Знайсці
25.03.2018 / 18:3512РусŁacБел

Ад «НН» на Дні Волі выступіў Арцём Гарбацэвіч: «Магчымасць нармальна зарабляць, цікава жыць, — такой мы хочам бачыць нашу краіну»

Вось тэзісы выступу «Нашай Нівы».

Ведаеце, акурат сто год таму міністр адной суседняй краіны, пачуўшы, што беларусы ствараюць уласную рэспубліку, так саркастычна пасміхнуўся і сказаў: «Якія яшчэ беларусы? Праз 50 год усе беларусы памесцяцца на адной канапе». Мінула ўжо сто год і дзе той міністр са сваімі прадказаннямі? Колькі канапаў беларусы з ІКЕІ нацёгалі, а ўсё ніяк рассесціся не могуць. Некаторыя сілы не хочуць прызнаваць нас і цяпер, але галоўнае, што мы, паяднаўшыся на стогадовы юбілей, урэшце прызналі сябе самі.

Дзякуй вам усім за тое, што вы ёсць і, тым самым, смеяцеся з такіх прарокаў, якія не верылі ў будучыню нашага народу. 

Гэтым святам мы — беларусы — паказваем усім, што наш народ гадаваўся не ў дзіцячым доме: у нас ёсць продкі, мы ведаем сваіх бацькоў. 

Мы ганарымся, што сярод гэтых бацькоў былі нашаніўцы: Янка Купала, Антон і Іван Луцкевічы. У «Нашай Ніве» ўпершыню прагучалі гэтыя словы: Жыве Беларусь!

Незалежнасць — гэта святое.

Давайце памятаць, што многія народы дагэтуль не маюць сваёй незалежнасці або льюць за яе сваю кроў. Хай памяць пра беларусаў, якія падсяцілі нам саломы, ахвяраваўшы сваімі лёсамі ў ХХ стагоддзі, дае нам моцы будаваць нашую Беларусь надалей.

Мы шчаслівыя. Мы маем дзяржаву, не малую памерам дзяржаву, з каласальным патэнцыялам. Давайце цаніць тое, што маем, і рабіць тое, што можам. 

Беларусь — вялікая. У ёй ёсць месца для ўсіх. Мы чытаем розныя сайты, пішам у розныя сацсеткі, гаворым на розных мовах. Бывае, мы нават стаім пад рознымі сцягамі. Але Беларусь у нас адна. Незалежная Беларусь — як скала, як гара, як гарантыя для нас усіх. Гарантыя для ўсіх, на якіх бы мовах мы ні гаварылі, пад якімі б сцягамі ні стаялі. І мы будзем яе бараніць.

Сіла нацый —.у адзінстве. Мы можам і будзем спрачацца па розных тэмах, да хрыпаты спрачацца, у спрэчках мы шукаем ісціну, але ў пытанні Незалежнасці — адзінства.

Незалежнасць — гэта праца, цяжкая, штодзённая праца. БНР не была б абвешчана, калі б не праца Нашай Нівы. Той Нашай Нівы Янкі Купалы, братоў Луцкевічаў. Калі б не тая праца, мы былі б сёння ў становішчы буратаў, у становішчы чувашоў.

Эстафетная палачка — у нас, у нашага пакалення. Нам нашу ніву яшчэ араць, араць і араць. 

Хто супраць незалежнасці? Няма ўжо такіх. Усе — за незалежнасць. Пытанне, якая будзе гэтая незалежнасць. Усё залежыць ад нас, якая яна будзе. Сёння мы самі — архітэктары сваёй краіны. Будучыню не пабудуеш на страху. Шанцы для ўсіх, магчымасць нармальна зарабляць, цікава жыць, — такой мы хочам бачыць нашу краіну і такой яна стане.

Галоўнае, чытайце nn.by, каб не прапусціць нічога важнага!

Незалежнасць, адзінства, Наша Ніва, без страху, без стомы, з верай і сумленнем — жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930