Знайсці
10.04.2018 / 12:5250РусŁacБел

Дзмітрый Гурневіч: Чаму я згодны з Давыдзькам, што трэба забараніць ананімныя каментары

Старшыня «Белай Русі» і былы кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька падпісаўся пад самай нікчэмнай тэлепрапагандай, цешыўся з блякады «Хартыі», прапанаваў абвясьціць Белсат і Свабоду замежнымі агентамі. Гэты чалавек — вораг свабоды слова. Але днямі, пэўна сам таго не разумеючы, ён далучыўся да яе абаронцаў.

Гаворка пра папраўкі ў Закон аб СМІ. Сярод іх ёсьць забарона ананімных камэнтароў пад артыкуламі на сайтах. Матыў улады, якая 24 гады душыць свабоду слова, відавочны — перакрыць паветра там, дзе яшчэ дыхае нешта жывое. Але праблема ў тым, што на форумах пад артыкуламі, жывога ўсяго менш і менш. Рэй там вядуць аўтаматычныя тролі. Іх мэта — маніпуляцыя, дэзынфармацыя і ператварэньне мозгу чытача ў мякіну.

Толькі ўявіце, што ажно два з кожных трох карыстальнікаў Твітэру, якія пішуць па-расейску пра прысутнасьць NATO ва Ўсходняй Эўропе, — гэта аўтаматычныя акаўнты тыпу «бот». Яны даюць ажно 84% усіх расейскамоўных допісаў на тэму NATO. Армія крамлёўскіх троляў штодзённа засыпае форумы, якія мы чытаем, дзясяткамі тысяч камэнтароў. Дзякуючы камінг-аўтам некаторых з супрацоўнікаў «фабрык троляў» мы ведаем, як выглядае гэтая кухня.

Нядаўна мой калега забаніў у адной з сацсетак Свабоды карыстальніка, які груба парушаў правілы дыскусіі. Адразу ж зьнікла амаль 5 тысяч камэнтароў, якія той карыстальнік пакінуў за пару дзён. Напружцеся і ўявіце сабе такога зацятага дыскутанта. Усе там даўно забыліся пра артыкул і камэнтуюць усё, што заўгодна, але ня тэму тэксту.

Прэмадэрацыя камэнтароў гэта адзін з маіх працоўных абавязкаў. На ўласныя вочы бачыў, як карыстальнік з аднаго IP, але рознымі нікамі, дыскутуе сам з сабою, ды яшчэ да публікацыі ягоных камэнтароў на сайце. Калі мы ведаем, як гэта працуе і якая мэта ботаў і іх стваральнікаў, дык чаму мы робім выгляд, што нічога не адбываецца?

Усё больш СМІ ўводзяць абмежаваньні для камэнтаваньня сваіх артыкулаў. Напрыклад, пакідаць камэнтары на сайце «Газэты Выборчай» могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі, якія аплачваюць падпіску. Камэнтаваньне робіцца не правам, а прывілеем. Некаторыя рэдакцыі цалкам адмаўляюцца ад форумаў. Гэта не фанабэрыя рэдактараў. Разам з камэнтарамі яны страчваюць клікі, якія так важныя для рэклямадаўцаў. Але ў гэтых паводзінах ёсьць лёгіка, глыбокі сэнс і адказнасьць.

Экспэрымэнты ў сеціве ўжо даказалі, што вострыя ананімныя камэнтары здольныя зьмяняць успрыняцьце чытачамі тэксту, пад якім яны напісаныя, у скрайне нэгатыўны і крытычны бок. Гэта якраз і матывуе стваральнікаў ботаў і троляў. На вялікі жаль, але нянавісьць сёньня матывуе больш, чым любоў. Перамагае ня той, хто мае рацыю, а той, хто крычыць гучней.

Ананімнасьць, то бок безадказнасьць, гэта гарантыя смачнага, вострага, з гумарком і аганьком, фэйку. Бо ў аўтара няма ніякіх тармазоў. Робіцца гэта дзеля таго, каб размыць праўду, каб чалавек ня мог зрабіць высноваў з прачытанага тэксту. Адна з заходніх мэдыйных кампаній нават ініцыявала ў Твітэры акцыю @AvoidComments, якая нагадвае чытачам, каб тыя не чыталі ананімныя камэнтары.

Амэрыканская журналістка, ляўрэтка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм (дарэчы, карані ў яе з Кобрыні) напісала нядаўна ў «The Washington Post»:

«Жыцьцё ў сеціве больш цывілізаванае, калі людзі карыстаюцца ўласнымі прозьвішчамі. Права на свабоду належыць людзям, а не кампутарным кодам».

Дык няхай чалавек ім і карыстаецца. На тых самых умовах, што і ў рэальным жыцьці.

Нехта запярэчыць, што ў Беларусі ананімнасьць дае чалавеку права свабодна выказацца. Не. Ананімнасьць ужо даўно не абарона ад рэпрэсіяў. Пры жаданьні спэцслужбы могуць вылічыць аўтара крытычнага допісу і паказальна асудзіць. Зь іншага боку я не ўяўляю, якой павінна быць вартасьць ананімнага камэнтару, каб чалавек устрымліваўся пакінуць яго пад уласным імем. Інфармацыя пра злоўжываньні ўлады, карупцыю, парушэньне правоў чалавека? Пішыце ў рэдакцыі незалежных СМІ. Дзеля гэтага яны і працуюць, каб правяраюць інфармацыю і даносіць яе да чытача.

Аўтарызацыя не заб’е свабоду слова, а наадварот узмацніць, зьменшыўшы ў сеціве ўзровень хлусьні, агрэсіі і дэмаралізацыі.

Я штодня чытаю звыш сотні ананімных камэнтароў. Толькі адзінкі зь іх — па форме і зьмесьце — у тэму. Рэшта — гэта суцэльная мова нянавісьці, за што ў рэальным жыцьці чалавеку пагражала б пакараньне. І, хутчэй за ўсё, у рэальным жыцьці ён бы ўстрымаўся ад такой плыні сьвядомасьці. А калі б не ўстрымаўся, то яго б ніхто б не ўспрымаў усур’ёз. Гэты флуд з паклёпам, абразамі і беспадстаўнымі абвінавачваньнямі, абясцэньвае слова, прызвычайвае аўтараў (пры ўмове, што яны жывыя істоты) не адказваць за свае словы.

Калі вы разумееце, што адбываецца вакол і нічога з гэтым ня робіце, то вы становіцеся саўдзельнікам. Дзеля каго і чаго? Вы гатовыя паміраць за права ботаў пашыраць «русский мир» і фэйкі? Хай за гэта паміраюць самі боты і тролі. Ніхто па іх не заплача. Не заплачам і мы з Генадзем Браніслававічам, бо паміраць за іх не зьбіраемся.

Дзмітрый Гурневіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера