Знайсці
21.03.2018 / 11:3026РусŁacБел

Кошты на чыгунку ў Беларусі — адны з найніжэйшых у Еўропе. Але новыя цягнікі амаль не набываюцца

Піша Кастусь Шыталь.

Назіраю, як наш народ упарта хоча бачыць ва ўсім негатыў. Кошты на чыгуначныя квіткі ў Беларусі — адны з найніжэйшых у Еўропе (таннейшыя толькі ва Украіне і Малдове): электрычкай ці дызелем за 1 еўра можна праехаць 150 кіламетраў, за 2 еўра з капейкамі такую адлегласць можна праехаць хуткім цягніком. Кошты паднялі крыху, каб ледзь-ледзь падвысіць акупнасць — і людзі ў сацсетках і каментарах ужо наракаюць, абураюцца, што чыгунка з іх дзярэ.

А чыгунка не дзярэ, пасажыры плацяць невялікую частку ад рэальнага кошту перавозкі. Большасць выдаткаў на пасажырскія перавозкі Белчыгунка пакрывае за кошт прыбыткаў ад грузавога транзіту.

Але тых, хто ездзіць чыгункай, чакаюць горшыя навіны, чым падаражэнне квіткоў. З 2013 да 2017 года Беларуская чыгунка парэзала на металалом 24 дызель-цягнікі. І да 2020 года плануе парэзаць яшчэ 29.

Дызель-цягнік ДР1. Такія цягнікі абслугоўваюць большасць прыгарадных перавозак у Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях, аднак паступова спісваюцца праз старасць. Фота trainpix.org.

Электрацягнікі Беларуская чыгунка не рэжа, аднак колькасць электрыфікаваных участкаў на БЧ узрасла амаль на 300 кіламетраў (лініі Асіповічы — Гомель і Маладзечна — Гудагай). Неўзабаве электрыфікуюць яшчэ лінію Жлобін — Калінкавічы. Пры гэтым БЧ не купляла новыя электрацягнікі для прыгараднага руху на гэтых лініях. Каб абслужыць новыя лініі, скарацілі колькасць электрычак у мінскім вузле. Але мінскія электрычкі, якія прыйшлі ў Гомель і Гудагай, здолелі замяніць спісаныя дызель-цягнікі. Далей падобнага рэзерву для замены не будзе.

Дызель-цягнікі ДДБ1 на станцыі Крулеўшчына. У розных кутках Беларусі дызель-цягнікі забяспечваюць жыццёвыя патрэбы жыхароў правінцыі: танны і хуткі даезд да раённых і абласных цэнтраў. Фота Кастуся Шыталя.

Сучасны дызель-цягнік ДП3 польскай фірмы Pesa на станцыі Параф’янаў. Цягнік звязаў Мінск і Полацк за тры з паловай гадзіны, але праходзіць большасць станцый без прыпынку. Жыхары Параф’янава мусілі збіраць подпісы, каб пераканаць кіраўніцтва чыгункі дадаць новаму цягніку прыпынак у Параф’янаве. Фота Кастуся Шыталя.

За апошнія гады БЧ набыла ўсяго тры цягнікі для прыгарадных перавозак — гэта аднавагонныя цягнікі ДП1, прыпісаныя да дэпо Калінкавічы, якія абслугоўваюць маршруты Калінкавічы — Славечна і Калінкавічы — Хойнікі.

Праект «Гарадскія лініі» ў Мінску не бяром у разлік — цягнікі да Рудзенска і Заслаўя перанялі на сябе частку нагрузкі з рэгіянальных электрацягнікоў, аднак іх дабрадзействы абмежаваныя ваколіцамі Мінска.

БЧ не плануе да 2020 года набываць рухомы склад для прыгарадных перавозак. Гэта азначае, што будзе далейшае скарачэнне прыгарадных цягнікоў: і на гэты раз ужо не на лініях, якія прылягаюць да Мінска, а на Гомельшчыне, Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне: цягнікі ДР1, якія курсуюць там, маюць пайсці пад нож.

Тым часам Беларуская чыгунка робіць стаўку на набыццё сучаснага рухомага складу для міжгародніх перавозак: электрацягнікі Stadler і дызель-цягнікі Pesa, якія курсуюць на гэтак званых лініях бізнэс-класа паміж вялікімі гарадамі. У мінулыя гады было набыта 18 такіх цягнікоў, да 2020 года плануецца набыць яшчэ 12. Віцебск, Магілёў і Гародня атрымаюць нарэшце хуткую камунікацыю з Мінскам.

Аднак дабрадзействам хуткіх цягнікоў змогуць карыстацца толькі жыхары гарадоў, якія ляжаць пры галоўных чыгуначных магістралях. Ужо жыхарам мястэчак, такіх як Параф'янава ці Падсвілле, трэба адваёўваць з боем прыпынкі новых цягнікоў. А старых цягнікоў будзе меней, і там, дзе дызелі цяпер ходзяць 3—4 разы на суткі, колькасць рэйсаў можа скараціцца да двух. У сотні, нават тысячы населеных пунктаў Беларусі будзе цяжэй дабірацца.

Кастусь Шыталь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера