Знайсці
04.04.2018 / 15:5516РусŁacБел

Каго прарве першым: БАТЭ, «Дынама-Брэст», «Шахцёр»? Падрабязнасці наступнага тура чэмпіянату Беларусі

Не паспелі абсмактаць падрабязнасці першага тура чэмпіянату Беларусі па футболе, як ужо 5 красавіка стартуе тур другі. Надвор’е шэпча, таму і самім футбалістам будзе больш прыемна гуляць, і гледачам сачыць за матчамі. Цікава, хто з фаварытаў першым пакажа якасную і забіўную гульню? Мы працягваем назіраць за чэмпіянатам Беларусі разам з Букмекерскай канторай Марафон.

Фота Волі Трафімовіч.

Хатні стадыён Слуцка ўсё яшчэ не гатовы прымаць матчы чэмпіяната, таму «цукроваму» калектыву крышачку давядзецца пабадзяцца па іншых гарадах. Цікава, што першы матч, хаця ён і быў гасцявым, случчакам даводзілася гуляць таксама ў Бабруйску. Сёлета «Слуцк» адзначае сваё 20-годдзе, таму матывацыя каманды паказаць добры вынік павінна зашкальваць. Але на гэты момант камандзе Віталя Паўлава добра было хаця б забіць першы гол у чэмпіянаце.

«Нёман» яго ўжо забіў, прычым як драматычна! Ужо ў кампенсаваны арбітрам час Вячаслаў Глеб вырваў нічыю ў гульні з «Віцебскам». У гарадзенцаў сабралася вельмі олдскульная банда. Гэта ўжо і згаданы Слава Глеб, і Мікалай Януш, і Леанід Ковель, і Валерый Жукоўскі. Характар у каманды, безумоўна, ёсць. Але галоўнымі ньюсмейкерамі першага тура сталі, без сумневаў, фанаты «Нёмана», які вывесілі на трыбунах банер да 100-годдзя БНР.

Прагноз «НН»: тотал меншы 2,5.

Брэсцкі інтарнацыянал быў бліжэйшы да перамогі ў стартавым туры над «Шахцёрам», але Паўлу Савіцкаму ў другім тайме не хапіла дакладнасці. Але гэта ўсё ж была гульня з яшчэ адным фаварытам, таму нічыю, хай і не дужа прыемную, можна лічыць вынікам здавальняючым.

Цяпер жа губляць ачкі ў матч з «Праменем» проста недапушчальна. Пытанне, хто пачне забіваць у «Дынама»? Марнатраўны сын Мілеўскі, ганскі галеадор Фамее ці наш мясцовы Няхайчык? «Дынама» таксама прыме суперніка не на асноўным стадыёне. Дарэчы, прынятае рашэнне, што клуб будзе будаваць уласную арэну.

Што тычыцца «Праменя», то каманда набрала першыя ў гісторыі ачкі ў вышэйшай лізе. Могуць быць сабой задаволеныя. Здаецца, каб яшчэ крышачку націснулі, то маглі б увогуле абыграць «Мінск», але матч так і скончыўся самым папулярным лікам стартавага тура — 0:0.

Прагноз «НН»: Перамога «Дынама» з розніцай большай у 1 гол.

Віталь Радзівонаў развітваецца з кар'ерай гульца. Фота sports.tut.by.

«Мінск» гуляў самы першы матч гэтага чэмпіяната. Не перамог, не прайграў, не прапусціў, не забіў. Калі казаць у цэлым, то ўвогуле нічым не адзначыўся. Маладой камандзе будзе няпроста застацца ў «вышцы», змаганне са «Смалявічамі», «Тарпеда», «Праменем» будзе не на жыццё, а на смерць. Пакуль жа рэальны трэнер «мінчукоў» Аляксандр Лухвіч не можа афіцыйна займаць гэтую пасаду, бо не мае ліцэнзіі, а на прэс-канферэнцыі ходзіць імпазантны Уладзімір Курнеў.

Заўзятары не былі задаволеныя перамогай БАТЭ ў першым туры. Ледзь-ледзь з мінімальным лікам атрымалася адужаць «Смалявічы». Для барысаўцаў той вечар запомніцца яшчэ тым, што з кар’ерай футбаліста развітаўся легендарны бамбардзір Віталь Радзівонаў, які стаў спартыўным дырэктарам клуба. Футболку з нумарам Радзівонава ўзнялі пад зводам «Барысаў-Арэны». Першым такога гонару заслужыў Дзмітрый Ліхтаровіч. Адметна, што майка Ліхтаровіча падпісаная па-руску, а ў Радзівонава ўжо на беларускай мове.

Прагноз «НН»: БАТЭ атрымае перамогу.

«Тарпеда-БелАЗ» разам з мінскім «Дынама» выдалі самы відовішчны матч першага тура. Госці з Жодзіна глядзеліся зусім не горш за сваіх больш тытулаваных супернікаў, але перамогу так і не здабылі. Жодзінцы сталі першымі ў «вышцы», хто стаў наносіць нумары футбалістаў не толькі ззаду, але і спераду на майках. Здаецца, дробязь, але робіць больш прыемным прагляд матча. «Тарпеда» рэальна ўмацавалася ў гэтым сезоне, таму ад матча са «Смалявічамі» чакаецца толькі перамога.

«Смалявічы» могуць быць сабой задаволеныя. Прайграць мінімальна БАТЭ ў гасцях дарагога варта! Галоўны тренер «Смалявіч» яшчэ пажартаваў, што клуб толькі пайшоў у школу, а яго адразу адправілі на экзамен. З жодзінцамі будзе абсалютна не лягчэй. Дэрбі Смалявіцкага раёна абяцае быць гарачым.

Прагноз «НН»: Перамога «Тарпеда».

«Дняпро» пасля першага тура ў вельмі ўзнёслым настроі. Каманда саступала ў Гарадзеі, але здабыла такія важныя на старце тры пункты. Асабліва запомніўся гол украінскага легіянера Рудыкі, які можна смела называць самым прыгожым у першым туры. Ад «Дняпра» мала хто чагосьці чакае, а каманда дэманструе, што здольная стаць адной з сенсацый першынства.

Цікава, што фанаты «Дняпра» і «Гомеля» заўсёды былі паміж сабой у сяброўскіх адносінах. Нават бывала, што яны знаходзіліся на адным сектары. Цікава, ці будзе такое ж братэрства ў пятніцу? «Гомель» жа відавочна будзе імкнуцца да першай у сезоне перамогі. 

Прагноз «НН»: «Дняпро» не прайграе.

Вяртанне легендарнага мінскага клуба ў вышэйшую лігу было падобна да захапляльнага блакбастэра. «Іслач» была значна мацнейшай за «Тарпеда» — гэта трэба прызнаць. Але сваю перавагу змагло зафіксаваць толькі ў адным мячы. «Чорны-белыя» адыграліся ўжо на сёмай кампенсаванай арбітрам хвіліне. З пенальці адзначыўся Вадзім Дземідовіч. Адразу ж прагучаў фінальны свісток і супрацоўнікі клуба, а таксама частка заўзатяраў рынулася на поле. Дэбют яўна ўдаўся.

«Гарадзея» за час знаходжання ў вышцы перастала ўспрымацца як чужародны элемент. У мястэчку сапраўды любяць футбол. На матч першага тура яны запрасілі срэбранага прызёра марафона «Дакар» Сяргея Вязовіча. У Гарадзеі могуць і ўмеюць ствараць з гульні свята. Шкада, што сама каманда крыху расчаравала ды саступіла ў драматычным матчы «Дняпру».

Прагноз «НН»: нічыя.

Абодва калектывы чакалі ад старта першынства большага, абодва задаволіліся нічыйнымі вынікамі. Хаця ці задаволіліся? Трэнер віцяблян Сяргей Ясінскі на пасляматчавай прэс-канферэнцыі сказаў, што здзівіўся б, каб да гульні яму сказалі, што расстроіцца ад нічыі з «Нёманам». Але губляць перамогу ў кампенсаваны час заўсёды непрыемна. Цяпер «Віцебску» трэба даказваць свой клас з куды больш майстравітым супернікам.

Ніхто не ведае, чаго чакаць «Шахцёра» ў гэтым сезоне. Шарму загадкавасці дадае таямнічы польскі трэнер Зуб. Вось і гадаюць нашы эксперты, ці сапраўды ён мацнейшы за мясцовых спяцоў, ці проста балаў ён набірае за сваю іншаземнасць. Многія ўвогуле не лічаць, што «Шахцёр» сёлета зможа заваяваць медалі. Цяпер чарга за салігорцамі: ці пацвердзіць гэта, ці абвергнуць.

Прагноз «НН»: Перамога «Шахцёра».

Мінскія дынамаўцы радуюцца перамозе ў першым туры. Фота з суполкі «Дынама» ў vk.com.

Цэнтральная гульня тура. Мінскае «Дынама» прадэманстравала вельмі спелую і якасную гульню ў першым туры, адолеўшы «Тарпеда-БелАЗ». Цяпер ім трэба даказваць, што гэта не было выпадковасцю. Думаецца, футбалістам «Дынама» захочацца паднесці падарунак свайму ўласніку. Юрый Чыж на гэтым тыдні адзначыў сваё 55-годдзе. Толькі трывожна, каб дынамаўцы, якія так захапіліся абмеркаваннем сезона мінулага, не забыліся, што стартаваў ужо новы чэмпіянат.

«Іслач» за час знаходжання ў вышэйшай лізе добра так абрасла мясам. Гэта ўжо калектыў, з якім прыходзіцца лічыцца ўсім. Леташняе выпрабаванне са знятымі ачкамі сталі добрым інстытутам для футбалістаў з Мінскай вобласці. Толькі нешанцаваннем можна растлумачыць тое, што каманда не здабыла тры пункты ў першым туры. Цікава, ці здолеюць цяпер іслачскія «ваўкі» пакусаць «Дынама»?

Прагноз «НН»: «Іслач» не саступіць.

Сочым за чэмпіянатам Беларусі разам з Букмекерскай канторай Марафон!

 

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930