Знайсці
23.03.2018 / 13:414РусŁacБел

100 гадоў таму браты Луцкевічы пераканалі ўрад БНР, што Рэспубліка павінна стаць незалежнай

Піша гісторык Анатоль Сідарэвіч.

100 гадоў таму адбылося пасяджэнне фракцыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Перад тым (ці не 22 сакавіка, але не пазней як раніцай 23-га) у Менск прыехала дэлегацыя Беларускай Рады ў Вільні.

Віленская Рада, абраная на Беларускай Канферэнцыі ў студзені 1918 г. і ўзначаленая Антонам Луцкевічам, ужо 18 лютага прыняла рэзалюцыю аб разрыве дзяржаўных сувязяў з Расіяй. Пасля таго, як бальшавікі панічна пакінулі землі на ўсход ад старой лініі фронту, сталі магчымыя кантакты старой і новай сталіц Беларусі. Аднак гэта не азначае, што пасажырскія паездкі былі вольныя. Час быў ваенны і чыгункі знаходзіліся пад кантролем нямецкіх вайсковых уладаў. Спатрэбіліся захады дзеля таго, каб дэлегацыя Віленскай Рады атрымала згоду на паездку ў Менск.

У склад дэлегацыі Беларускай Рады ў Вільні ўваходзілі Іван і Антон Луцкевіч, Ян Станкевіч, Язэп Туркевіч і Дамінік Сямашка.

Сябры Беларускай Рады ў Вільні ўзялі ўдзел у пасяджэнні Народнага Сакратарыяту Беларусі. Пра гэтае пасяджэнне Антон Луцкевіч узгадвае ў сваіх успамінах «25 марца 1918 году» і «За 25 гадоў (1903—1928)». На тым пасяджэнні, якое адбылося, пэўна, у першай палавіне дня 23 сакавіка, братам Луцкевічам удалося пераканаць сябраў Ураду БНР у тым, што Рэспубліка павінна стаць незалежнай. І Народны Сакратарыят вырашыў склікаць 24 сакавіка пасяджэнне Рады БНР.

На разгляд Рады выносілася пытанне «аб праўна-дзяржаўным палажэньні Беларускае Народнае Рэспублікі». Справа ў тым, што ні 1-й Устаўнай Граматай ад 21 лютага, ні 2-й Устаўнай Граматай ад 9 сакавіка так і не было вызначана, які статус мае ці хоча мець Беларусь: ці па-ранейшаму яна частка Паўночна-Заходняга края былой імперыі, ці гэта аўтаномная частка Расіі, ці Беларусь усё-такі незалежная.

Перад пасяджэннем Рады БНР, на якім належала вырашыць пытанне аб дзяржаўна-прававым статусе Рэспублікі (нагадаем, што яна была абвешчана 9 сакавіка), адбыліся пасяджэнні фракцый у Радзе, у тым ліку фракцыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Вырашэнне пытанне аб дзяржаўна-прававым статусе БНР ў першую чаргу залежала ад таго, як на пасяджэнні Рады БНР прагаласуюць радныя — сябры гэтай партыі.

Не трэба думаць, што ўсе радныя — сябры БСГ ужо да 23 сакавіка стаялі на незалежніцкіх пазіцыях. Цвёрдымі незалежнікамі былі марксісты, сацыял-дэмакраты Язэп Лёсік, Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун), Аркадзь Смоліч ды інш. У народніцкім крыле партыі такога адзінства не было. Як згадваў Антон Луцкевіч, супраць незалежнасці выступіў Макар Косцевіч (Макар Краўцоў). І вось, на пасяджэнні фракцыі ў выніку дыскусіі (на жаль, у нас няма ні яе стэнаграмы, ні нават пратаколу) была прынята пастанова: усе галасы свае ў Радзе падаць за незалежнасьць.

Гэтая пастанова беларускіх сацыялістаў — сябраў Рады БНР мела вырашальнае значэнне. Але яшчэ належала правесці пасяджэнне Рады БНР. І гэта была не проста фармальнасць. Беларускім сацыялістам належала вытрымаць сапраўдны бой, які працягваўся 12 гадзін. Можна толькі ўявіць, які цяжар упаў на плечы страшыні Рады БНР, былога старшыні Усебеларускага З’езду Івана Серады…

І наапошку. Аматарам разважаць, што незалежнасць БНР была абвешчана пад нямецкай акупацыяй і ці не са згоды немцаў, трэба нагадаць, што якраз 23 сакавіка кайзер Вільгельм ІІ прызнаў незалежнассць Літвы, а Аляксандр Цвікевіч атрымаў з Берліна тэлеграму, у якой паведамлялася: «Спадар імпэрскі канцлер адхіліў дэклярацыю (Erklärung) Беларускага Народнага Сакратарыяту ад 9.3.[19]18, бо гэта азначала б умяшаньне ва ўнутраныя вялікарасейскія адносіны». Копія тэлеграмы захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук (ф. 21, спр. 320, арк. 42). На ёй рукою Антона Луцкевіча пазначана: «Атрымана 23.ІІІ.1918». Такім чынам, Нямеччына лічыла Беларусь часткай Расіі і прызнаваць яе ў якасці суб’екта міжнароднага права не жадала. З гэтага робім выснову: незалежнасць БНР была абвешчана насуперак стаўленню да яе нямецкага ўраду.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930