Знайсці
19.03.2018 / 14:36185РусŁacБел

«75 гадоў таму пад Расонамі латышскія карнікі спалілі жыўцом маю цётку і стрыечную сястру»

Піша Якуб Лапатка.

Юбілеі бываюць розныя. Нават жудасныя, ад якіх халодныя мурашкі бягуць па целе, а розумам гэта ўспрыняць цяжка. І віншаваць не хочацца нікога.

Я маю на ўвазе шэсце ветэранаў СС у Рызе, якое адбылося 16 сакавіка 2018 года. Гэта якраз той самы жудасны юбілей карнай аперацыі «Зімняе чараўніцтва» (operation Winterzauber), якая праводзілася з 15 лютага да 25 сакавіка 1943 года ў Дрысенскім (цяпер — Верхнядзвінскі), Асвейскім, Полацкім і Расонскім раёнах Беларусі, а таксама ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці.

Ударную сілу карнікаў — апроч украінскіх, літоўскіх ды эстонскіх паліцаяў — тады складалі восем батальёнаў латышскіх эсэсаўцаў.

Гэтая аперацыя вядома на Беларусі пад назвай «Асвейская трагедыя». Там было знішчана каля 12 тысяч чалавек. Асабліва вядомая расправа ў Росіцы, калі ў стайні спалілі амаль усіх жыхароў вёскі, 1528 чалавек.

Росіца была і ёсць двухканфесійнай вёскай. Каталіцкія святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч загінулі разам са сваімі прыхаджанамі. Карнікі адпусцілі абодвух святароў, аднак тыя не пакінулі сваіх землякоў. Адзін пайшоў з імі і загінуў у полымі стайні, другога карнікі застрэлілі за настойлівыя просьбы адпусціць дзяцей і жанчын. Абодва кананізаваныя папам Янам Паўлам Другім як святыя пакутнікі.

Значна меней вядомыя дзеянні карнікаў у Расонскім раёне. Тады было спалена болей за 260 хатаў, расстраляна і спалена жывымі 1254 чалавекі. З іх: мужчын ва ўзросце 14—70 гадоў — 216 чалавек, 815 жанчын і 214 дзяцей. Сярод іх былі і мая родная цётка Марыя Баранава (народжаная Лапатка), 33 гады, і яе трохгадовая дачка Людміла.

Усяго з маёй вёскі Аўсюкова ды суседняй вёскі Забор’е карнікі расстралялі 48 чалавек, а самі вёскі спалілі. У Аўсюкове пасля вайны засталося шэсць ці сем хатаў. У вёсцы Рэпішча ацалелі дзве хаты, у якіх пасля вайны жылі дзве сям’і — дзве ўдавы з дочкамі, усяго шэсць чалавек.

Вёску Баканіху напаткаў лёс Хатыні: 22 чалавекі расстралялі, 98 — спалілі ў пуні. Пералічваць назвы вёсак, колькасць ахвяр можна яшчэ доўга. Але я не даследчык, я ў дадзеным выпадку ўсяго толькі родзіч дзвюх забітых латышскімі карнікамі жанчын.

Дагэтуль я гадаю: якую небяспеку для Трэцяга райха і Латвіі ўяўлялі мае цётка і мая трохгадовая стрыечная сястра?

Якуб Лапатка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930