Знайсці
22.03.2018 / 13:588РусŁacБел

Што трэба ведаць пра скандал вакол «Фэйсбука»: пяць асноўных фактаў пра тое, што здарылася

З тых часоў, як Дональд Трамп стаў прэзідэнтам ЗША, вакол сацсеткі Facebook разгараецца сур'ёзны скандал. Кампанія ўжо страціла амаль $50 мільярдаў капіталізацыі, інвестары падалі супольны пазоў у суд за страту грошай, Еўрапарламент і амерыканскія кангрэсмены чакаюць Марка Цукерберга ў сябе для дачы тлумачэнняў, а сярод карыстальнікаў набірае папулярнасць выдаленне акаўнта. Што здарылася? 

1. Асабістыя дадзеныя 50 мільёнаў карыстальнікаў трапілі ў рукі трэціх асобаў

Яшчэ ў 2015 годзе расійскамоўны прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Аляксандр Коган выпусціў дадатак, які займаўся зборам звестак аб сваіх карыстальніках. Такім чынам атрымалася сабраць інфармацыю аб 50 мільёнах чалавек, пераважна амерыканцаў. 

Пасля ўсе сабраныя звесткі былі перададзеныя брытанскай кампаніі Cambridge Analytica, якая дапамагае палітыкам весці перадвыбарную гонку. Даведаўшыся пра гэта, кіраўніцтва Facebook заблакавала дадатак і папрасіла яго стваральнікаў знішчыць усе атрыманыя звесткі пра карыстальнікаў.

2. Дадзеныя карыстальнікаў не выдалілі 

У 2016 годзе адбыліся выбары прэзідэнта ЗША. Як выявілася, уся інфармацыя, сабраная кампаніяй Cambridge Analytica, была выкарыстаная для складання псіхалагічных партрэтаў патэнцыйных выбарцаў і дазваляла ствараць рэкламу для перадвыбарчай кампаніі мільярдэра Трампа. 

Facebook і Cambridge Analytica абвяргалі гэта, але брытанскі тэлеканал Channel 4 знайшоў доказ: запіс размовы гендырэктара Cambridge Analytica Аляксандра Нікса, дзе ён казаў, што ўся стратэгія перадвыбарчай кампаніі Трампа будавалася на атрыманых дадзеных карыстальнікаў. Калі гэты запіс трапіў у прэсу, Нікса адхілілі ад працы. Дональд Трамп абвінаваціў СМІ ў змове супраць яго.

3. Праз Facebook Расія ўплывала на выбары ў ЗША

У 2017 годзе кіраўніцтву сацсеткі давялося апраўдвацца перад Кангрэсам ЗША аб некалькіх тысячах запісаў, якія былі размешчаныя з Расіі. Малюнкі, запісы, відэа, мемы, якія заклікалі жыхароў Амерыкі выходзіць на пратэсты, — усё гэта, як выявілася, публікавалі сотні спецыяльных супрацоўнікаў расійскага холдынгу. Пра гэта заявіла Міністэрств ўнутранай бяспекі ЗША. 

4. Facebook заграз у фэйкавых навінах

Стужка навінаў Facebook уладкаваная такім чынам, што карыстальнікі, акрамя запісаў сваіх сяброў, бачаць яшчэ і шмат навінаў. Але алгарытм не прадугледжваў праверку гэтых навінаў на сапраўднасць, і ў выніку стала з'яўляцца ўсё больш фэйкаў, якія суседнічалі з сур'ёзнымі матэрыяламі аўтарытэтных выданняў. 

Сацсетку пачалі абвінавачваць у тым, што фэйкавыя навіны пра ход выбараў, якія набіралі мільёны лайкаў і рэпостаў, паўплывалі на выбар амерыканцаў. Стваральнік і кіраўнік Facebook Марк Цукерберг назваў такія абвінавачванні беспадстаўнымі, але паабяцаў, што несапраўдных навінаў у стужцы стане менш. 

5. Цукерберг выбачыўся перад карыстальнікамі, але акцыі імкліва падаюць, і набірае папулярнасць выдаленне акаўнтаў

21 сакавіка 2018 года Марк Цукерберг у інтэрв'ю тэлеканалу CNN выбачыўся перад карыстальнікамі сацсеткі за тое, што дапусціў выкарыстанне іх дадзеных трэцімі асобамі ў карыслівых мэтах. Паводле яго словаў, кампанія ўжо распрацавала комплексны план, які скароціць аб'ём дадзеных, даступных для іншых распрацоўшчыкаў. 

«Цяпер наш абавязак заключаецца ў тым, каб гэта больш не паўтарылася», — падкрэсліў Цукерберг.

Між тым папулярнасць у інтэрнэце набірае хэштэг #deletefacebook — карыстальнікі заклікаюць адно аднаго выдаляць акаўнты ў знак пратэсту супраць неабароненасці сваіх дадзеных. 21 сакавіка 2018 года стваральнік мэсэнджара WhatsApp, які належыць Facebook з 2014 года, таксама парэкамендаваў сваім падпісчыкам перастаць карыстацца гэтай сацсеткай. У выніку хэштэг #deletefacebook ператварыўся ў маштабны флэшмоб.

Акцыі кампаніі падаюць ужо некалькі месяцаў, а яе стваральнік і акцыянер Марк Цукерберг, паводле рэйтынгу найбагацейшых людзей планеты па версіі Bloomberg, страціў адну пазіцыю ў рэйтынгу сусветных мільярдэраў, апусціўшыся на пятае месца.

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930