Знайсці
15.03.2018 / 13:0746РусŁacБел

Марзалюк рэзка адказаў тым, хто спрабуе праводзіць паралелі паміж БНР і нацыстамі

У Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук 15 сакавіка пачала работу канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адным з тых, хто першым трымаў слова, стаў член-карэспандэнт Акадэміі навук, старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Ён расказаў пра новыя факты ў вывучэнні гісторыі БНР — дакументы знайшліся ў архівах спецслужбаў.

Дэпутат і навуковец Марзалюк лічыць БССР легітымным спадкаемцам БНР. 

«У 1925 годзе ў Берліне ўрад БНР склаў з сябе паўнамоцтвы і перадаў свой мандат ураду БССР — туды прыехаў Аляксандр Ульянаў [пасол СССР] і Зміцер Жылуновіч. Яны закляймілі ўсе астатнія цэнтры як варожыя, а абсалютная большасць дзеячаў БНР пераехала ў Беларусь і атрымала тут пасады: у Акадэміі навук ці ў наркаматах і стала працаваць на карысць краіны. Таму з 1925 года БССР дэ-юрэ з’яўляецца прамым і легітымным спадкаемцам ураду БНР. Гэта была шырока абвешчаная падзея: падыміце хоць падшыўкі «Савецкай Беларусі» за 1925 год. Зрэшты, на выставе пра БНР, што адкрылася ўчора, ляжыць пратакол з архіваў КДБ аб перадачы паўнамоцтваў — на ім праўкі рукой Цвікевіча! Гэта ключавы дакумент. Таму пасля 1925 года Васіль Захарка, які сам сябе абвесціў прэзідэнтам, быў прэзідэнтам усяго толькі Беларускай Рады — грамадскай арганізацыі па факце, любы можа такое стварыць».

Марзалюк рэзка адказаў тым, хто спрабуе скампраметаваць БНР уяўным супрацоўніцтвам з нацыстамі.

«Гэтая грамадская арганізацыя Захаркі вітала Адольфа Гітлера, дзякавала за вызваленне ад бальшавікоў 22 чэрвеня.

І калі прыпісваюць, што менавіта «рада БНР» была калабаранцкай арганізацыяй, гэта хлусня — ні прэм’ера, ні рады, ні ўрада БНР не было.

І калабаранты, у тым ліку Астроўскі, калі стваралі Беларускую цэнтральную раду, не апелявалі да БНР, бо выдатна ведалі, што ўраду больш няма. А пасля вайны ўжо зноў паўстала гэта пытанне, калі вялося змаганне за грантавыя грошы. Мікола Абрамчык падцягнуў Барыса Рагулю і іншых, сказаў, што, нібыта, яму Васіль Захарка і Ларыса Геніюш перадалі прэзідэнцтва ў спадчыну. У гэта нават большасць эмігрантаў не верыла. І дакументаў няма ніякіх. Фактычна гэта таксама была нейкая грамадская арганізацыя, якая чым займалася? Рэкрутаваннем беларускіх дыверсантаў для закідвання ў Налібоцкую пушчу, Янку Філістовіча, напрыклад. І за гэта яны атрымлівалі грошы ад ЗША. Словам, сённяшняя «Рада БНР» у Штатах ніякай легітымнасці не мае, гэта грамадская арганізацыя.

Вярнуся таксама трохі назад — не трэба абвінавачваць сёння прыхільнікаў палітычнага праекту «БССР». Мой асноўны тэзіс — не было там, сярод дзеячоў таго часу, дрэнных людзей. Усе яны хацелі стварыць беларускую дзяржаўнасць. Да рэвалюцыі не было ніякай дзяржаўнасці, у 1920 годзе, калі трэці раз аднавілі Беларусь у шасці паветах, Луцкевіч напісаў у сваім дзённіку: «Дзякаваць богу — маскоўскі цэнтралізм атрымаў канчатковую паразу, цяпер Беларусь будзе дакладна».

Зразумейце, для іх гэта было каласальнае дасягненне [БССР]. І крытыкаваць іх з пазіцыі ХХІ стагоддзя, што яны ў Савецкую Беларусь прыехалі… Ніхто не ведаў, у тым ліку кіраўніцтва Савецкай Беларусі, што будзе 1937 год.

І сёння пазіцыя дзяржаўных уладаў такая, што штуршком да з'яўлення сучаснага разумення беларускай нацыі стаў Усебеларускі з'езд, далей — БНР, потым — СССР, цяпер — Рэспубліка Беларусь».

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930