Знайсці
15.03.2018 / 16:3921РусŁacБел

Прафесар БДУ Снапкоўскі: БНР — гэта тэзіс, БССР — антытэзіс, а Рэспубліка Беларусь — гэта сінтэз

Заслужаны выкладчык БДУ, прафесар факультэта міжнародных адносін Уладзімір Снапкоўскі у рамках навуковай канферэнцыі да стагоддзя БНР расказаў «Нашай Ніве» пра эвалюцыю ўспрымання гэтай падзеі ў Беларусі.

Прафесар Снапкоўскі справа, фота sb.by

«Адлюстраванне БНР у савецкія часы было негатыўным, панаваў толькі класава-сацыяльны падыход і ацэнка, якую даў савецкі ўрад, — што гэта прадажніцкая рада. Мелася на ўвазе тэлеграма кайзеру, якая разглядалася як здрада Расіі. А ў сацыяльным плане гэта была здрада пралетарыяту. І вось гэтыя ацэнкі, фактычна, да канца 1980-х гадоў былі, — патлумачыў Снапкоўскі. — Калі ў тыя часы сур'ёзныя вучоныя спрабавалі глянуць на ролю БНР па-навуковаму, то ім заміналі гэтыя бетонныя ацэнкі наменклатуры. Сур'ёзных навуковых дыскусій не вялося».

«У сярэдзіне 1980-х, калі пачалі пераглядаць усе гістарычныя канцэпцыі, стала ясна, што БНР шукала магчымасці абаперціся на нейкую сілу, і што аб'ектамі гэтага пошуку, у тым ліку, былі і немцы — гэта рэальная палітыка. Зрэшты, Германія была самай значнай сілай у рэгіёне, якая падтрымала нашых суседзяў. Але немцы да нашых ідэй паставіліся скептычна. Аднак гэта не асноўнае — я пра тое, што ў першай палове 1990-х адбыўся моцны зрух у пераасэнсаванні ролі БНР, зняліся табу з гэтай тэмы, у школьных падручніках і ва ўніверсітэцкіх праграмах з'явіліся згадкі пра БНР». 

«Потым быў адкат на неасавецкія пазіцыі. І першай ахвярай гэтага адкату стала менавіта стаўленне да БНР, — працягвае прафесар. — Такія погляды панавалі недзе 10—15 гадоў, але цяпер я бачу паварот да рэалістычных, цвярозых ацэнак. У гэтым усім важную ролю адыграла супольнасць прафесійных гісторыкаў — яны разумелі, што значыць БНР для беларускай дзяржаўнасці. І гэта перадавалася праз пазіцыю кіраўніцтва Інстытута гісторыі, хаця пазіцыя часам была кампрамісная — яны спрабавалі прымірыць існуючую палітыку з пазіцыяй гісторыкаў, якая адлюстроўвалася ў манаграфіях. І тое, што мы назіраем у апошнія гады, — гэта ацэнка Усебеларускага з'езда. Прызнанне прэзідэнтам, прызнанне яго агульнага характару». 

«Я спадзяюся, што ацэнкі будуць паступова мяняцца ў бок рэалістычных, аб'ектыўных, патрыятычных. Паколькі БНР — гэта сапраўды першая спроба адраджэння беларускай дзяржаўнасці,

БНР — гэта тая ідэя, якая не цалкам рэалізавала дзяржаўнасць, але без яе не было б савецкай дзяржаўнасці ў форме БССР, ні сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Сучасную Беларусь я разглядаю як сінтэз: калі ўзяць гегелеўскую трыяду, то БНР — гэта тэзіс, БССР — антытэзіс, а Рэспубліка Беларусь — гэта сінтэз. Зразумела, што пакуль вельмі шмат савецкага, бээсэсэраўскага, але з часам роля тэзы будзе ўзмацняцца. Сінтэз будзе такім больш прапарцыйным, адлюстроўваць усё больш гістарычнай праўды», — падсумаваў прафесар.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930