Знайсці
17.04.2018 / 23:5117РусŁacБел

Запрудскі перасцерагае Дразда: Не рабіце з Марцінкевіча шулера

Піша Ігар Запрудскі.

Як выкладчыка беларускай літаратуры ХІХ ст., мяне не маглі не зацікавіць публікацыі вядомага сталым чытачам «Нашай Нівы» Змітра Дразда. У студзені гэтага года ў сеціве з’явілася паведамленне: «Гісторык Зміцер Дрозд выдаў кнігу «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» да 210-годдзя класіка. Гэта сёмая кніга гісторыка-архівіста, і першая — на беларускай мове… Цалкам падрыхтаваная да друку яшчэ адна кніга — «Падроблена Дуніным-Марцінкевічам». А ўсяго ў планах Змітра Дразда — выдаць 5 кніг пра выбітнага класіка, якому 4 лютага спаўняецца 210 гадоў. Больш за 3 гады Зміцер Дрозд вывучае жыццё і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Кніга зроблена на падставе дванаццаці артыкулаў, якія публікаваліся ў «Культуры», «Нашай Ніве», «Родным слове», польскіх выданнях. У ёй 300 старонак».

Уражвае грандыёзнасць планаў, асабліва замах на пенталогію. З названых выданняў найбольш паважнае ў навуковым плане — «Роднае слова». Таму і прапаную гаворку пра змешчаны там у двух нумарах (красавік і чэрвень 2017 года) артыкул Дразда «Цяжар канчатковай вывучанасці: ці быў каталіцкі мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч дзядзькам Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу?».

Гэтая немалая публікацыя мае ўнушальны «Спіс літаратуры» з 24 пазіцый і кампазіцыйна складаецца з трох частак.

У першай і самай вялікай — аўтар засмучаны засяроджанасцю навукоўцаў пераважна аналізам паэтыкі марцінкевічаўскіх твораў. Ён заклапочаны тым, што занядбана справа далейшага даследавання жыццяпісу класіка, над якім вісіць «цяжар канчатковай вывучанасці». «Зрэдку з’яўляюцца і абсалютна новыя звесткі, заснаваныя на архіўных знаходках [5], у тым ліку і аўтара гэтага артыкула [6]», — невясёла канстатуе архівіст.

Нішто сабе «зрэдку», калі ў пазіцыі [6] прыведзена шэсць артыкулаў 2014—2017 гадоў!? Пазіцыя [5] — гэта матэрыял Валерыя Пазднякова «Вікенцій Дунін-Марцінкевіч супраць жандара Ламачэўскага», які разбурыў кананічны вобраз пісьменніка як нехлямяжага гараванца. У артыкуле З. Дразда ён фігуруе толькі як заяўленая тэма на канферэнцыі 2015 года. Тым не менш Пазднякоў апублікаваў тэкст дакумента, які ўтрымлівае своеасаблівы данос нядобразычліўца пісьменніка: «Марцінкевіч, як усім вядома, па ранейшаму свайму стану бедны, не атрымаў спадчыны ніякай ні па сваіх, ні па сваёй жонкі бацьках, некалькі гадоў служыў у кансісторыі без заробку, а пасля звальнення яго адтуль завёў справу не вельмі пахвальную ў яго бок з біскупам Ліпскім і пасля ў даказваннях сваіх адрокся, і цяпер нідзе не служыць у штаце і ад нікога не мае даверанасці, акрамя адной Любанскай, і тое, не яна яму плаціць, а ён ёй дае грошы. Аднак у апошнія гады набыў у горадзе Мінску два дамы, якія каштуюць каля 1000 чырвонцаў, у 1840 годзе за 3500 рублёў набыў ад Сялявы фальварак Люцынак, Любанскай, як відаць з асекурацыйнага дакумента, даў нібыта 1000 руб. срэб., і акрамя таго, жыве ў горадзе пышна, трымае коней, ездзіць каляскай, штораз наведвае тэатр, спраўляе вечары і квартэты. Чым ён займаецца? І адкуль столькі мае грошай? Невядома». Пісьменнік, які набудзе ў будучым бессмяротнасць, у свой час не быў бяздольным.

Аднак Зміцер Дрозд бядуе з-за «энцыклапедычных догмаў» і таго, што біяграфічныя звесткі, «якія ўжо трапілі ў кнігі, энцыклапедыі або падручнікі — …увогуле не падпадаюць ніякай рэвізіі або нават крытычнай ацэнцы». Так ім ствараецца карціна неўпарадкаванасці і нейкай закінутасці ў айчыннай навуцы біяграфічнага ракурсу ў марцінкевічазнаўстве. І гэта пры тым, што ракурс гэты ў дачыненні ўсіх астатніх беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, самы дагледжаны. Парадокс? Думаю, заканамернасць. Бо Дрозд заспакойвае: «Сёння мы ўжо можам сцвярджаць, што многія аксіёмы хутка будуць перапісаныя». Ён праводзіць найскрупулёзнейшы агляд гісторыі пытання, выяўляе «вінаватага» ў тым, што павандравала памылковая інфармацыя — «Богуш-Сестранцэвіч быў дзядзькам Дуніну-Марцінкевічу», гісторыка-аматара літаратуры Рамуальда Зямкевіча. Але яшчэ большай бяды нарабілі яго некрытычныя наступнікі, бо заблыталі ўсё так, што сам чорт галаву зломіць. Але сучасны архівіст адважна праходзіць праз усе завалы. Ён так шчодра змяшчае ў сваім артыкуле фрагменты з кніг папярэднікаў — пераважна Генадзя Кісялёва, Язэпа Янушкевіча, Уладзіміра Ліпскага, што цытаты складаюць ці не палову тэксту ўсёй першай часткі. Яна, на думку аўтара, толькі падводзіць да вынікаў «папярэдняга расследавання». На маю ж думку, так сталася не ў пошуках ісціны, якую Дрозд ужо ведаў, а ў пагоні за тэкстуальным аб’ёмам, каб надаць публікацыі рысы грунтоўнасці і адначасна рэвалюцыйнасці. Вось чаму Зміцер Дрозд так старанна коўзаецца на даробку папярэднікаў, асабліва на кісялёўскіх «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988) і «Марцінкевіч герба Лебедзь: дакументы і матэрыялы…» (2010).

Другая частка, няпоўныя дзве старонкі, змяшчае непасрэдны адказ на заяўленае ў назве артыкула пытанне. Да таго ж тут надрукаваны тэкст копіі дакумента 1826 года «Аб духоўным тастаменце мітрапаліта Сестранцэвіча», які перадусім і даў падставу зрабіць вывад: «С. Богуш-Сестранцэвіч не быў крэўным ні бацьку, ні маці, ні самому В. Дуніну-Марцінкевічу, а быў толькі для першага з іх сваяком па жонцы». Тое, што Сестранцэвіч не дзядзька і нават не крэўны пісьменніку можа быць важна для гісторыка, але для гісторыка літаратуры застанецца біяграфічнай дэталлю, якая аніяк не звязана з творчай спадчынай пісьменніка.

Акцэнтуючы ўвагу на значнасці зробленага сабой, Зміцер Дрозд падкрэслівае, што «тастамент даўно мог быць вывучаны нашымі даследчыкамі на прадмет сваяцтва мітрапаліта і Марцінкевічаў». Але ён зусім не схільны да адкрытай канфрантацыі з аўтарытэтным Язэпам Янушкевічам. Дык, у чый жа агарод гэты камень? Абстрактнага марцінкевічазнаўства?

Заключная трэцяя частка ўвогуле меншая за старонку. Яна ставіць кропкі над і. Аказваецца, што адказ на пытанне, заключанае ў назве, — толькі адна з задач, «толькі для прыкладу». «Значна больш важнае, — сцвярджае Дрозд, — вывучэнне самога механізма фарміравання гістарычных ведаў і з’яўлення ў нашых энцыклапедыях недакладных звестак нават пра зорак першай велічыні беларускага культурнага небасхілу». Трэба разумець, гэта мэта, дасягненню якой замінае «аўтарытэт мінулых пакаленняў даследчыкаў». Вось так.

Мне пашчасціла непасрэдна кантактаваць з Генадзем Кісялёвым. Пасля яго сыходу давялося быць адным з рэцэнзентаў зборніка дакументаў «Невядомы Дунін-Марцінкевіч» (2011), паводле матэрыялаў якога класік паўстаў зусім як неэмблематычная персона, якая прыйшла на змену былому ўладальніку Люцынкі, прайдзісвету і буяну Сяляве. Генадзь Васілевіч ведаў пра існаванне гэтых дакументаў. Але з-за далікатнай стрыманасці лічыў немэтазгодным іх публікаванне па прычыне афішавання некананічных бакоў біяграфіі першага класіка новай беларускай літаратуры. Часы змяніліся.

Як прадстаўнік новай генерацыі, Зміцер Дрозд без сантыментаў гаворыць, што прычыну даследчых промахаў папярэднікаў абумовіла «своеасаблівая закаханасць у сваіх герояў, якая прымушала іх залішне ідэалізаваць, безумоўна давяраць прадстаўленымі імі самімі звесткам і абыходзіць увагай непрывабныя бакі іх жыцця». У гэтым ёсць рацыя. Але не трэба кідацца з адной крайнасці ў іншую.

Настаў час жорсткіх рацыяналістаў-менеджараў. Зміцер Дрозд мае прадуманую аўтарскую стратэгію, намер прапанаваць чытачам «не чыста навуковае даследаванне, што было б нуднавата, а навукова-папулярную чытанку, але грунтаваную толькі на правераных фактах і звестках, дакументах, архіўных матэрыялах». Мабыць, таму ў яго «Цяжары…» сустракаюцца хібы, напрыклад, «можна было падставіць (падкрэслена мной — І.З.) пад сумнеў некаторыя варыянты».

Не хачу «падстаўляць» архівіста, але без зробленага папярэднікамі трывалага падмурку, нават сотня наноў выяўленых дакументаў пра хітрыкі і выбрыкі Марцінкевіча не пацягнула б на пенталогію.

І, нарэшце, пра дакляраваны дакументалісцкі фетышызм. Рэдкім дакументам наканавана быць надзеленым звышнатуральнай сілай. Дабравесце, Каран і нямногія іншыя. Вера даследчыкаў-архівістаў у магічную моц напісанага на аркушах пажоўклай паперы мяжуе з культам, якому трэба служыць. Ведаю па сабе. Таму хачу перасцерагчы Зміцера Дразда ад звабнай спакусы ператварыць традыцыйнага забранзавелага Марцінкевіча ў Марцінкевіча дакументальна-крымінальнага, а гэта значыць ашуканца, махляра, авантурніка, праныры, спрытнюгі, аферыста, камбінатара і шулера.

Публікацыйная дзейнасць Зміцера Дразда ўзбуджае цікавасць да асобы і творчай спадчыны Беларускага Дудара, а гэта можна толькі вітаць!

Ігар Запрудскі; фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930