Паспець за 90 секунд
Кароткі расповед пра мастацкую гімнастыку
Мастацкая гімнастыка — спорт, на які хочацца глядзець. Імгненне — і глядач апынаецца ў віры ўсмешак, яркіх колераў і палымянай музыкі. Ён глядзіць на выразныя і адначасова плаўныя рухі юных грацый і зусім не задумваецца, што за кожным скарачэннем цягліцы стаіць штодзённая праца над сабой, а кожны страз на купальніку — пралітая сляза.
Праца над сабой пачынаецца рана — у чатыры гады можна прыводзіць дзіця на першую трэніроўку. Яшчэ лепш пачынаць у тры. Хутчэй за ўсё, спачатку гэта будзе прыватная студыя. Чатыры з паловай гады — узрост, калі дзеці трапляюць у школу алімпійскага рэзерву (СДЮШАР). Канечне, спачатку іх чакае адбор, і ў першую чаргу адбіраюць бацькоў. Калі мама з татам не падыходзяць па целаскладзе, то дзіцяці шлях у прафесійную мастацкую гімнастыку закрыты.

Пухлых таксама не бяруць. Усе гімнасткі адна ў адну худзенькія і тоненькія. Натуральна, вельмі важна быць прыгожай. Каб вырасці красуняй, трэба і ў дзяцінстве ёю быць. Але самае галоўнае, на што звяртаюць увагу трэнеры — гэта характар. Трэба быць упартым і працавітым.
Працавітасць — гэта якасць нумар 1, 2, 3, 10… Ад 21 і далей ідуць талент, прыгажосць, — распавядае трэнерка Галіна Мурашка (раней – Малашанка), былая гімнастка і абсалютная чэмпіёнка свету па мастацкай гімнастыцы. Сёння яна трэніруе сваіх падапечных у СДзЮШАР па мастацкай гімнастыцы імя Ларысы Гадзіевай. — Характар мае велізарнае значэнне. Дзіця можа не спраўляцца з нарматывамі па расцяжцы, але яно павінна старацца іх выканаць. Такіх дзяцей бяруць і потым не адлічваюць. У мяне таксама не было выбітных дадзеных. Зусім. Але я трэніравалася і менавіта таму ў 15 гадоў паехала на свой першы чэмпіянат свету, а ў 16 — на Алімпіяду.

Прыходзіць дзіця ў чатыры гады. Яно падцягнутае, з добрай расцяжкай, але патрэбнага характару не мае. Так, яно прыгожа ходзіць, можа сесці прыгожа, легчы, устаць. Але на дыване нічога паказаць не можа. І працаваць не можа. Яму трэба сто разоў злавіць прадмет, а яно два разы зрабіла і больш не хоча. Менавіта таму працавітасць ідзе з 1 па 20 пункты. І гэта як мінімум.


Галіна Мурашка (Малашанка)
Абсалютная чэмпіёнка свету, удзельніца Алімпіяды-1996
і заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Яна і яшчэ пяць дзяўчат былі ўганараваныя званнем за перамогу ў групавым мнагаборстве на 22-м чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы
(1998 год, Севілья).

Якасць №1:
працавітасць
Якасць №2:
старанне
І праўда, без любові да працы ў мастацкай гімнастыцы няма чаго рабіць. Ужо ў чатыры гады дзяўчынкі займаюцца па гадзіне двойчы на тыдзень. У пяць год — па паўтары гадзіны тройчы на тыдзень. Да васьмі гадоў працягласць трэніровак дасягае 4-5 гадзін шэсць разоў на тыдзень! Нехта скажа, што гэта перабор, але па-іншаму нельга дамагчыся выніку. Цягліцы ног не расцянуцца самі ў падоўжны шпагат, а рукі не зловяць ў скоку абруч, які ляціць з вышыні трэцяга паверха.

Яшчэ адно слова, у якім увесь спорт і мастацкая гімнастыка ў прыватнасці, — гэта дысцыпліна.

— Малечы з чатырох гадоў займаюцца і спакойна церпяць, расцягваюцца. Ужо ў гэтым узросце яны прызвычайваюцца да таго, што трэба заўсёды пераадольваць сябе. Затое калі дзяўчынкі ідуць у школу, яны гатовыя да ўсяго. У адрозненне ад звычайных дзяцей, якія ў 6-7 гадоў не могуць выседзець і паўгадзіны, гімнасткі ўжо ў чатыры гады ведаюць, што такое парадак. І на трэніроўках яны не проста слухаюць, а выконваюць тое, што ім кажа трэнер.
Іншы прыклад. Дзіця прыходзіць са школы дадому і думае: «Яшчэ ўвесь дзень наперадзе, зраблю хатняе заданне потым. Яно глядзіць мультфільмы, адпачывае, забаўляецца. Надыходзіць вечар, ужо час спаць, а хатняе яшчэ не зроблена. У гімнастак дзень распісаны інакш: пасля школы трэба ехаць на трэніроўку, якая доўжыцца з 15-й да 19-й, а пасля яе трэба выканаць заданне. І яны паспяваюць.

— Дзеці выдатна сумяшчаюць навучанне і спорт, бо яны больш дысцыплінаваныя. Мая дачка займаецца гімнастыкай і вучыцца ў 5 класе. Ніякіх пытанняў па школе ў яе няма, вучыцца лепш за сваіх аднакласнікаў. Амаль усе сябры дачкі, якія не займаюцца спортам, слаба арганізаваныя. І бацькам складана з гэтым змагацца. Аддаюць на перавыхаванне. Калі не ў спорт, то ў вёску да бабулі бульбу капаць. Тут два варыянты: або спортам займацца, або на зямлі працаваць.

Трэніроўкі вельмі хутка робяць дзяўчынак самастойнымі. У восем гадоў прыехаць з Чыжоўкі ў раён Кальварыі — гэта хутчэй норма, чым выключэнне. Прапусціць трэніроўку праз тое, што няма каму адвезці — не апраўданне для 8-гадовага дзіцяці. Ды і прапускаць не вельмі хочацца. Калі рэжым парушаецца, пасля аднавіцца складаней.
Якасць №3:
дысцыпліна
Якасць №4:
самастойнасць
У мяне займаюцца 23 вучаніцы. Яны ўсе розныя. Камусьці трэба больш расцягнуцца, камусьці папрацаваць над прэсам. І кожнай даецца індывідуальнае заданне. Далей усё залежыць толькі ад іх саміх. Я ўсіх бачу і ведаю, хто «рабацяга», хто гультай, а хто толькі робіць выгляд, што працуе. Спрабую іх выхоўваць, — расказвае спадарыня Галіна.

Насамрэч мастацкая гімнастыка — гэта як сучасны інстытут шляхетных дзяўчат, — працягвае яна. — Яшчэ калі і бацькі правільна выхоўваюць дачок, то ў будучыні яны становяцца найлепшымі жонкамі і мамамі. У дарослае жыццё гімнасткі прыходзяць загартаванымі. Як раней дзяўчат выхоўвалі? Палкай. Тут тое ж самае. І чым больш жорстка, тым лепшы вынік. Але гэтая жорсткасць не для таго, каб зняважыць ці абразіць. Дзеці гэта разумеюць і не крыўдуюць. Я кажу: «Нічога асабістага, ты цудоўная дзяўчынка, але такая гультайка, што з табой не хочацца гаварыць». Яны пасмейваюцца. Наогул мы імкнёмся шукаць падыходы да дзяцей, каб ім не надакучвала. Таму што руціна можа засмактаць. І талент, і характар ёсць, але надакучвае рабіць адно і тое ж кожны дзень. Таму трэба трошкі клоўнам быць. Такая ў трэнера прафесія.
Галіна Мурашка (Малашанка)
Падрыхтоўка да спаборніцтваў
Чарговыя спаборніцтвы пачынаюцца з уключэння бацькоў у агульны вайбер-чат.
Вядома толькі тое, што спаборніцтвы будуць. Падрабязнасці з'яўляюцца за пару дзён да пачатку.

І адразу пачынаецца актыўная падрыхтоўка: дзеці даводзяць выступы да дасканаласці, трэнеры даюць парады і ўказанні, харэографы сочаць за пастаноўкай танца, а бацькі рыхтуюць купальнікі, збіраюць касметычку і запасаюцца лакам для валасоў. Усе працуюць як адзін механізм, дзе выкінь дэталь — і ён забарахліць, пачне завальвацца на бок ці ўвогуле перастане працаваць.
Трэніроўка
Бутэрброд даць?
Кожны год дзяўчынкі бяруць удзел у 5-6 спаборніцтвах. У старэйшых гімнастак іх ужо больш. Кожныя спаборніцтвы дапамагаюць развіваць упэўненасць ў сабе, чым часцей выступы, тым лепш. Але тут галоўнае — не перабраць, бо гімнасткі стамляюцца і фізічна, і маральна.

Кожная трэніроўка пачынаецца з вітання з трэнерамі і ўсімі дарослымі, якія знаходзяцца ў зале. Да трэнера абавязкова трэба падбегчы, устаць на дыбачкі і паўшэптам сказаць: «Добры дзень!». Так трэба рабіць заўсёды, нават калі ведаеш, што зараз на цябе будуць лаяцца. Проста стой, усміхайся і чакай.

Потым ідзе размінка. Трэба добра разагрэць цягліцы, каб не атрымаць траўму. Практыкаванні для спіны, шпагаты — гэта ўсё. Па аўторках, чацвяргах і суботах яшчэ і заняткі з харэографам. Усе харэографы — былыя балерыны. Яны дапамагаюць паставіць танец і сочаць, каб рухі гімнастак былі плаўнымі, прыгожымі. Даюць хатняе заданне. Напрыклад, узяць дзве манеты, змясціць паміж пальцамі рук і хадзіць з імі цэлы дзень, каб запомніць правільнае адчуванне выпрастанай далоні.

Затым — падмацоўка цягліц прэса і спіны. А пасля гэтага — самая «вясёлая частка трэніроўкі: расцяжка. Правы, левы і папярэчныя шпагаты. Калі падчас расцяжкі паставіць перад кожнай гімнасткай па шклянцы, то можна сабраць вядро, а то і два вядры свежых слёз. Звычайна дзеці калі падрапаюцца ці ўдарацца, то адразу пачынаюць плакаць. Што тады казаць пра расцяжку? Расцяжка — гэта заўсёды балюча, гэта заўсёды слёзы. Ёсць гімнасткі, якія лёгка цягнуцца. Ім лёгка сядаць на шпагат. Але гэтыя ж гімнасткі на падмацоўцы літаральна знемагаюць проста таму, што не хапае фізічнай сілы.

Наступны этап — расскокванне. Зноў трэба размінацца, але рабіць упор на ногі. Потым — самі скокі. І ўжо пасля гэтага пачынаецца праца з прадметамі і абкатка праграмы.
Усяго ў гімнастак 5 прадметаў. Яны асвойваюцца паступова, ад простага да складанага: абруч, скакалка, мяч, булавы і стужка. Стужка — самы прыгожы, самы каварны, самы складаны, непрадказальны і некіравальны прадмет. Абруч у параўнанні з ёй — дзіцячы садок.

Пляцоўку дзеляць 2 трэнеры. На дыване адначасова займаюцца 15-20 дзяўчынак, усім трэба прагнаць 90 секунд свайго практыкавання. Яны адпрацоўваюць складаныя рухі, падкідваюць прадметы і спрабуюць іх злавіць. Праз музыку, размовы іншых дзяцей і падаючыя мячы, абручы і булавы трэнер спрабуе дагрукацца да гімнасткі, каб указаць на яе памылкі.

— Гатова? — пытаецца трэнер і ўключае музыку. Далей можна разабраць толькі ўрыўкі аднабаковага дыялогу, дзе трэнер гаворыць, а дзяўчынка адказвае рухамі: — Раз-два, паварот. Паварот! Вось, гэта ўжо добра. Больш паварочвай! Калена апорнае выпрастай. Плячо! Вось так. Выцягвайся да канца! Жывей! Наперад! Плечы апускай, калена апорнае. І назад рухайся.

Усё, адзін выступ прагналі. Наступная!

Калі гучыць «мінус» песні пра няшчаснага чорнага ката, можна пачуць спецыфічныя жарты: «Ты што, спіш? Наліць табе кавы?», «Не, гэта не скокі, гэта каракаціца!», «Бутэрброд даць? Кволая дзяўчынка». Дзяўчынка, напэўна, і з'ела б бутэрброд, але яе апярэджвае іншы трэнер:

— Дай мне, бо я ўжо стамілася распінацца.
Перад спаборніцтвамі найбольш увагі надаецца абкатцы праграмы. Практыкаванні праганяюцца па некалькі разоў, гэта паўтараецца зноў і зноў. Ужо калі спаборніцтвы пройдуць, можна будзе расслабіцца. Не, ніхто не скароціць працягласць трэніроўкі. І так чатырох гадзін недастаткова. Проста будзе больш працы над тэхнікай: як правільна кідаць і потым лавіць прадмет, як працаваць з новымі прадметамі і як выконваць новы складаны рух.

Гэта толькі здаецца, што час заканчваць. Наперадзе яшчэ нагрузка:

— «Вугалкі» робім, 50 лікаў. Потым устанеце ў пасэ і пастаіце, таксама 50 лікаў. Потым «шчупачкі», «цюльпанчыкі» і «разножка» — кожнае практыкаванне па 50 лікаў. Напрыканцы «вуглы» ля шведскай сценкі з дотыкам, таксама 50 лікаў. Радасна і весела, з усмешкай! — кажа гімнасткам трэнер.

Дзяўчынкі бяруць свае балансіры, становяцца ў шэраг ля краю пляцоўкі і моўчкі пачынаюць выконваць заданне. Усе гэтыя практыкаванні скіраваныя на прэс, то бок гэта яшчэ адна сілавая трэніроўка.

— Гэта ж дзеці. Ім усяго толькі 8 год, і яны лянуюцца, стамляюцца. Можа, у школе ці ў сям'і непрыемнасці. Усякае можа выбіць з каляіны. І пасля гэтага дзеці займаюцца па 4-6 гадзін на трэніроўцы. Канечне, яны лянуюцца, злуюцца, здаюцца. Трэнеры на гэта рэагуюць негатыўна. А напярэдадні спаборніцтваў напружанне дасягае максімуму, — расказвае мама гімнасткі. — Мы, бацькі, бабулі і дзядулі, увечары бачым дзяцей, якія куляй вылятаюць з залы. Хто псіхуе, хто крычыць. У трэнера вочы блішчаць ад злосці. Мы апынаемся паміж двух агнёў.

Ад шведскай сценкі дзеці бягуць да трэнера, амаль адначасова запавольваюцца, каб узняцца на дыбачкі і ціха запытацца:

— Галіна Генадзеўна, можна мы аднясём магнітафон?

— Трэба, — адкажа трэнер дзяжурным і развітаецца з іншымі дзяўчынкамі.

Дзяжурныя збегаюць у пакой трэнераў, вернуцца і скажуць:

— Да пабачэння.
Падмацоўка
сілавая трэніроўка
Балансір
гумавая падушка для трэніроўкі на раўнавагу
Дом
Купальнік «Летні поўдзень»
Да спаборніцтваў рыхтуецца ўся сям'я. Спачатку трэба сабраць усё неабходнае, а потым вызначыць, хто правядзе дзень з дзіцём. Прыехаць трэба рана — за 1,5-2 гадзіны да выступу. А восьмай раніцы для малодшых удзельніц спаборніцтваў будзе аптымальна. Вядома, пры ўмове, што прычоска і макіяж зроблены дома. А на гэта спатрэбіцца не менш за гадзіну. Лаканічная гулька павінна быць тугой і абавязкова на вызначанай вышыні. Густыя валасы ператвараюць прычэсванне ў катаванне, якое выклікае чарговыя слёзы. З макіяжам прасцей — гэта не балюча. Контурынг, стробінг, смокі-айз — неад'емныя атрыбуты макіяжу 8-гадовых дзяўчынак. Танальная аснова не наносіцца, бо ў іх яшчэ такая далікатная скура. Старэйшыя гімнасткі могуць казырнуць ведамі пра бронзеры, люмінайзеры, лайнеры, праймеры і гэтак далей.
Былі выпадкі, калі мы спазняліся і мне даводзілася наносіць касметыку ў машыне. Пакуль мы ехалі, я малявала стрэлкі.
Часам я рана сыходзіла на працу, дачка яшчэ спала.
І я фарбавала яе, пакуль яна спіць.
Мама гімнасткі Алеся Арцюшанкова
Спаборніцтвы звычайна праходзяць пад канец тыдня, але ў будні. Дзяўчынкам выдаецца вызваленне ад школы — на дзень або нават цэлы тыдзень. Гэта як пашанцуе. Бацькоў ад працы ніхто не вызваліць, таму даводзіцца браць дзень-два за свой кошт. Вельмі часта актыўна ўдзельнічае старэйшае пакаленне. Бабулі і дзядулі прыязджаюць, каб дапамагчы ўнучцы пераапрануцца, каб падтрымаць яе падчас выступу.

Калі галоўная — мама, то яна правядзе з дачкой увесь дзень. Яны а пятай раніцы ўстануць, збяруцца і разам паедуць. Калі тата, то ён завязе дачку (а калі група дружная, то яшчэ і сябровак), а пасля паедзе на працу. Далей на пост заступяць бабуля і дзядуля. Ну і, канечне, дапамагаюць мамы сябровак. Увогуле, многія пытанні лёгка вырашаюцца, калі бацькі сябруюць. Заўсёды можна дамовіцца, хто завязе на спаборніцтвы, а хто развязе па дамах.

Збірацца лепей з вечара, каб нічога не забыць: спартыўны касцюм і форму для трэніроўкі, зменны абутак, купальнік, спецыяльную бялізну пад купальнік, паўпальцы, касметыку і лак для валасоў. А яшчэ абруч і мяч.
— Мы неяк забылі набыць паўпальцы. Высветлілася гэта толькі позна ўвечары перад самымі спаборніцтвамі. Спецыялізаваныя крамы ўжо былі зачыненыя, а дзяўчынкі а 8.30 мусілі быць у зале. Давялося кідаць кліч у агульны чат. Шмат у каго паўпальцы – гэта расходны матэрыял, запасных няма. Але цягам гадзіны бацькі прапанавалі тры варыянты, адзін з якіх падышоў.


Паўпальцы – частка экіпіроўкі гімнасткі. Падобныя на шкарпэткі, якія хаваюць пальцы і трымаюцца гумкамі за пяткі.
У прафесійным спорце на заняткі мастацкай гімнастыкай давядзецца выдаткаваць пэўную суму. Форма для трэніровак адносна танная — шорты і майка каштуюць каля 80 рублёў. Шорты павінны аблягаць, каб гімнастка не выглядала большай. І лепш, калі майка будзе барцоўкай, каб былі бачныя лапаткі. Яшчэ патрэбныя аксэсуары, але гэта практычна ў любым спорце. А вось купальнік для выступаў можа стаць важкім пунктам расходаў.

Кожны купальнік — гэта ручная праца. Карціна, якую швачкі ствараюць іголкамі. Ён шыецца на адзін-два сезоны і павінен адпавядаць мноству патрабаванняў. Па-першае, ён павінен падыходзіць гімнастцы і прыгожа на ёй глядзецца. Па-другое, ён мусіць быць сціплым. Па-трэцяе — ідэальна аблягаць, каб суддзям было прасцей ацэньваць рухі. Што да купальнікаў для групавых выступаў, то яны павінны быць аднолькавыя ва ўсіх дзяўчынак. А яшчэ купальнік мусіць спалучацца з музыкай, пад якую выступае гімнастка. Калі мелодыя спакойная, класічная, колеры і фактура адзення павінны адпавядаць. Такі купальнік ужо не падыдзе да мелодыі з іспанскім або ўсходнім матывам.

Цана касцюмаў залежыць ад колькасці стразаў. Чым іх больш, тым даражэйшы купальнік. Форумы па мастацкай гімнастыцы мільгаюць аб'явамі:

— Прадам купальнік «Летні поўдзень», 150 стразаў Preciosa (Чэхія) і Stellux (Аўстрыя)...

— Прадам купальнік, стразы Swarowski, 1500 штук.

— …Італьянская сетка і біфлекс, больш за 4000 стразаў Swarowski.

Каштуе такая прыгажосць сотні даляраў: ад 100 за просты купальнік для групавых выступаў амаль без камянёў — да сумы, якую бацькам не шкада выкласці за адзенне, якое дзіця апране 10-15 разоў.
Алімпійскія дні моладзі


Зала адкрываецца а восьмай раніцы. Пра гэта інфармуе трэнераў дырактар СДзЮШАР, дзе адбудуцца двухдзённыя спаборніцтвы. Усім трэба распрануцца ў гардэробе і захапіць з сабой зменны абутак. Або бахілы. Калі няма ні таго, ні другога, то давядзецца хадзіць увесь дзень у шкарпэтках.

Бацькам адводзіцца месца стоячы на балконе (усе ж любяць стаяць увесь дзень?). Сама пляцоўка для спаборніцтваў падзяляецца двума дыванамі: для размінкі і для выступаў. Яны размежаваныя шторамі.

Першымі на дыван для размінкі выходзяць самыя малодшыя ўдзельніцы спаборніцтваў. За першай размінкай трэнеры не сочаць — кожная гімнастка ведае, як размінацца. Да гэтага этапу трэба падысці адказна, бо потым зусім не будзе часу разагравацца. Але некаторыя адлыньваюць: балбочуць з сяброўкамі, гультаявата перакочваюцца, шукаюць вачамі бацькоў. Калі знаходзяць, усміхаюцца і махаюць. Мамы пагражаюць кулакамі ў адказ: маўляў, размінайся, не лянуйся!

Другая размінка ідзе ўжо ў купальніку і пад строгім наглядам трэнера і харэографа. Хто не паспеў зрабіць макіяж дома, робіць гэта ў спешцы, пад бляклай лямпай у калідоры, які адначасова служыць гардэробам і распранальняй. Пакуль адны здымаюць курткі і заснежаныя шапкі, іншыя пераапранаюцца ў празрыстыя купальнікі.
Ну вось, пераапрануліся, залілі лакам пасмачкі, што ўжо выбіліся, а цяпер трэба бегчы на фінальную размінку.

— Ну што так доўга? Ты што, хадзіла ў іншы горад? Бягом размінацца! — падганяе трэнер.

Трэба хутка праслізнуць на дыван і знайсці пятачок, каб адпрацаваць самую складаную частку выступу. Добра, калі ў цябе мяч — можна хутка знайсці сабе месца. З абручом складаней, бо побач займаюцца са сваімі прадметамі іншыя гімнасткі. І зусім нязручна трэніравацца са стужкай. У працы з ёй патрэбныя хуткасць, размах, шырыня. А пра які размах можна казаць, калі на пляцоўцы ў 13 квадратных метраў туліцца з дзясятак саперніц?
Крыху пазней арганізатары абвесцяць: ёсць 5-10 хвілін паспрабаваць дыван, на якім вельмі хутка давядзецца выступаць. Трэба абавязкова зрабіць фуэтэ і не забыцца пра левую нагу ў пліе.

Усё, час выйшаў.

У вас з трэнерам ёсць свой рытуал перад выступам. Ён дапамагае супакоіцца і настроіцца. Гэта той самы выпадак, калі некалькі слоў могуць перадвызначыць, добра ты выступіш ці не вельмі. А калі ты выступаеш з прадметам, то ўвесь час трымаеш не яго, а ручнік, каб выцерці змакрэлыя ад хвалявання далоні.

— На пляцоўку запрашаецца гімнастка Арцюшэнкава Васіліса, — аб'яўляе суддзя-каардынатар, і сэрца ўздрыгвае. Час!

— Вася, дава-а-ай, — даносіцца хор дзіцячых галасоў. Гэта падтрымліваюць сяброўкі па школе. На балконе пляскаюць бацькі. Не ўсе, толькі свае і мамы-таты сябровак. Іншых можна зразумець: канкурэнцыя жорсткая не толькі сярод дзяцей, але і сярод бацькоў.
Свет вакол цябе зліваецца…

Ёсць толькі ты, музыка і мяч.
Поза прынятая, засталося дачакацца гукавога сігналу і музыкі. Чаму так доўга не ставяць музыку? Што здарылася? Але нервавацца нельга, трэба ўсміхацца. У любы момант яна можа ўключыцца, а суддзі ўжо глядзяць на цябе.

— Просьба вызваліць пляцоўку.

Ты ўстаеш і сыходзіш. Можа, музыка запусціцца з дыска? Трэцяга шанцу ўжо не будзе.

Замест цябе выходзіць саперніца, у яе з музыкай усё ў парадку. Але чуваць, як грымнуў прадмет на дыван. Пасля выступу гімнастка выходзіць у слязах. Наступная таксама сыходзіць з пляцоўкі засмучаная. І наступная. Нават твая сяброўка па камандзе плача. І ты таксама будзеш, таму што ідэальна выступаюць адзінкі, а астатнім ёсць за што сябе лаяць. Кожная ведае, дзе «накасячыла».

Плачуць не толькі дзеці. Плачуць іх бацькі. Адны — ад шчасця, што іх дзіця выступае. Іншыя вельмі перажываюць за сваю грацыю. Паміж бацькамі ходзяць размовы:

— У гэтай дзяўчынкі матуля цяжарная. Ёй нельга хвалявацца, а яна зараз плакаць пачне. Яна заўсёды плача. Баіцца, што дачка дрэнна выступіць.

Калі дзеці трэніруюць вытрымку, іх бацькі ратуюцца валяр'янкай і валакардзінам.

— Я перажываю выступ разам з дачкой, я перастаю дыхаць. Можна сказаць, што маё жыццё спыняецца з моманту выхаду дачкі на дыван і да сканчэння нумара. Гэта таксама спаборніцтва, але паміж бацькамі: хто і наколькі доўга можа затрымаць дыханне, — жартуе мама Васілісы. — Мамы настолькі напружаныя, што пасля сканчэння нумара пачынаюць плакаць. І я не выключэнне. Канечне, калі за плячыма вялікі досвед выступаў, бацькі становяцца менш эмацыйнымі і больш цынічнымі. Але першыя гады — гэта заўсёды вельмі хвалююча.
Надышоў час зноў ісці на пляцоўку. Трэнер дае апошнія парады. Адна секунда, адзін крок наперад ператвараюць цябе са спалоханай 8-гадовай дзяўчынкі ў бліскучую грацыю. Усмешка ззяе, купальнік зіхаціць усімі пяццюстамі стразамі, у руках гарыць мяч. Гучыць сігнал, і ты пачынаеш выступ. Гады штодзённых трэніровак канцэнтруюцца ў 90 секундах.

Свет вакол цябе зліваецца ў шматкаляровыя плямы, ты засяроджваешся на сваім целе і на прадмеце. Ёсць толькі ты, музыка і мяч. «Лаві-і-і!» — усклікі сябровак перабіваюць музыку. Ты ловіш. «Трыма-а-а-аць!» — і ты трымаеш. Усё выдатна. І раптам — памылка. Не дацягнула, не злавіла. Але трэба ўсміхацца. Нельга плакаць. Усміхайся!
«Нічога, у наступны раз будзе лепш», —
клапатліва абдымае мама і цалуе ў лоб.
Пасля выступу можна расслабіцца. Трэніроўкі сёння не будзе, а можа нават і заўтра. Адпачынак — такі ж важны складнік, як і расцяжка. Сяброўкі ўжо таксама выступілі, таму ёсць няшмат часу пабалбатаць з імі і трохі падурэць. Але чамусьці не хочацца. Мама абураецца: «Яна кажа, што не хоча адсюль з'язджаць. Кажа, што хоча пабыць тут і паглядзець, як выступаюць іншыя. Сядзіць і гуляе на смартфоне».

Не адразу, праз час суддзі абвесцяць ацэнкі. Час ехаць дадому. Можна дамовіцца з іншымі бацькамі, каб яны запісалі вынікі, але ў чаканні балаў варта паглядзець на выступы іншых гімнастак. Глядзець ёсць на што: нехта ўражвае сваёй тэхнікай, нехта — купальнікам, а нехта — такой рэдкай усмешкай пасля сканчэння практыкавання.

Ацэнкі выстаўленыя, інтрыгі няма. Вынік сярэдні. На наступных спаборніцтвах абавязкова будзе лепш. Напэўна. А пакуль адзінае, што вядома — паслязаўтра трэніроўка і зноў гадзіны працы над сабой.