Знайсці
17.04.2018 / 10:0616РусŁacБел

Алесь Кіркевіч. Кацёнак. Апавяданне

— Сегодня будет ад, — сказаў Паша, дэманструючы далонню батарэю мудрагеліста аформленых і запячатаных сургучом бутэлек.

— В смысле? А что там? — пе­рапытаў Ягор, мажны хлопец год 35­-ці з кранутай белымі пасмамі барадой, айцішнік.

— Самогон, — Паша ўсміхнуюся.

— Бля-­я­-я, — Ягор тэатральна ўзяўся за галаву, — я пошел…

— Стоять, ни х..я! — Паша пры­клаў трубку кальяна да вуснаў, было чутно, як недзе ўнутры ал­хі­мічнага апарата шалеюць бурбал­кі. Ягоныя вочы смяяліся і праціна­лі суразмоўцу наскрозь.

Несцяровіч адно закашляўся і стру­сіў попел з цыгарэты ў празрыстую шкляную попельнічку. Не тое, каб ён не любіў кальян як жанр, не. Наўпрост з цыгарэтай усё пра­сцей. Кажуць, што люлька — гэта як твая сталая жанчына: яе трэба любіць, даглядаць, яна грэе далонь. Цыгарэта — як шлёндра: выпаліў і выкінуў, каб праз паўгадзіны зноў пацягнуцца да пачка — яны ўсе аднолькавыя. Што такое кальян, Не­сця­ровіч яшчэ не прыдумаў. Ягоная люлька ляжала немаведама дзе, а мо ўжо і згубілася. Ён паліў цыгарэты. Да Новага года заставалася каля трох гадзін.

Паша, хударлявы чалавек без узро­сту ў пакоцаным швэдры, дзіра­вых джынсах ды ка­ва­ле­рый­скіх ботах (ён трымаў пару коняў), практыкаваў такі стыль зносінаў з блізкімі сябрамі і не толькі. Ён меў на гэта права. Гэта ягоная кальянная, ягоныя дзяўчаты-­коткі ў чырвоных блузах ды чорных фар­ту­шках, ягонае прыглушанае святло, якое фарбавала ўсё і ўсіх колерам вохры, ягоны акіян з дыму, які часам гусцеў да такой сту­пе­ні, што ў ім, падавалася, можна занурыцца… але ці выплывеш?

На Новы год шынок быў зачынены для паспалітага люду, таму хіпстары і студэнты з Блізкага Усхо­ду адно цалавалі зашклёныя дзверы. Тут збіралася сваё ка­м’ю­ніці. Пашава кам’юніці. Тыя, каго ён паклікаў з нейкай толькі яму вядомай ідэяй, якіх было поўна пад выстрыжанай іракезам чарапной каробкай, а магчыма, проста, каб накідацца. Чаму не?

— Фу-­у­-у-ф, здоров, Паш, пришел! — з сутарэнняў выплыў не­вы­сокі чарнявы хлопец у расхрыстаным пухавіку.

— Приве­-е­-ет. Принес? — Паша любіў расцягваць словы або наогул прамаўляць шэптам, каб усе пры­слухоўваліся.

— Что? А-­а­-а… Забыл. Ну, быстро бежал, — хлопец пачаў скідаць пухавік ды круціць галавой у пошуках свабоднага лежака.

— Ну так п…здуй, чо пришел?

— В смысле?.. — чарнявы раз­гу­біўся і выглядаў ужо на школьніка, які забыўся ў хаце дзённік.

— Ну, едь, бери, и сюда. Время ж есть еще до двенадцати.

— Мммм, а мне…

— Коля тебя завезет, он на входе.

— А­-а­-а, да? Угу, — «двоечнік» зноўку схаваўся ў цемры.

Гэта быў толькі пачатак, ка­м’ю­ніці яшчэ збіралася, каб ляніва рас­паўзціся па лежаках, пацягваць тэкілу і ром, выпускаючы абло­кі дыму. Кампанія даволі стра­ка­тая — кагосьці Несцяровіч ведаў, кагосьці бачыў упершыню. Айці­ш­нікі, рэстаратары, каўказ­цы, цалкам незразумелыя асобы, дзяўчаты ў вячэрніх сукнях з нафарбаваным чорным пазногцямі…

— А што ён мае прынесці? — Не­сця­ровіч узяў з блюда з нарэзкай кавалачак сыру.

— Спирт. Медицинский. Он врач, — Паша з сур’ёзным выглядам кіўнуў пару разоў.

— М­-м-­м… А гэтага ўсяго — мала?

— Естественно!

Па сценах з нетынкаванай чырвонай цэглы былі развешаныя партрэты князёў ды каралёў дзяржавы, па якой дагэтуль сумуе прыкладна траціна Несцяровічавых сяброў. Аўгуст Моцны, Стэфан Ба­­то­ры, Жыгімонт Ваза, крыху да­лей — Кірыла Тураўскі і Ян Караль Чапскі… Былі нават экзатычныя персанажы, кшталту Генрыха Валуа альбо Лжэдзмітрыя. Выява апошняга была некананічнай, з ву­са­мі, у мехавой шапцы, і больш на­гадвала вугорца Улада Цэпеша. Былі яшчэ старыя мапы, пара медзярытаў з батальнымі сцэ­на­мі з вайны 1812-­га года, бюст Касцюшкі на стойцы ды шмат іншага.

Са сценаў на людзей глядзе­лі цені мінулага, хаця самі людзі сярод аб­ло­каў дыму, прыфарбаваныя свят­лом колеру вохры, нібы ўдзель­нікі за­бытага рытуалу эпохі бронзы, так­сама нагадвалі цені… Свет це­няў, ку­ды можна трапіць, але вы­брац­ца на­зад будзе ўжо складана. Не­сця­ро­віч таксама некалі зайшоў сюды і… застаўся. Ён часам разважаў, што яму нагадвае гэтае змрочнае месца з сіс­тэ­май выцягнутых і пераблыта­ных ха­доў­калідораў? Лабірынт? Пе­кла? А магчыма …наўпрост кішка?

— Слухай, Паш, а што гэта за люк? — Несцяровіч шчоўкнуў насом красоўка па масіўнай ме­та­ліч­най крышцы, якая вызірала з-­пад лежака, наўпрост на падлозе.

— Люк. Канализация. Бездна с говном, короч, — Паша ізноў усмі­х­нуўся, але не вуснамі, адно пра­зры­сты­мі, як вада ўвосень, вачыма.

***

Вялізная кватэра падавалася халоднай і чужой. Таня блукала па ёй, ацэньваючы нестандартную італьян­скую планіроўку з няправіль­ны­мі вуглаватымі выгі­на­мі сценаў, ку­та­мі нябачных памяшканняў, якія на­гадвалі шыпы фартыфікацыяў. Падавалася, што тут папросту можна было за­блукаць. За вакном 13-­га паверха роў вецер, якога не было чуваць праз немату шклопакетаў: яна ведала, што вецер раве, і гэтага было дастаткова. Прайшоўшы праз студыю, спаяную з кухняй, яна падышла да балконных дзвярэй, адчыніла, ступіла босымі нагамі на прамерзлыя дошкі. За акном блішчэў агнямі, нібы Буэнас­Айрэс, заснежаны Мінск.

Калі яна адчыняла акно, замацаванае на калёсіках, зарыпеў заледзянелы ад дзённага сонца снег, а нейкі лядзяш адарваўся і паляцеў уніз. Халоднае паветра звонку, падавалася, учапілася ёй у валасы, наўмысна кусала твар, аголеныя плечы, пальцы. Яна яшчэ шчыльней захуталася ў коўдру, але не зачыняла, пакуль не зірнула ўніз. Там, на доле, не было нікога, адно раз’езды ад колаў ды самотныя аўто, запаркаваныя жыхарамі вы­сот­кі, якія сядуць за стырно адно ў новым годзе, ды не факт яшчэ, што на першы дзень. Троху далей быў стары парк, скаваны льдом ва­да­ём, назвы якога яна не ведала, трубы нейкага завода і панарама сталіцы. Там, далёка, у сталёвых прамянях ззялі прывакзальныя вежы, цэнтр, а значыць — ён недзе там.

Вяртаючыся на кухню, яна ўклю­чыла электрычны імбрык. Гарбата з зёлкамі — ці не найлеп­шы напой на Новы год? Тусоўкі, му­зы­ка, алкаголь — гэта не для яе. Ужо не для яе. «Але калі ён хоча… няхай, — Таня штораз пе­ра­кон­ва­ла сябе ў тым, што ўсё зра­бі­ла слушна, нібыта колькасць паў­та­рэн­няў мела паўплываць на яе стаўленне да сітуацыі. — Ён сва­бод­ны, хай ведае, што я не буду выносіць мозг… Хай цешыцца». Яшчэ хвілінку яна разглядалала ма­гні­ты на лядоўні — з Тайланда, Прагі, Берліна, Львова, — а па­сля, нібы апечаная, кі­ну­лася да кру­глага дубовага стала ў студыі: «Можа, званіў? Ці на­пі­саў нешта, пакуль была на балконе?..»

Не, нічога. Пустка. Апошняе ягонае смс даслана тры дні таму, калі яна яшчэ была ў Вільні ды пакавала валізы, каб ехаць у шэры і самотны Мінск. На Новы год. Да яго. «Дабранач, кацёнак», — лаканіч­на, як заўсёды. А вось ужо і імбрык закаліхаваў… Кіпень змусіў высушаныя лісточкі чабору завіраваць у рытме танга, а ёй заставалася адно грэць рукі гліняным кубкам з хва­лістым арнаментам. Рэшта прад­метаў, якія атачалі яе ў яго­най кватэры, здаваліся максімальна халоднымі.

***

— Знакомься, эт Даша.

— Приве­-­е-­е­-ет, — шатэнка з курчавым валоссем і вытачаным тварыкам ускараскалася на высокае крэсла ля стойкі.

— Даша — стилист, работает в штабе Тро… кх­-кхэх-­кхэ! — Паша закашляўся, вымаўляючы імя вядомага расійскага апазіцыянера. — Сама из Минска, но сейчас в Москве уже… сколько?

— Три года! — дзяўчо ўсмі­хну­лася.

— А это Лёша Нестерович, занимается тем же, что и тот п..здобол, на которого ты работаешь, только в Беларуси. Если будет умным и красивым — может, чот добьется. А, ну и махровый националист…

— М­м­м­м, — дзяўчына зрабіла выгляд, што ёй цікава.

— Вітаю, прыемна, — Несцяровіч нязмушана ўсміхнуўся.

Памяшканне пакрысе за­паў­ня­лася, з сутарэнняў вы­плы­ва­лі ўсё новыя і новыя пары, хлопцы віталіся з Пашам, дзяў­ча­ты па­гладж­валі яго па плячах, ца­ла­ва­лі ў шчаку ды ішлі далей, каб зай­маць вольныя пакуль лежакі. Паша абарочваўся не заўсёды, часцяком наўпрост падаваў руку праз плячо. Тут жа, поруч, бегала некалькі кальяншчыкаў у фартушках. Прынамсі адзін з іх, як падалося Несцяровічу, меў вытатуяваную невялічкую карону на шчацэ — нібы слязінку. Стылізаваная карона з зубцамі ў форме іклаў — сімвал гэтага шынка. Такая ж самая карона на Пашавым срэбраным сігнэце на левай руцэ. Золата ён чамусьці не любіў.

— Егеря? — Паша зноўку звяр­нуўся да Дашы.

— Не-­е-т, вина. Красного.

— Катюша­-а-­а­-а, вина даме! А мы пока фотки посмотрим, купил на днях…

Калекцыянеры, як вядома, па­дзяляюцца на два тыпы. Першы — гэта тыя, хто хавае свае скарбы і дрыжыць над імі ў глыбокіх пячорах нерамантаваных хрушчовак, як гномы ў казках. Другі — тыя, хто атрымлівае асалоду ад дэман­стра­цыі збораў, а часам з лёгкасцю дорыць прадметы сябрам ці калегам: нагуляўся — і хопіць. Паша належаў да другога тыпу. Гэтым разам ён паказваў на планшэце сканы здым­каў невядомага фатографа з па­дарожжа ў Туркі­стан у 1910-­х, напярэдадні Вялікай вай­ны. З чорна-­белых бачынаў усмі­халіся раскосыя дзеці ў лахманах, суворы качэўнік у каракуле­вай шапцы стрыг барана, ягоныя супляменнікі збіралі альбо раз­бі­ралі юрту, а пад шырокім стэпавым небам з пагардай глядзелі на падарожніка ці тое магілы, ці тое малельні, складзеныя з дзікага каменю.

Каб лепш разглядзець здымкі, Несцяровіч падсунуўся бліжэй да Дашынага пляча, схаванага пад белай цішоткай, нават злёгку кра­нуўся яго няголеным падбароддзем, адчуўшы сярод тытунёвага сму­роду лёгкі пах яе парфумы. Даша азірнулася, на імгненне іх погляды сустрэліся. У ейных зялёных вачах гарэў агонь, які падаўся яму вельмі знаёмым, але… Зрэшты, можа, не вочы, а толькі агонь? Яе твар ужо не выглядаў чужым і штучным, але Даша як мага хутчэй зноўку ўтаропілася ў планшэт з даляглядамі Туркістана. Мабыць, каб не раздражняць гасціннага гаспадара гэтага прытулку самотных душаў.

***

Класік рэвалюцыі пісаў, што няма лепшага, як разглядаць кнігі з чу­жой бібліятэкі на «левай хаце», калі ты «сышоў на дно», калі ні­вод­ная мярзота ва ўсім свеце не ведае тваёй лакацыі. Таня праводзіла пальцамі па кара­шках выданняў, нібы грала на фартэ­піяна: чорнае, белае, зноў чорнае… Кіплінг, Ламбразо, Герберт Уэлс… Дзіў­ны набор. Яна не ведала словаў кла­сіка рэвалюцыі, не чытала «Вайны ў натоўпе». Рэвалюцыя была для яе рамантыкай панкаўскіх кан­цэртаў маладосці, прыгожым лозунгам на цішотцы альбо графіці на сцяне — адным вогненным словам, якое некалі магло змяніць жыц­цё. Некалі… Зрэшты, гэта не перашкаджала ёй разглядаць кні­гі. Пра яе месцазнаходжанне са­праўды ніхто не ведаў. Ніхто, апроч Несцяровіча.

У кватэры было яшчэ шмат ці­ка­вага, часам незразумелага. Скажам, мапа Мінска на сцяне выглядала цалкам да месца: «Ён з Горадні, відаць, яшчэ не звыкся, чаму не?» Белы бюст Міцкевіча на падаконні — гэта нават рамантычна. Таня ўсміхнулася, узяла яго ў рукі і, пакруціўшы, паставіла на месца. А вось яшчэ бюст: чорны… плечы, шыя — усё нібы чалавечае, але галава — масіўная, з выкручанымі рагамі, налітымі жы­ламі па баках, поўсцю і вя­ліз­нымі пустымі вачыма без зрэнак. «Божа, што гэта…» — дзяўчо спачатку паднесла руку, каб крануцца, але так і не наважылася, хуткім рухам адсунула далонь на­зад. Пралыкнуўшы сліну, яна ледзьве чутна прамовіла ўголас: «Мінатаўр».

***

— Принес, вот! — запыханы хлопец у пухавіку зноўку выплыў з цемры.

— М­-м-м­-м, молоде­-е­-ец, оно? — Паша паказаў вачыма на бутэльку­-штоф з квадратным донцам.

— Угу.

— Чем докажешь?

Бачна было, што хлопец ізноў разгубіўся: амаль так жа, як на пачатку, калі быў адпраўлены па бутэльку на іншы канец горада. Пасля паўзы ён рэзкім рухам скінуў пухавік, закасаў кашулю па локаць, дапамагаючы сабе зубамі, і, урэшце, раскаркаваў сасуд. Празрыстае змесціва пацякло па пальцах, маленькімі кропелькамі спадаючы на падлогу. Некалькі столікаў побач спынілі размовы, дзяўчо непадалёк ад Несцяровіча схавалася за мажную спіну Ягора.

— Давай, давай, гуще! — Паша, не выпускаючы трубкі кальяна з вуснаў, настройваў відэакамеру на смартфоне.

Урэшце хлопец пстрыкнуў за­паль­ніч­кай і павольна, нібы несучы апошнюю запалку ва ўсім свеце да ратавальнага вогнішча чалавецтва, набліжаў агонь да далоні. В-у-у-ух! — сіняе полымя апанавала руку, нехта з дзяўчат за столікам крыкнуў, упала нешта металічнае: нож ці відэлец… Хлопец рэфлекторна збіваў полымя аб джынсы, аб пінжак, пакуль адзін з афіцыян­таў, той, з татуяваннем­-каронай на шча­цэ, які апынуўся побач, не накінуў на «жывую паходню» коўдру.

— Уау-у­-у­-у-у, клас! — Паша на­ціснуў на стоп, адклаў смартфон і запляскаў у далоні.

Вакол пачуўся смех, нехта вы­дых­нуў з палёгкай, перад тым як падтрымаць апладысменты.

— Ну, будзьма?!

— Будзьма!

— Гэй!

— Будзьма!

— Гэй!

— Будзьма!

— Гэй! Гэй! Гэй!

Маленькія батыскафы з самаго­нам, тэкілай, ромам, бехераўкай ды ўсялякай усячынай паплылі па зале скрозь акіян дыму, каб на імгненне зліцца ў пацалунку, а па­сля пераліць сваё змесціва ў страў­нікі і галовы гасцей. Па­кут­ніку, які, відаць, працверазеў па­сля «фаер­шоу», таксама налілі кі­лі­шак. Толь­кі заліўшы ў сябе самагон ды яшчэ раз зірнуўшы на далонь, якой, вядома, нічога не сталася, ён павесялеў, пачаў усміхацца ды нават адгукацца на жарты з усіх бакоў.

— Жареным запахло, клас!.. Еще раз? Тут не все сняли просто… — Паша прагнуў працягу шоу.

Вакол з-­за сталоў у бок хлопца пацягнуліся рукі з запальнічкамі: пад агульны рогат кожны другі гатовы быў падзяліцца маленькім агеньчыкам з кішэні. Хлопец, аднак, быў не ў захапленні ад ідэі ды адмоўна захітаў галавой.

— Эт херня все, лей мне, — аднекуль здалёк у бок эпіцэнтра падзеяў спружыністай хадой на­блі­жаўся таўстун год трыццаці ў каляровай цішотцы ды акулярах. Калі Несцяровіч усё правільна за­помніў, ён працуе ці працаваў раней у «Белавія». — Лей мне на руку!

Заўважыўшы нерашучасць на твары «фаершчыка», таўстун сам узяў бутэльку, якую ніхто не па­спеў закаркаваць, і абліў руку ажно па локаць. Здаецца, нават дзелавіта прасачыў, каб спірт па­крыў максімальную плошчу. Звычайна так назіраюць за алеем, які разліваецца па патэльні перад засмажкай бульбы­фры.

Зноўку пстрыканне запальні­чкі — і зноўку слуп бела­блакітнага вогнішча. Розніца была ў тым, што таўстун не кінуўся гасіць яго адразу, ці тое асмялеўшы пасля ўдалага заканчэння папярэдняга эксперыменту, ці тое… наўпрост «падвіс» на момант, пакуль полымя шугала водбліскамі ў лінзах ягоных акуляраў. Цікава, што ён там уба­чыў? Куды глядзеў? Ці нехта глядзеў адтуль на яго?.. Сітуацыю зноўку ўратаваў афіцыянт, полымя знікла пад коўдрай.

— Бл….я-­я-­я! — твар таўстуна сказіўся, а вочы пераўтварыліся ў танюткія складачкі, схаваныя пад шклянымі шчыткамі ў модных рагавых аправах, цела сагнулася напалову.

Да хлопца падбегла даволі вульгарна размаляванае, як падалося Несцяровічу, бялявае дзяўчо ў бліскучай сукні, якое дагэтуль сядзела побач з былым альбо дзейным супрацоўнікам авіякампаніі. Разам з афіцыянтам яны павялі няўдаху ў сутарэнні, адкуль можна было трапіць як на вуліцу, так і ў прыбіральню ці на кухню, дзе ёсць халодная вада.

— Катюш, льда ему принеси! — вяла адазваўся Паша ў бок афіцыянткі­-коткі ў чорным фартушку. Дзяўчо з сабраным у хвост валоссем ды кальцом у носе кі­ну­лася даганяць кампанію, што суправаджала «параненага».

«Далба…б, чо. Каждый сам ку­знец своего… несчастья», — Пашу выпадак не асабліва засмуціў, апошнія словы ён прамовіў паблаж­лівым тонам настаўніка па фізіцы, які толькі што правёў з вуч­нямі эксперымент. Столікі побач таксама хутка пра ўсё забыліся ды вярнуліся да свецкіх размоваў — «Бахнем по сто?»

«Цікава толькі, што ён там уба­чыў, у агні?» — праляцела думка ў галаве Несцяровіча, хутка, нібы рыба брохнула недзе ля берагу, пакінуўшы колы на імклівай паверхні патоку няспынных во­бра­заў і асацыяцыяў. Ён выпіў. Даша таксама лыкнула з келіха свайго чырвонага, а пасля злёгку аблізала акрайчыкам языка тонкія вусны. Іх позіркі зноўку сустрэліся.

— Ты паліш? — Несцяровіч у момант адкінуў надакучлівыя думкі ды ўсміхнуўся дзяўчыне.

***

Таня змушала сябе чытаць з план­шэта, захутаўшыся ў коўдру на канапе ў студыі. Але кніга, нешта там з рэжысуры ці аператарскага майстэрства, не давалася: лі­тары не складаліся ў словы, словы ў сказы, абзацы трэба было перачытваць па два­тры разы, каб нешта зразумець. Ейныя думкі былі далёка, а чытаць нешта ў такім стане — пакута, не інакш. Урэшце яна адкінула планшэт ды ўтаропілася ў столю: «Божа, што я тут раблю…»

Спачатку, з месяц таму, усё падавалася ёй казкай: размовы пра літаратуру, такт, звароты на «вы». Так, ён дзіўнаваты, бывае. Так, не ўсе ягоныя сябры ёй падабаліся — ад аднаго выгляду Пашы пры першай і адзінай сустрэчы яе кінула ў дрыжыкі: «Іракез, магерка пад XVII стагоддзе, кажух… Хто гэта?» Але ж сябры не радня — сёння ёсць, заўтра не. Сцерпіцца, не галоўнае.

Урэшце, жанчыны любяць заглядаць у Несцяровічавы шкляныя шэрыя вочы, а ён калі вып’е… стае занадта камунікабельным і… Ну і што? Не чытаць жа праз гэта ягоныя смс­кі, не быць дурніцай, не­-не­-не… «Рэўнасць — прыкмета няўпэўненасці ў сабе» — гэтую фразу Таня нават на форзацы штодзён­ні­ка прапісала, каб не забыцца.

«Тэлефон, так! Урэшце, я хачу спакойна заснуць…» — Таня пацягнулася да белага корпуса смартфона, які ляжаў на падлозе побач, каб, як што, нічога не прапусціць, але… Выклікаў не было. Адгартаўшы да запісу «Каханы», яна скамянела на імгненне, яшчэ раз глянула ў акно, на столю, заплюшчыла вочы, глыбока ўдыхнула і, палічыўшы ў галаве да сямі, выдыхнула. Выклік. Пайшлі гудкі… Першы. Другі. Пяты. Сёмы….

«Ну бл…, какова х…я?!» — гэтыя словы яна прамовіла ўголас, амаль пракрычала. Нешта ўсярэдзіне змусіла вымавіць хоць нешта, хай і не ў слухаўку, хай ён не пачуе, хай яе ніхто не пачуе сярод гэтай пустэчы праклятых неабжытых сценаў. Смартфон паляцеў на падлогу і не разбіўся толькі таму, што трапіў на пухнатую паверхню дывана, які, здаецца, яшчэ захоўваў іх учорашнія сілуэты… Але тое было нібы сто год таму.

Яна скіравалася да дзвярэй… Клямка, уверх, уніз, яшчэ раз… За­чы­нена. Ключы? Так, ключы! Лю­стэрка, гачкі, маць іх, палічкі, тумбачкі, дзівацкі парасоль з драў­ля­най ручкай… «Ні х…я тут нет… Ні х…я!» Ёй хацелася крычаць, але рот адно адкрыўся, каб набраць паветра, нібыта ў рыбіны, якая трапіла ў нерат да спрытнага лаўца. Хацелася лыкнуць сліну, але ў роце ўсё высахла. Яе губы злёгку дрыжэлі.

Прыхіліўшыся спінаю да чорных металічных дзвярэй з матавай паверхняй, яна ўрэшце заплю­шчыла вочы ды павольна спаўзла на падлогу, так і сеўшы на дыванку з гатычным надпісам. ‘Salve’ — гэта прывітанне па­-лацінску. Так ён тлумачыў, калі яна ўпершыню зай­шла ў гэтую кватэру. Тлумачыў і ўсміхаўся. І вочы ягоныя смя­яліся… «Кончаная… За што?» — дзяўчо апусціла галаву на далоні, а ка­валак коўдры, што прыкрываў яе незапатрабаванае сёння маладое цела колеру бронзы, споўз на кафельную падлогу, агаліўшы грудзі ды зацвярдзелыя ад холаду смочкі. Нарэшце, яна ўголас заплакала.

***

— …Ну, война, и чо? Там, во всяком случае, первые лица страны под «Здравствуй, чужая милая» не зажигают. Угу. Там культура, театр, кино. А тут? Деньги, — Даша выпусціла шэры струмень з лёг­кіх, — тоже там…

— Ведаеш, я думаў, каго­-о-­о ты мне нага­а­адваеш…

— Н­-у-­у-­у, и? — яна ўсміхнулася і паблажліва паглядзела на Несця­ровіча.

— Гэтыя вочы… Я іх бачыў. У Берліне, — Несцяровіч некалькі разоў махнуў рукой, нібыта Бер­лін знаходзіцца там, за сценкай, — і пасля. Тут… У Кур­-р-­рапатах.

— Где, прости?..

Ён зацягнуўся, на імгненне ўта­ро­піў­шыся ў канцэртную афішу на сценцы, пасля чаго расчавіў недапалак у празрыстай попельніцы. Яны палілі ўдвох на драўлянай лаўцы ля выхада. Перыядычна па той бок празрыстых шкляных дзвярэй праносіліся таксі, а па падлозе праслізгвалі цені мінакоў.

— Не важна.

— Не важно, — яна зноўку ўсміх­нулася і акуратна прыбрала пасму валасоў з ілба: між пальцаў была заціснутая тонкая цыгарэта.

Спрытным рухам Несцяровіч за­пу­сціў далонь у гэтыя курчавыя валасы, намацаўшы шыю, ды пад­цягнуў дзяўчо да сябе, смакуючы тонкія вусны. Ягоная левая рука тым часам ужо намаца­ла сумёты грудзей. Даша была без станіка, а Несцяровічава рука ўжо схавалася пад белай цішоткай… Даша вой­кнула, не адрываючы вуснаў, адно пры­ад­крыла на момант бліскучыя апантанасцю зялёныя вочы: яе правая рука з цыгарэтай была бездапаможна выцягнутай у пустку.

Несцяровіч ачомаўся адно, калі з вуліцы пачулася кананада. Салют. Значыць, ужо дванаццаць. Водбліскі агню адбіваліся ў шыбах сталінкі насупраць, а ў прыпаркаваных аўто ўніз па Маркса пачала спрацоўваць сігналізацыя.

— Э-­э-эй, — гэтым разам ужо Таня паклала яму руку на патыліцу, злёгку пагладзіўшы валасы з рэдкай сівізной.

Ізноў пацалунак, і ягоная рука ўжо спускаецца ніжэй ейнага пояса, адчуваючы цяпло ўнутранага боку сцёгнаў, шво пакрову сініх джын­саў, металічную маланку, на­рэ­шце, дабраўшыся да крыніцы цяпла, якое не магла схаваць нія­кая вопратка. Гэтае цяпло мела для яго асаблівы сэнс. Пакутуючы ад галаўных боляў прыкладна раз на месяц, ён абавязаны быў знайсці дзяўчыну ды наўпрост пакласці ёй галаву ніжэй за пояс, ля паха. Няважна, якую дзяўчыну. Няважна дзе. Тады, праз хвілін дзесяць­пятнаццаць, ад болю не заставалася і следу, а сам ён часам засынаў. Гэты спосаб ён некалі адкрыў выпадкова, каб не забывацца на яго ўжо ніколі. Чаму так? Ён не мог патлумачыць.

— М-­м­-м, хорошо, — у праё­ме стаяў Паша, задаволена ўсміхаючыся ды сціскаючы ручку палкі.

Несцяровіч спачатку тузануўся, убачыўшы каржакаватую фігуру, што ўпіралася плячом у сцяну з нетынкаванай цэглы. Даша ў момант адсунулася ўбок ды тыльнай часткай далоні выцерла вусны. Хуткім рухам згасіўшы недапалак, яна скі­ра­валася да Пашы, слізнула мі­ма­ходзь пальцамі па ягоным плячы ды знікла на лесвіцы, што вяла ў асноўнае памяшканне. Паша правёў яе позіркам, каб затым звярнуцца да Несцяровіча звык­лым іранічным тонам:

— Загрустил? Чо, по 50?..

***

— Это Вова, — Паша ўказаў на невысокага шчуплаватага хлопца ў пінжаку з хударлявым тварам і лёг­кай няголенасцю. — Я про него рассказывал, он работал в Сьера-­Леоне, кажется, у­кхэ­к-хэ­э­э, — пакуль Паша кашляў, Вова, які сядзеў тут жа, усміхнуўся і жэстам паказаў, што ідзе ў прыбіральню. — Стой! Ладно… Так вот, он там… Помните историю про исчезнувшего российского геолога? Угу, читали. Так вот. Его искали, думали, в плен кто взял для выкупа или съели… Все оказалось интереснее…

—Да-­да, в ленте «фэбэ» кто-­то постил… — Ягор яшчэ мацней пры­абняў сваё чарнявае дзяўчо. Была ўжо прыкладна другая гадзі­на ночы, і кам’юніці канчаткова пераўтварылася ў купкі па інта­рэсах: нехта танчыў, нехта спаў тут жа, нехта, хістаючыся, цягнуў партнёра ў прыбіральню…

— Так вот, — Паша працягваў, — этого геолога все­-таки нашли… Мертвого. Его взяли в плен, посадили в яму или куда-­то там. Но не для выкупа…

— А зачем?..

— Слушай! — Паша махнуў рукой і адмоўна пахітаў галавой. — К нему каждую ночь водили баб. Из племени. Ну, чтобы он их тр…хал, или они его… а вождь, или там шаман, считал, что так улучшает генофонд своего… комьюнити, — Паша зацягнуўся кальянам. — Так и затрахали.

— Же­-е­-е-сть, — Ягорава дзяўчо прыклала далоні да вуснаў, зра­біў­шы вялікія вочы.

Несцяровіч адно ўсміхнуўся ды пацягнуўся па чарку… там было ўжо пуста.

— Давай сюда, — тут жа ада­зваў­ся Паша.

— Не­не, пакуль хопіць, — Не­сця­ровіч прыўстаў. — А колькі часу?

— Якая розніца? — Паша часам любіў выдаваць кароткія фразы па­-беларуску. — А, Даш, какая ра­зница?

— Нет разницы, — паўшэптам па­гадзілася Даша, хаваючы ўсмеш­ку ў келіху.

— Я… зараз, — злёгку хістаючы­ся, Несцяровіч падняўся, спрабуючы зразумець, дзе пакінуў сваю куртку.

Дабрацца да яе было няпроста: зверху вырас ужо цэлы сумёт з паліто, дублёнак, шалікаў ды ўсялякага рознага. Ага, вось, ёсць. Тэлефон у кішэні…

На месцы. «Кацёнак». Два прапушчаныя. Несцяровіч сціснуў сківі­цы. «Перазвоньваць? Зараз?..»

— Э-­э-й, ну чо там? — Паша праз плячо гукнуў з іншага канца залы.

— Зараз, хвілінку.

«Набраць, каб не шкадаваць па­сля» — фармулёўка падалася Несцяровічу даволі пераканаўчай. Першы гудок. Другі. Трэці. Пяты… «Спіць? Верагодней за ўсё… Бл…!» Несцяровіч павольна пра­вёў далонню па некалькі дзён няголеным твары, нібы намацваючы знаёмыя контуры, каб зразумець: гэта яшчэ ягоны твар альбо ўжо не. Расплюшчыўшы вочы, ён заўважыў на сабе нечы позірк. Гэта яна, Даша, падняла келіх, ні­быта п’ючы за яго здароўе, а затым ледзьве бачна лізнула крайчыкам языка сценку келіха і толькі пасля пакаштавала, не адрываючы ад Несцяровіча смарагдавых вачэй.

— Ты все­-е-­е­-е? — Паша кінуў у бок Несцяровіча, які ўжо на­цяг­нуў на адну руку куртку і з цы­гарэтай рашуча скіроўваўся ў су­та­рэнні, за якімі было выйсце.

— Не, я пакурыць.

— Тут куры.

— Я… зараз.

Дзверы нарэшце грукнулі за яго­най спінай. Хлопец зашпіліў курт­ку, пстрыкнуў запальнічкай і пусціў першы струмень дыму ў марознае паветра. На вуліцы з прыкрытымі белай коўдрай ход­ні­камі было пуста. У прамянях ліх­та­роў было відаць, як з неба няспешна спускаюцца невагомыя сня­жынкі. Некалькі крышталікаў апусцілася на ягоную далонь, якая сціскала цыгарэту. Несцяровіч нават паспеў ацаніць гармонію іх дасканалай канфігурацыі, якая праз імгненне пераўтварылася ў нішто.

***

У вокнах Несцяровічавай кватэры ўжо не было свя­тла. У кухні­студыі на круглым стале з цёмнага дрэва стаяла самотная свечка. Аганёк час­почас выгінаўся з боку ў бок: адзін шклопакет быў прыадчынены, праз шчыліну ў памяшканне заляталі рэдкія сняжынкі, каб тут жа пераўтварыцца ў кропелькі вады на белым пластыку падакон­ня. Водбліскі святла танчылі на нямецкіх піўных куфлях, калекцыю якіх сабраў арэндадаўца кватэры, на акварэлі з выявай парыжскай кавярні, што вісела над канапай, на чорным скульптурным абліччы Мінатаўра.

На канапе, захутаўшыся ў клятчатую коўдру, нерухома ляжала Таня. Побач з ложкам, на падло­зе, сумаваў пачаты пачак «Sobra­nie»: яна усё ж такі знайшла заначку Несцяровіча, каб зацягнуцца ўпершыню за апошнія два гады. Яе каштанавыя валасы былі раскіданыя па скамечанай чорнай цішотцы. Ён любіў, калі яна гатуе есці, маючы на сабе з адзежы толькі гэтую цішотку — ягоную цішотку.

***

Канешне, таксі можна было вы­клікаць адразу на Маркса альбо спы­таць Колю, які традыцыйна дастаўляў ягонае слабаадэкватнае цела дадому, але Несцяровіч хацеў сысці адсюль як мага хутчэй. Чаму? Бо ў гэтым містычным месцы не пройдзе і пяці хвілін, як з’явіцца тройка­другая нагодаў, каб застацца. Урэшце, «кацёнку» ён абяцаў, што выскачыць «на гадзінку-­паў­та­ры, павітацца». Магчыма, пры­знаў­шы некалі, што лгаць — аба­вяз­ковы элемент жыцця і ка­му­ні­кацыі, на падобныя дробязі ўжо не звяртаеш увагі.

Вуліцу Маркса ён прайшоў хіба напалову, вось ужо і сквер з Дзяр­жынскім застаўся за спінай. За­раз мае быць сквер, а там ужо і вакзал. Хоць нейкае таксі ды ён там вылавіць. Урэшце, шпацыр у такім стане — штука карысная, свя­жэй­шым дойдзеш. Людзей на ву­лі­цы не было. Там­сям, нібы гіль­зы ад снарадаў, стаялі пустыя цём­ныя бутэлькі ад шампанскага альбо драбнейшыя і празрыстыя — ад гарэлкі. Перыядычна дзе­нідзе яшчэ гучалі самотныя выбухі, нібы лі­нія фронту пра­хо­дзі­ла зусім побач, але гараджане аказаліся настолькі п’янымі, што не надалі гэтаму значэння…

— Сігара будзет?

— Не, — Несцяровіч злёгку рып­нуўся, бо не заўважыў пары хлоп­цаў у вязаных шапачках на вочы, што выйшлі з брамы адразу за яго спінай. Адсканаваўшы ў момант чорныя сілуэты, ён рушыў далей.

— Алё!.. Сюда ідзі!

Несцяровіч адно ўсміхнуўся, але вырашыў не абарочвацца.

— Он жэ сам курыт, п..др, б…!

Тут нешта зрушылася ў ягонай галаве, нібы нехта націснуў кнопку, пасля якой сістэма ўключае аварыйны рэжым. Унутраны экран перафарбоўваецца ў чырвоны. Маг­чыма, гэта турэмнае заплечча, у якім існуе пералік недаравальных словаў. Магчыма, алкаголь. А можа, усё на купу. Ён спыніўся ды развярнуўся на 180 градусаў:

— Повтори.

— Он хацел сказаць, — іні­цыя­тыву ўзяў другі «пера­моў­шчык», вышэйшы і хударлявейшы за пер­шага. Ягоныя рухі выглядалі даво­лі скаардынавана для чалавека на­падпітку, а словы ён спрабаваў прамаўляць нават з інтанацыяй, — што ему не нравіцца твая підар­ская паходка!..

Несцяровіч рушыў у бок пары. Наперад, нечакана, выйшаў першы «парламенцёр» ды паспрабаваў сха­піць Несцяровіча за каўнер. Той збіў руку, злавіў ягонае запясце левай, а правай зрабіў захоп пад нагу, закінуўшы праціўніка сабе на спіну — ву­у­-у­-ух! — адзін абарот і можна скідаць назад. Цела, нібы мяшок, павалілася ў снег, сабраны ў гурбу ля танюткага дрэўца на краі ходніка.

У гэты момант сам Несцяровіч ледзьве не страціў раўнавагу, а калі абярнуўся, перад ім, зусім блізка, быў ужо твар другога, вышэйшага, у шапцы на самыя вочы. Бух! — удар прыляцеў знізу і трапіў акурат у сківіцу. Несцяровіч упаў на нейкія прыступкі і яшчэ паспеў убачыць падэшву, што некалькі разоў апусцілася на ягоную галаву. Болю ён не адчуваў. Яму падалося, што нехта наўпрост выключыў святло альбо выцягнуў з разеткі штэкер ад старога камп’ютара, ба­та­рэя якога самастойна ўжо не трымае зараду. Экран згас.

***

Ягор, той самы, з кранутай сі­віз­ной барадой, асцярожна рабіў крок за крокам па галоўнай зале кальяннай, нібы ішоў полем бою, дзе зямля была высланая дзя­сят­камі трупаў. Тут і там ля­жалі не­пры­томныя целы га­сцей, паасоб­ку альбо ў абдымку, з задра­ны­мі спадніцамі альбо згубленым ча­ра­вікам. Падавалася, што не­хта адмыслова ствараў гэтыя кам­па­зі­цыі, дапасоўваючы сюжэты і пер­са­наліі, нібы пісаў манументальнае палатно батальнага жанру. Вось, напрыклад, пакоцаная і пе­ра­бін­таваная рука, выцягнутая на самым праходзе між столікамі. «Пацан из «Белавиа», поиграл с огнем,» — Ягор усміхнуўся ды ру­шыў далей.

На адлегласці, ля барнай стойкі, яшчэ танчылі дзяўчаты-­коткі з аб­слугі, што ўжо паспелі пераапрануць свае чырвона-­чорныя строі на цывільны лад. Ім было дазволена піць з гадзіну таму, вось яны і зажыгалі пад «Paint It Black», утва­рыўшы кола вакол мажнага 50­-гадовага пузана ў чорнай кашулі на выпуск, які не хацеў здавацца і зараз, а 4­-й ранку. Дзяўчаты, відаць, імкнуліся злавіць хаця б след навагодняй ночы, карыстаючыся адмашкай Пашы.

За барнай стойкай тым часам сумаваў хударлявы Вова, гартаючы, мабыць, стужку інстаграма альбо дамаўляючыся пра новыя вандроўкі і праекты ў Лівіі, Судане ці Самалі. Побач з ім не было дзяўчат, а сам хлопец падаваўся цалкам цвярозым, хоць увесь вечар і ноч правёў тут… таямнічая здольнасць, якая, мажліва, ужо ратавала яму жыццё і была ўбудаванай функцыяй ягонага інстынкту самазахавання. Ягоныя безэмацыйныя блакітныя вочы былі сканцэнтраваныя на экран, а вусны злёгку кранала ледзяная ўсмешка.

Самога гаспадара, падавалася, ужо не цікавіла хада вечарыны ды стан «кам’юніці». Ён заліп у маніторы планшэта, зрэдку перагортваючы пальцам каляровыя выявы. Побач з ім ляжала непрытомнае бялявае дзяўчо год 19­ці ў бліскучай сукенцы. Адной рукой яна прыабдымала Пашу, а пальцы з пафарбаванымі ў белы і чырвоны пазногцямі бязвольна завіслі ў паветры.

— Мы пойдем, Анька уже никакая… — Ягор працягнуў далонь, каб развітацца.

— Ты у меня разрешения спрашиваешь? — не адрываючы вачэй ад манітора, ледзьве чутна пе­ра­пытаў Паша. — Могли бы и тут заночевать. С утра пивка, все такое, м­-м­-м?

— Не­е­е, ну-­у… — Ягор усміх­нуўся. — …А чо смотришь?

— Иконы.

Паша гартаў выявы абразоў беларускай школы іканапісу, здаецца, са збораў Мастацкага музея. «Шэрэшаўскія святыя», «Іаан Залатавуст», «Уваскрашэнне. Са­шэ­сце ў пекла»… Некаторыя моманты ён павялічваў, набліжаючы рэальнасць экрана спрытным рухам пальцаў па сэнсарнай паверхні, некаторыя перагортваў хутка, не спыняючыся.

— Это старая беларусская школа, — Паша прыбраў руку бялявай дзяўчыны і запрасіў Ягора жэстам пасунуцца бліжэй. — Я не люблю русские… ну, византийские. Они не живые. А тут — все живое! Ну вот, святые, как ребята возле сельмага. Или вот… Воскрешение. Вот с Ним, я понимаю, хочется общаться! Хочется… Или не хочется.

Паша перагарнуў выяву ды ад­клаў планшэт на стол, дзе сярод пустых кілішкаў дагарала свечка, ды цяжка ўздыхнуў, нібы згадва­ючы нешта з далёкага мінулага. Пасля акуратна запусціў далонь у залатыя валасы спячай князёўны, пяшчотна гладзячы і ласкаючы яе, нібы котку.

— Ты хочешь быть богом?

— Я?! — Ягор у момант зрабіў­ся сур’ёзным.

— Не ты… Это был риторический вопрос. Еще раз… Ты хочешь быть богом? Я нет. Быть богом — значит про всех грустить и заботиться. Это не моя функция. Поэтому я Мефистофель, поздно меняться.

Паша сціснуў белыя дзявочыя валасы ў кулак. З-­пад залатых пасмаў чорным колерам адлівалі яго­ныя пярсцёнкі, якія, па­да­вала­ся, адбіваліся аскепкамі чорнай дзі­ры, што некалі была святлом, але пе­ра­ўтва­ры­лася ў цемру ды з’ядала ды выцягвала святло з наваколля. Гэта былі пярсцёнкі, скрадзеныя з курганоў ці сярэднявечных мо­гіль­нікаў, апошнім, што можна было ада­браць у нябожчыка, адначасна даўшы прадмету другое жыццё. Злавіўшы святло свечкі, срэбрам гарэў толькі адзін пярсцёнак, з выявай кароны з ікламі замест зубцоў. Дзяўчо, аднак, так і не прачнулася, а Паша расціснуў кулак і пяшчотна правёў двума пальцамі па ейнай шчацэ.

— Завтра приходи, у тебя ведь дело ко мне было, м? — пасля паў­зы працягнуў Паша, не падымаючы вачэй на суразмоўцу.

— Ну, первое ж число, с Анькой поспать…

— Ну, как хочешь.

— А ты че, не спишь вообще?! — Ягор засмяяўся, але неяк нервова.

— А надо?.. — Паша падняў вочы і з усмешкай паглядзеў на су­размоўцу.

— Ох­х­х… В девять?

— Угу.

— Ок…

— М­м­м, хорошо! Увидимся!

Ягор узняўся ды, хістаючыся, пай­шоў на пошукі чарнявай Ані. Паша ляніва па­цяг­нуўся да стала за планшэтам, нечакана для сябе заўважыўшы там свечку. Пару імгненняў ён нерухома глядзеў у агонь, затым склаў вусны ў ня­бач­ным пацалунку: «Фух! Фу­у­ух!» — з другой спробы аганёк згас, а пад столю танюткім вертыкальным матузком пабег лёгкі струменьчык дыму.

***

Алесь Кіркевіч нарадзіўся ў 1989 у Гродне, у сям’і гісторыкаў. Пасля Плошчы­-2010 асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Памілаваны ў верасні 2011. Працуе журналістам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930