Знайсці
16.03.2018 / 16:0890РусŁacБел

Пацярпелы салдат: «Я сам папрасіў прапаршчыка ўдарыць мяне электрашокерам»

Фота: pixabay.com

Суд Барысаўскага раёна разглядае справу прапаршчыка Ігара Хішчанкі з 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Прапаршчыка вінавацяць у тым, што ён абражаў салдат словамі, перавышаў паўнамоцтвы, браў у салдат хабар. Нечакана амаль усе з 18 пацярпелых хлопцаў на судзе у адзін голас кажуць, што не лічаць усё гэта здзекамі.

Аляксей Шарлан: «Гэта ж не здзекі моцныя. Лепш адзін раз «лася» атрымаць, чым суткі у нарадзе».

Антон Прыбыткін: «Калі шчыра, мне ў нарадзе не падабалася, лепш атрымаць па ягадзіцах», — цытуе хлопцаў TUT.BY.

«Мяне не біла токам ніколі, таму мне стала цікава, як гэта»

Еўрарадыё гэта падалося вельмі дзіўным, журналісты адшукалі былога радавога Ш. якога прапаршчык нібыта ўдарыў… электрашокерам. Але якім было здзіўленне журналістаў, калі яны пачулі ад пацярпелага салдата такое:

— З шокерам — гэта я папрасіў.

Еўрарадыё: То бок вы самі папрасілі ўдарыць сябе электрашокерам?!

— Вось вы хочаце скочыць з парашутам, нырнуць у акіян з акуламі? Так, гэта дзіка, што папрасіў. Але гэта як маленькае дзіця вывучае свет, яму ўсё цікава. Вось мяне не біла токам ніколі, мне стала цікава, як гэта. Зараз вы падумаеце, што я ненармальны.

У якасці доказаў прыводзім урывак з перапіскі.

Еўрарадыё: І як адчуванні ад шокера?

— Нічога страшнага, скарачэнне цягліц, кароткачасовы боль, секундны, нічога такога, што магло б мяне неяк траўмаваць.

«Для нас гэта не было чымсьці абразлівым або зневажальным»

Еўрарадыё: За што «атрымлівалі» салдаты? Што яны рабілі, што прапаршчык знаходзіў толькі такі радыкальны выхад — біць скручанымі газетамі?

— Можа, для вас дзіка, але, я б сказаў, у жартоўнай манеры гэта было. Не з нейкай нянавісцю. Радыкальны метад? Не, канечне, паўтаруся гэта было без нянавісці. Метады ёсць іншыя, напрыклад, цябе паставяць у нарад, але лепш я па дупе газетай атрымаю, чым пайду ў нарад. Большасць таварышаў па службе не бачылі ў гэтым нічога жорсткага.

Еўрарадыё: Чаму за правіннасці прапаршчык не адпраўляў у нарады, а біў?

— Ды гэта не было збіццём! Ну вось глядзіце: калі прапаршчыка яшчэ не пад вартай трымалі, мы былі на вочнай стаўцы і пасля яе спакойна выйшлі пакурыць, спакойна з ім размаўлялі. Для нас гэта не было чымсьці абразлівым або зневажальным.

Еўрарадыё: Але некаторыя салдаты былі незадаволеныя…

— Крыўдачкі з павышаным адчуваннем уласнай велічы. Ну хто некаторыя? Я нават не магу ўявіць, хто. Толькі аднаго чалавека ці двух.

Еўрарадыё: Скажыце, як вы наогул ставіцеся да гэтай сітуацыі? Калі абстрагавацца ад таго, што вы служылі. Прапаршчык б'е салдата. Вось такі факт.

— Недапушчальна, вядома. Але калі салдата біў прапаршчык і потым салдат нармальна з ім кантактуе, што тут не так? Правільна? Але гэты момант апускаюць.

«Маю мужчынскую годнасць прынізіла б ісці ў нарад праз суткі і мыць падлогі і прыбіральні ў казарме»

Еўрарадыё: Вы лічыце, што так у арміі і павінна быць?

— Не. Зразумела, што гэта няправільна.

Еўрарадыё: Чаму тады абараняеце прапаршчыка?

— Гэта не было лаянкай, збіццём і гэтак далей…

Еўрарадыё: Гэта не прыніжала вашую мужчынскую годнасць?

— Маю мужчынскую годнасць прынізіла б, дапусцім, ісці ў нарад праз суткі і мыць падлогі і прыбіральні ў казарме. У арміі няма дысцыпліны, усё, скончылася армія. Гэта было мерай выхавання. Вось вы атрымлівалі рэменя ў дзяцінстве ад мамы? А ў арміі няма маці. Усе, хто спрабуе ўсталяваць дысцыпліну, і ёсць твая мама на паўтара года.

Камусьці гэта складана зразумець, але не адзін я такое кажу. Лепш атрымаць па ягадзіцах газетай, груба кажучы, чым ісці мыць унітазы. Ставіў бы ён нас у нарады ў якасці пакарання — у мяне б дрэннае меркаванне пра яго склалася. А так, як бачыце, меркаванне станоўчае. Але з пункту гледжання закона і некаторых людзей гэта недапушчальна.

Еўрарадыё: Калі вашае дзіця калі-небудзь акажацца ў такой сітуацыі, вы таксама закрыеце вочы?

— «Трывала пераносіць усе нягоды і нястачы ваеннай службы, не шкадаваць сваёй крыві і самога жыцця пры выкананні воінскага абавязку» — гэта цытата з Дысцыплінарнага статута Узброеных сіл. А не бегчы скардзіцца бацьку, што крыўдзяць. Армія гартаваць павінная, а не рабіць соплі з людзей. У нас меркаванні разыходзяцца. У вас свая праўда — у мяне свая.

***

Нагадаем, што службоўцу Ігару Хішчанку выстаўленае абвінавачанне па ч.1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна), арт. 444 (абраза начальнікам падначаленага ў сувязі з выкананнем абавязкаў воінскай службы), ч. 1 арт. 455 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 455 (перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам), а таксама па ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 455 (замах на перавышэнне ўлады або паўнамоцтваў).

За абразу салдат яму пагражае арышт на некалькі месяцаў, за перавышэнне паўнамоцтваў ці хабар — ад 3 да 10 гадоў калоніі.

Справа Хішчанкі не звязаная са смерцю радавога Аляксандра Коржыча, але была заведзеная пасля праверкі ў Печах.

Анастасія Бойка, Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера