымала першую перамогу пасля вяртання ў «вышку». Мінскае «Дынама» падзяліла ачкі з «Іслаччу», а «Шахцёр» пакуль боўтаецца амаль што на самым дне з 1 ачком у кішэні.

Разам з Букмекерскай канторай Марафон працягваем сачыць за чэмпіянатам Беларусі. У мінулым туры мы і самі паспрабавалі зрабіць прагнозы. Пяць з васьмі прапанавых вынікаў аказаліся трапнымі!

Сюрпрызаў не атрымалася: пасля нічыёй у першым туры, з Брэста навічок «вышкі» прадказальна вярнуўся ні з чым. Толькі дзякуючы шматлікім сэйвам брамніка Дзяніса Шэліхава «Прамень» прапусціў усяго двойчы. Затое на рахунку мінскай каманды першы гол у «вышцы» — адзначыўся Раман Грыбоўскі.

Дзяніс Шэліхаў адбівае ўдар Аляксея Лягчыліна. Фота Аляксея Камялькова.

«Віцебск» у дададзеныя арбітрам хвіліны вырваў перамогу ў «Шахцёра» і мае неблагія шанцы папоўніць турнірную скарбонку яшчэ трыма баламі.

Прагноз «НН»: «Віцебск» не саступіць.

Нягледзячы на статус лакальнага дэрбі, гульні геаграфічных суседзяў асаблівай прынцыповасцю дагэтуль не адзначаліся. «Слуцк» перамагаў «Шахцёр» аднойчы амаль два гады таму.

З аднаго боку, цяпер досыць прыдатны час для падначаленых Віталя Паўлава, каб паўтарыць гэты поспех, бо «Шахцёр» перажывае відавочны крызіс і на гэтым тыдні падпісаў ужо дзясятага легіянера.

Але і сам «Слуцк» пакуль не дэманструе яскравай гульні, таму чарговага адмоўнага сюрпрызу ад салігорцаў чакаць, здаецца, не варта.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Нёман» крыху збіўся з запланаванага курсу на топ-6. Два туры — дзве нічые, у апошняй гульні Андрэй Якімаў не забіў пенальці «Слуцку» і пазбавіў Гродна першай перамогі.

У мінулым годзе «Дняпро» таксама выдаў бойкі старт (3 перамогі ў 4 турах), але потым ледзь не вылецеў з вышэйшай лігі. Таму ў Магілёве прыкладуць максімум намаганняў, каб захаваць спакой і працягваць радаваць заўзятараў. Але ў «рачным дэрбі» гэта будзе зрабіць вельмі складана.

Прагноз «НН»: перамога «Нёмана».

БАТЭ з Алегам Дулубам не дэманструе яскравай гульні, але спраўна набірае ачкі. Заўзятараў БАТЭ хвалюе гульня каманды ў другіх таймах, у якіх ініцыятыва звычайна пераходзіць да супернікаў.

Брэсцкае «Дынама» валодае найлепшай атакуючай лініяй чэмпіянату і такім падарункам можа скарыстацца. Але з ростару «бела-сініх» часова выпаў Арцём Мілеўскі, які вывіхнуў локаць у гульні з «Праменем», што можа сур’ёзна паўплываць на гульню каманды.

 

Фота Аляксея Камялькова.

Барысаўцы пры сваіх заўзятарах яўна пастараюцца ўзяць рэванш у Брэста за паразу ў Суперкубку, таму матч тура можа спаўна апраўдаць свой статус.

Прагноз «НН»: БАТЭ не саступіць.

«Іслач» у мінулым туры падзяліла ачкі з мінскім «Дынама», што можна разглядаць як прымальны вынік для каманды Віталя Жукоўскага. Трэнера, дарэчы, аштрафавалі на 490 рублёў за выхад на поле пасля гульні з мінскім «Тарпеда». Клуб і коўч адрэагавалі на гэта адкрытым лістом на сваім сайце.

Жодзінцы жа пасля паразы ў першым туры парадавалі заўзятараў хатняй перамогай над «Смалявічамі». Фанаты адзначылі вікторыю эфектным піра-шоу.

Фота ФК «Тарпеда-БелАЗ».

Прагноз «НН»: нічыя.

Ні букмекеры, ні мы не здольныя вызначыць у гэтай гульні фаварыта. Але ў будучай барацьбе за захаванне месца ў вышэйшай лізе гэты матч будзе мець вельмі важнае значэнне.

«Смалявічы» нарэшце змогуць згуляць пры сваіх заўзятарах. Але матч адбудзецца не ў раённым цэнтры, а ў аграгарадку Кастрычніцкі. Спадзяемся, што суседства з бройлерамі не сапсуе прагляд гульні.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.

«Тарпедаўцы» ў добрым настроі чакаюць першай гульні за межамі Мінска. У двух матчах на сінтэтыцы «Камвольшчыка» каманда набрала 4 ачкі, а на гэтым тыдні да яе далучыўся сербскі форвард Джорджэ Шушняр.

Фота ФК «Тарпеда-Мінск».

Гамельчукі толькі могуць пазайздросціць «аўтазаводцам». 1 бал і 0 галоў пасля двух тураў — яўна не тое, на што разлічвалі заўзятары. Але гэта не замінае разглядаць «Гомель» у якасці фаварыта матча.

Прагноз «НН»: перамога «Гомеля».

«Гарадзея» нечакана дзеліць апошні радок табліцы разам са «Смалявічамі» і ўжо паспела адзначыцца кадравым канфузам.

На мінулым тыдні быў падпісаны серб Мілан Ярэміч, але дэбют у гульні супраць «Тарпеда» ў балканца не атрымаўся — ён выйшаў на поле на 56-й хвіліне, але праз 20 хвілін быў заменены. Сяргей Яромка жорстка выказаўся пра легіянера і запэўніў, што больш яго ў камандзе не будзе.

Той самы Мілан Ярэміч перад гульнёй з «Тарпеда». Фота ФК «Гарадзея».

У папярэднія два сезоны каманда з Нясвіжскага раёна таксама пачынала сезон з дзвюх паразаў, але ў трэцім туры толькі перамагала. Але здаецца, што зараз гэтага не адбудзецца: мінскае «Дынама» настроена больш не губляць ачкі пасля безгалявой нічыёй з «Іслаччу».

Прагноз «НН»: «Дынама» не саступіць.

Наперадзе вялікія выходныя. Перад тым як адправіцца на дачы, завітайце на гульню сваёй любімай каманды. А каб прагляд футбола быў больш цікавым, раім зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон.

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера