Знайсці
25.03.2018 / 16:14РусŁacБел

У Празе адкрылі дошку на магіле консула БНР Мікалая Вяршыніна

Праўнучкі Міколы Вяршыніна. У Цэнтры: Івонка Сурвіла і Сяргей Кнырэвіч.

Гэта трэцяя магіла дзеяча БНР, што знаходзіцца на Альшанскіх могілках, непадалёк ад штаб-кватэры Радыё Свабода. У адрозьненьне ад колішніх прэзыдэнтаў Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі, месца пахаваньня Вяршыніна некаторы час не было вядомае. Піша Рыдыё Свабода.

Айцец Андрусь Абламейка, Івонка Сурвіла і Сяргей Навумчык

Сымбалічны покрыў — бел-чырвона-белы сьцяг — з магілы зьнялі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і інжынэр Сяргей Кнырэвіч, дзякуючы якому імя Вяршыніна было вернутае. Надпіс на дошцы зробленыя па-чэску, імя напісана беларускай лацінкай: Mikola Viaršynin, zmoсněnec vlády BLR. 1866-1934 (паўнамоцны прадстаўнік ураду БНР). Менавіта на такую пасаду прызначыў яго прэм’ер БНР Антон Луцкевіч.

Івонка Сурвіла падкрэсьліла, што фактычна менавіта дзякуючы сувязям Вяршыніна ў Празе, сюды ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя пераехала кіраўніцтва БНР. Кватэра, дзе жылі Вяршыніны, у доме па вул. Wenzigova 4 стала галоўным асяродкам беларускага жыцьця, а сам Вяршынін яго цэнтральнай фігурай. Ён нястомна «выбіваў» стыпэндыі для дзясяткаў беларускіх студэнтаў. Знойдзены, напрыклад, складзены ім сьпіс, пададзены для ўхвалы ў міністэрства замежных спраў Чэхаславаччыны, дзе на першым месцы стаіць імя Зьмітрок Сурвіла.

Мікола Вяршынін

«Забытым рыцарам БНР» назваў Вяршыніна інжынэр Сяргей Кнырэвіч і прапанаваў узгадаць усіх яго блізкіх — чэскую жонку Атылію Главачаву, іх дачку Вольгу, зяця Аляксандра Калошу — усё яны былі яму апорай і аднадумцамі. Беларускі дасьледнік і гэтым разам прыйшоў з новым адкрыцьцём: яму ўдалося знайсьці ў Чэхіі нашчадка Міхала і Аляксандра Вітушкі. Абодва браты ня толькі разам вучыліся ў Радашковічах, а потым у Празе, разам бралі ўдзел у легальных і падпольных беларускіх арганізацыях. І калі сьляды Міхаіла Вітушкі вядуць у Беларусь, яго брат Аляксандр закончыў жыцьцё ў Чэхаславаччыне. Цяпер тут жыве яго сын, таксама Аляксандр Вітушка.

Візітная карта Міколы Вяршыніна

На могілках былі прысутныя чэскія нашчадкі Вяршыніных-Калошаў. Рамана Сітава і Міхаэла Свобадава згадалі легенды сваёй сям’і і тое, як яшчэ з маці, Лідзіяй, яны адведвалі радзіму дзеда, Аляксандра Калошы — вёску Заямнае каля Стоўбцаў. Абедзьве ўнучкі—праўнучкі зь цікавасьцю вяртаюцца да раней невядомых момантаў сямейнай гісторыі, у тым ліку і дзякуючы кантактам з Сяргеем Кнырэвічам.

Дошка была адкрытая да юбілею Беларускай народнай рэспублікі дзякуючы фінансавай падтрымцы Рады БНР і намаганьням беларускай асьветнай суполкі ў Чэхіі «Скарына».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера